Вы тут

Узыходжанне Іосіфа Ходзькі. Размова з Уладзімірам Мкртычанам


Я веру, што калі мы навучымся чытаць уласную гісторыю па лёсах людзей, зможам лепш разабрацца ў тым, што такое Беларусь і хто мы ёсць. Якія моцныя людзі нараджаліся на нашай зямлі! Яны пакаралі свет сваімі ведамі, адкрыццямі, рашучасцю, адказнасцю... Чарговы раз у гэтым пераканалася падчас сустрэчы з чалавекам, што адкрыў для мяне яшчэ адно імя — геадэзіста Іосіфа (Язэпа) Ходзькі.

Дацэнт кафедры геадэзіі і аэракасмічных геатэхналогій БНТУ, кандыдат тэхнічных навук, інжынер-астраномагеадэзіст Уладзімір Мкртычан шмат гадоў прысвяціў вывучэнню і папулярызацыі гісторыі беларускай геадэзіі.


Памятная дошка, усталяваная да 220-годдзя з дня нараджэння Іосіфа Ходзькі ў аг. Крывічы.

Мой суразмоўнік родам з паўднёвай Грузіі. У 1976 годзе па размеркаванні трапіў у Беларусь, разлічваў адпрацаваць два гады. З тых часоў, як сам жартуе, так і адпрацоўвае. У Беларусі абзавёўся сям'ёй, сёння яго ўнук вучыцца ў беларускамоўнай школе. У яго жыцці было багата экспедыцый: Камчатка, Сахалін, Курылы, Сібір, Каракумы і мноства іншых. Але ён быў уражаны прыродай нашай краіны. І гісторыяй, бо нідзе не сустракаў зямлі, больш пакутлівай за Беларусь.

Даследаванні пачынаюцца са здзіўлення

— Было, пры выкананні геадэзічных работ ідзеш па лесе і раптам трапляеш на камень, а на ім напісана, што тут забіта і пахавана тысяча чалавек. Прайшоў далей — бачыш другі камень, дзе пазначана колькасць расстраляных, — згадвае Уладзімір Ваганавіч. Ён упэўнены, што нельга жыць у краіне і не ведаць яе мовы, гісторыі, культуры, традыцый. — Я не мог застацца ўбаку. Я не гісторык, не пісьменік, не журналіст, а звычайны геадэзіст, і тое знайшоў магчымасць настолькі вывучыць беларускую геадэзію, што гэта вылілася ў дзве кнігі, якія я выдаў, па гісторыі беларускай геадэзіі. Беларусь — зямля, што вырасціла многіх выдатных людзей. Колькі іх мы яшчэ не ведаем, ведаем недастаткова ці мала даследавалі!»

— А ці патрэбныя гэтыя веды для падрыхтоўкі будучых кадраў для навукі?

— Ніводная нацыянальная навука немагчымая без асвятлення вопыту тых людзей, якія шмат для яе зрабілі. Так, мы кажам пра высокі ўзровень беларускай геадэзіі. Без імёнаў, без біяграфій, без даследавнняў у дадзеным накірунку гэта толькі дэкларацыя. Апошняя кніга, якую я напісаў — «Іосіф Ходзька. Генерал. Геадэзіст. Чалавек». Наколькі гэта глыбінная асоба, з якой трагічнай біяграфіяй! Я студэнтам распавядаю і пра геадэзічную Дугу Струвэ, і пра біяграфію Ходзькі. Калі б вы ведалі, з якой цікавасцю яны слухаюць! З раскрытым ротам! На перапынак пасля званка не хочуць сыходзіць — каб больш даведацца. Сучаснай моладзі гісторыя Беларусі цікавая.

— Дзіўна, як даследаванні, зробленыя 200 гадоў таму, не супадаюць з сучаснымі ўсяго на пару сантыметраў. Як удалося дасягнуць такіх дакладных вымярэнняў, калі не было спадарожнікаў і складанага абсталявання?

— Як прафесійны геадэзіст магу сказаць, што гэта незразумела і спецыялістам. Тады работы выконваліся з дапамогай прымітыўных чатырохметровых жэзлаў. Маё меркаванне: сакрэт крыецца ў высокай культуры, адказнасці, дысцыпліне і адносінах да сваёй справы. І я захапляюся гэтай работай, якую мае калегі — сапраўдныя героі сваёй справы, здзейснілі 200 гадоў таму.

