Вы тут

Ашуканцы атакуюць праз месенджары. Як захаваць свае грошы?


У апошні час у нашай краіне ўчасціліся выпадкі махлярства ў дачыненні да трымальнікаў банкаўскіх картак. У тым ліку зламыснікі выкарыстоўваюць папулярныя месенджары, каб звязвацца з кліентамі розных банкаў. Толькі з пачатку года ў Беларусі з боку Vіber было заблакавана больш за 3 000 акаўнтаў з прыкметамі махлярства, на якія паскардзіліся жыхары нашай краіны. У сувязі з гэтым спецыяльныя праграмы папярэджваюць сваіх карыстальнікаў аб рызыках і нагадваюць, як засцерагчы сябе ў выпадку зносін з ашуканцамі.


Часцей за ўсё ашуканцы тэлефануюць карыстальнікам з падробленых акаўнтаў розных банкаў і прадстаўляюцца іх супрацоўнікамі (вядомыя выпадкі, калі зламыснікі называлі сябе прадстаўнікамі Беларусбанка). Пры гэтым у якасці фатаграфіі такога акаўнта выкарыстоўваюць лагатып банка, а назва акаўнта ў месенджары ідэнтычная назве банка. У працэсе зносін зламыснікі рознымі шляхамі імкнуцца даведацца ў карыстальнікаў даныя іх банкаўскіх картак.

Кампанія Rakuten Vіber нагадвае, што катэгарычна нельга перадаваць суразмоўцам у месенджарах:

• даныя сваёй карткі: нумар, тэрмін дзеяння, CVV-код;

• любы PІN-код;

• лагін і пароль ад інтэрнэт-банкінгу;

• пароль 3D Secure;

• SMS-пароль.

Ні ў якім разе не варта раскрываць даныя вашай банкаўскай карткі, кім бы ні прадставіўся ваш суразмоўца: супрацоўнікам банка або прадстаўніком любых іншых арганізацый. У выпадку атрымання падобных званкоў у месенджары варта спыніць размову і патэлефанаваць па нумары, указаным на афіцыйным сайце вашага банка або на адваротным баку вашай банкаўскай карткі.

Вы таксама можаце адзначыць нумар тэлефона махляра як «Спам» у праграме. Для гэтага скарыстайцеся некалькімі рэкамендацыямі месенджараў. Спачатку адкрыйце дыялогавае акно з гэтым карыстальнікам. Зразумела, што адпраўніка няма ў вашым спісе кантактаў, таму праграма адразу ж прапануе вам функцыю «Дадаць у кантакты» — не рабіце гэтага. Для блакавання непажаданага карыстальніка вы можаце выбраць «Гэта спам» або «Заблакаваць»: яго акаўнт будзе заблакаваны ў абодвух выпадках. Пры пэўнай колькасці такіх адзнак карыстальнікаў аб тым, што профіль займаецца спам-рассылкай ці фэйк-званкамі, гэты карыстальнік будзе заблакаваны і не зможа больш нікога патурбаваць у месенджары.

Вы таксама можаце перадаць інфармацыю аб падробленым запісе ў службу падтрымкі. Для гэтага:

• зрабіце скрыншоты нумара тэлефона, пры дапамозе якога з вамі звязваўся зламыснік у Vіber;

• перайдзіце на сайт help.vіber.com/ru/contact;

• у адкрытым акне запоўніце форму зваротнай сувязі, расказаўшы аб праблеме і прымацаваўшы скрын.

Месенджары імкнуцца даць сваім карыстальнікам магчымасць для зручных і бяспечных зносін, дзе б яны ні знаходзіліся. Усе чаты Vіber абаронены скразным шыфраваннем па ўмаўчанні. Гэты спосаб перадачы даных мае на ўвазе, што толькі карыстальнікі, якія ўдзельнічаюць у зносінах, маюць доступ да кантэнту. Ключы шыфравання захоўваюцца ў тэлефоне карыстальніка і ніхто старонні не можа атрымаць да іх доступ. Vіber таксама не захоўвае кантэнт на сваіх серверах — усе паведамленні пасля дастаўкі адрасату выдаляюцца.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?