У 1999 годзе я працаваў кіраўніком рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства аэракасмічных метадаў геадэзіі «Белаэракосмагеадэзія», і мы пачалі пошукава-даследчыя работы па праграме ЮНЕСКА «Геадэзічная Дуга Струвэ». Я быў адказным выканальнікам Беларусі ў гэтым праекце. Мы правялі вялікія паспяховыя даследчыя работы і знайшлі з 31 пункта геадэзічнай Дугі Струвэ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь 19 пунктаў. Ніводная краіна, праз якую праходзіць геадэзічная дуга (а іх дзесяць: Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя, Расія, Эстонія, Латвія, Літва, Беларусь, Малдова, Украіна), такіх вынікаў не дасягнула. Мы паказалі высокі клас сучаснай беларускай геадэзіі. І тады, калі я стаў пісаць кнігу пра пошукава-даследчыя работы «Геадэзічная Дуга Струвэ. Шлях да сусветнага прызнання» (кніга была перакладзена на англійскую мову і стала даступная многім нашым партнёрам з-за мяжы), упершыню сутыкнуўся з імем Ходзька. Унёсак яго відавочны. Дуга Струвэ пачалася з сувязі градусных вымярэнняў, гэтую работу выканаў Іосіф Іванавіч Ходзька.

Ідэя нарадзілася на Беларусі

Геадэзічная Дуга Струвэ, гэтак жа як і Мірскі замак, з'яўляецца помнікам сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. А спытайце пра яе на вуліцы ў мінакоў — адзінкі будуць ведаць, што гэта такое.

Геадэзічная Дуга Струвэ ўзнікла выпадкова. На тэрыторыі Беларусі пасля Напалеонаўскіх войнаў усім стала зразумела, што ніводную ваенную кампанію выйграць немагчыма, не маючы дакладных тапаграфічных карт, а іх трэба ствараць на аснове дакладных геадэзічных сетак. І ўпершыню стварэнне такіх карт пачалі з заходніх рубяжоў Расійскай імперыі ў 1816 годзе пад кіраўніцтвам палкоўніка Карла Іванавіча Тэнера. На тэрыторыі Беларусі, развіваючы сеткі для стварэння дакладных тапаграфічных карт, па сваёй ініцыятыве ён праводзіў градусныя вымярэнні па мерыдыяне Віленскай абсерваторыі з мэтай удакладнення формы і памераў Зямлі.

У гэты ж перыяд у Ліфляндіі (тэрыторыя сучаснай Эстоніі) расійскі вучоны, астраном, геадэзіст Васіль Якаўлевіч Струвэ выконваў такія ж градусныя вымярэнні. Тэнеру прыйшла ідэя аб'яднаць гэтыя работы, каб атрымаць больш шырокія даныя — чым даўжэй градуснае вымярэнне, тым дакладней можна вывучаць параметры Зямлі. І гэтая ідэя прыйшла да яго на беларускай зямлі!

Пасля, дзякуючы аўтарытэту Струвэ, Дуга была падоўжана на поўнач да Паўночнага Ледавітага акіяна праз Фінляндыю, Швецыю і г. д. А Тэнер працягнуў гэтыя работы на поўдзень да Чорнага мора. І ў выніку грандыёзнага праекта ХІХ стагоддзя атрымалася самае доўгае ў свеце вымярэнне дугі мерыдыяна працягласцю ў амаль тры тысячы кіламетраў. Было закладзена больш за дзве сотні геадэзічных пунктаў. Дуга Струвэ прызнаная помнікам, які мае агульначалавечае і навуковае значэнне.

Беларускія вучоныя змаглі распрацаваць алгарытмы, каб знайсці 19 пунктаў геадэзічнай Дугі Струвэ, што было даволі няпроста. Час хаваў старыя пункты, даводзілася шукаць і пад зямлёй. Да таго ж нашы даследчыкі аказалі дапамогу малдаўскім калегам па пошуку такіх жа пунктаў на іх тэрыторыі.

— Я ўпэўнены, што Беларусь з'яўляецца радзімай геадэзічнай Дугі Струвэ. Тут Карлу Іванавічу Тэнеру ў галаву прыйшла геніяльная ідэя, — заўважае Уладзімір Ваганавіч. — На адной з міжнародных канферэнцый я выступіў з гэтым меркаваннем. Многія скрывіліся, але ніхто не ўступіў у палеміку са мной. Па сутнасці, уклад Беларусі быў прызнаны.

Шлях наверх

Калі Уладзімір Мкртычан пачаў вывучаць біяграфію Ходзькі, многія акалічнасці яго ўразілі. Уладзімір Ваганавіч вырас у Грузіі, у адной з вёсак, дзе была вялікая гара, на якой ён прападаў цэлымі днямі. Пазней у архівах знайшоў звесткі, што камень з насечкамі, на якім ён адпачываў у дзяцінстве на «сваёй» гары, — геадэзічны пункт, вызначаны Іосіфам Ходзькам.

Іосіф Іванавіч Ходзька родам з Крывіч (сёння Мядзельскі раён). Менавіта побач з Крывічамі быў першы геадэзічны пункт на тэрыторыі Беларусі, які давялося зафіксаваць Уладзіміру Ваганавічу.

— Канешне, гэта выпадковасць, хоць у глыбіні душы я думаю, што ёсць рэчы, якія мы не можам зразумець, растлумачыць, — прызнаецца мой суразмоўнік.

Іосіф Ходзька нарадзіўся 220 гадоў таму ў сям'і выдатнага педагога, пісьменніка, грамадскага і палітычнага дзеяча Яна Барэйкі-Ходзькі — чалавека неардынарнага, які ахвяраваў усім дзеля ідэі нацыянальна-вызваленчага руху і ў выніку памёр у нястачы... Дарэчы, кожны з Ходзькаў заслугоўвае асобнай увагі.

Іосіф нарадзіўся ў багатай, дружнай, глыбока рэлігійнай сям'і, атрымаў выдатнае дамашняе навучанне, паступіў ва ўніверсітэт у Вільні. Там сышоўся з Адамам Міцкевічам, уступіў у тайнае таварыства філаматаў, многія ўдзельнікі якога пасля былі пакараныя, адпраўлены ў выгнанне, у тым ліку і бацька Ходзькі — Ян Барэйка. Іосіфа ж ад ссылкі ці турмы выратоўвае Карл Тэнер, да якога таленавіты малады даследчык трапляе на службу.

У 1830 годзе, калі пачалося паўстанне, бацька Ходзькі і ўсе яго браты ўзялі ў ім актыўны ўдзел. Іосіфа паўстанцы планавалі назначыць ваенным камендантам Вільні, а ён у той час знаходзіўся ў шэрагах расійскай арміі. Паўстанне было падаўлена, многія рэпрэсіраваны, і, калі б не Тэнер, Ходзька таксама мог пацярпець. Тэнер тэрмінова накіроўвае яго ў Малдавію. Пасля Іосіф Іванавіч прыязджае на службу на Каўказ з задачай выканаць трыянгуляцыю краю. Для многіх аўтарытэтных ваенных і геадэзістаў гэта задача тады здавалася невыканальнай, і справа не толькі ў складаных фізіка-геаграфічных умовах. Гэта была зона ваенных дзеянняў.

— Трыянгуляцыя Закаўказскага краю — галоўнае дасягненне ў жыцці Ходзькі. Не буду казаць пра ўсе цяжкасці, якія былі. Але калі я чытаў, што ён рабіў як прафесійны геадэзіст, разумеў: калі б цяпер гэту задачу даручыць сучасным геадэзістам, якія маюць найноўшае абсталяванне, — паверце, калі яны яе і выканаюць, то з цяжкасцямі. Адным з галоўных дасягненняў праекта з'яўляецца выкананне геадэзічных вымярэнняў і ўзыходжанне на біблейскую гару Вялікі Арарат. Іосіф арганізаваў экспедыцыю ўжо ў чыне палкоўніка і ўзначаліў яе. Мне ўвесь час здавалася: навошта? У такім чыне можна было проста даць каманду падначаленым, але ён сам узнімаўся на гару, пяць сутак адзін быў на вяршыні. Выконваў геадэзічныя вымярэнні — і больш за тое, капаў на вяршыні глыбокую канаву. Не ўсе яго больш маладыя паплечнікі вытрымалі ўмовы той экспедыцыі. Так, яго памочнік, паручнік Павел Аляксандраў, пасля экспедыцыі памёр. Перад смерцю паклікаўшы дзяжурнага афіцэра, ён перадаў таму кавалак каменя з Арарата з просьбай захаваць як вялікую каштоўнасць. Я ўпэўнены, што Ходзька як глыбока веруючы чалавек на біблейскай гары шукаў сляды Ноева каўчэга.

Ходзька ўсё сваё жыццё ганарыўся гэтым узыходжаннем...

Моцны духам

— Некаторыя моманты з біяграфіі, якія я агучыў у кнізе, так і не змог растлумачыць ні чытачу, ні сабе. Будучы ў чыне генерала-лейтэнанта ў адстаўцы, ён падымаецца на Дэўдаракскі ледавік гары Казбек, таму што з гэтага ледавіка сыходзяць лавіны і перакрываюць Ваенна-Грузінскую дарогу. І геадэзічныя работы, каб разабрацца з гэтай праблемай, ён рабіў у 74-гадовым узросце. Вось які быў чалавек!

У многіх публікацыях, якія датычыліся Іосіфа Іванавіча, было пазначана, што ён пахаваны на Петрапаўлаўскіх могілках горада Тбілісі. У 2005 годзе, знаходзячыся ў гэтым горадзе на канферэнцыі, я вырашыў наведаць могілкі, каб знайсці пахаванне Ходзькі. Нічога адшукаць не ўдалося, а дырэктар могілак пацікавіўся, што гэта за выбітны чалавек, якога ўсе шукаюць. Аказалася, што напярэдадні ён атрымаў ліст з Літвы з просьбай знайсці могілкі «выдатнага літоўскага геадэзіста». І ўсё ж чый ён? Яго сваім вучоным лічаць і рускія, і грузіны, і армяне. І гэта добра! Ці не найлепшае прызнанне дасягненняў?

Спатрэбілася 15 гадоў пошукаў, і дзякуючы рабоце ў архівах, са старымі газетнымі публікацыямі, Уладзімір Мкртычан прыйшоў да высновы, што Ходзька быў пахаваны ў іншым месцы — на Кукійскіх каталіцкіх могілках на поўначы колішняга Тыфліса, і нават адшукаў яго магілу.

Калі возьмецеся чытаць біяграфію слыннага вучонага, хіба што зможаце знайсці, дзе ён пабываў і што зрабіў. І рызыкуеце ўпусціць вельмі важныя дэталі, якія характарызуюць гэтага чалавека. Ён даволі позна ажаніўся, не меў сваіх дзяцей. І разам з першай жонкай Стафаніяй узяў на выхаванне двух сірот. Акрамя таго, у іх сям'і жылі дзве сястры Стафаніі, якія аўдавелі, са сваімі дзецьмі, і яго родная сястра Сафія, якая таксама была ўдавой (пасля смерці Яна Ходзькі яна з дзецьмі засталася без сродкаў для існавання, і Іосіф забраў яе з Беларусі да сябе на Каўказ). Калі памерла Стафанія, Іосіф падзяліў сваю маёмасць, у тым ліку і грошы. Палову аддаў сёстрам Стафаніі…

Схема трыянгуляцыі Закаўказскага краю.

Іосіф ніколі не забываўся пра Радзіму. Калі ў паважным узросце ехаў лячыцца ў Карлавы Вары, яго шлях заўсёды пралягаў праз Беларусь...

Гэтай зімой на радзіме Іосіфа Ходзькі ў Крывічах была ўрачыста адкрыта прысвечаная яму мемарыяльная дошка, у гэты ж час адбылася і прэзентацыя кнігі пра сусветна вядомага вучонага. Уладзімір Мкртычан выказвае падзяку кіраўнікам Дзяржкамітэта па маёмасці Андрэю Гаеву і Дзмітрыю Матусевічу за падтрымку ў выданні і ўшанаванне памяці выдатнага даследчыка. Ён упэўнены, што на гэтым не варта спыняцца. У той час калі Ходзька рабіў трыянгуляцыю Каўказа, аналагічнай работай на поўначы Індыі займаўся англійскі геадэзіст — па выніках той работы самая высокая гара свету была названая імем апошняга. Хоць многія аўтарытэтныя вучоныя лічаць, што работы Ходзькі больш цэнныя, чым напрацоўкі Эверэста.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Узыходжанне Іосіфа Ходзькі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».