Вы тут

Якую шкоду наносіць смартфон?


Як часта вы карыстаецеся сваім мабільным тэлефонам? Раз у дзень ці два? Мноства людзей практычна не выпускаюць мабільнікі з рук. Але ці толькі карысць прыносіць нам такі звыклы прадмет, як мабільны тэлефон? Пра гэта мы паразмаўлялі з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гурбаніджадам.


— Мабільны тэлефон настолькі шчыльна ўвайшоў у наша жыццё, што ўявіць сябе без яго немагчыма. Праз яго мы прызвычаіліся вырашаць многія рэчы. Нават некаторыя медыцынскія ўстановы звязваюцца са сваімі пацыентамі праз мабільныя тэлефоны, ці маецца кнопка SOS для аказання медыцынскай дапамогі. Ёсць мабільныя праграмы, якія дазваляюць адсочваць, ці выконвае хворы на COVІD-19 каранцін, — кажа ўрач. — Калі гадоў 30 таму мы мусілі браць з сабой у адпачынак фотаапарат, калькулятар, радыё, магнітафон і яшчэ шмат чаго, то сёння ўсе гэтыя функцыі выконвае мабільны тэлефон. Ён замяняе банкаўскія карты, ключы і іншыя прадметы. Але, натуральна, любая рэч — палка з двума канцамі. Са з'яўленнем мабільнага тэлефона з'явіліся і новыя праблемы.

Ім прысвечана шмат навуковых работ. У першую чаргу многіх хвалюе апраменьванне. Электрамагнітнае поле мабільнага тэлефона нават параўноўвалі з такім у мікрахвалевай печы, дзе ўсё смажыцца. Насамрэч электрамагнітнае поле мабільнага тэлефона нашмат меншае і не мае такога моцнага ўплыву. Але адна справа, калі мы за ўвесь дзень размаўляем сумарна паўгадзіны, і іншая справа, калі гэта некалькі гадзін. Можна сказаць, што такое доўгае ўздзеянне апраменьваннем тэарэтычна можа выклікаць нейкія змяненні галаўнога мозга. Тое, што гэта выклікае ракавыя захворванні галаўнога мозга, не даказана. Аднак ёсць пэўныя навуковыя работы, якія звязваюць доўгае выкарыстанне мабільнага тэлефона з утварэннем пухлін галаўнога мозга. Праўда, тут важна сказаць, што для таго, каб у галаўным мозгу ўтварылася пухліна, павінна сысціся шмат фактараў, у тым ліку вірусных, генетычных. Аднаго мабільнага тэлефона недастаткова.

— Ці ёсць шкода, калі ён ляжыць побач з падушкай падчас нашага сну?

— Калі ў нас няма неабходнасці размаўляць, лепш трымаць яго на адлегласці. Не выкарыстоўваць будзільнік мабільнага тэлефона і не класці яго на ноч побач. Таксама непажадана размаўляць па мабільным тэлефоне, калі ён стаіць на зарадцы — апраменьванне павялічваецца. Той факт, што ён змяншае выпрацоўку сперматазоідаў у мужчын, калі насіць тэлефон у кішэні штаноў, не даказаны.

— Як мабільны тэлефон уплывае на нашу постаць?

— Чым больш наша галава нахіляецца наперад, тым больш павялічваецца нагрузка на шыйны аддзел пазваночніка. Пры нахіле галавы на 15 градусаў нагрузка на пазваночнік складае прыкладна 12 кілаграмаў, на 30 — 18 кілаграмаў, а пры 60 градусах дасягае 27 кілаграмаў. А між іншым, нахіл у 60 градусаў — самая звыклая поза з мабільным. Адна справа, калі трэба завязаць шнуркі, і іншая, калі вы седзіце цэлую гадзіну ці некалькі, нахіліўшыся да мабільнага тэлефона — гледзіце кіно ці чытаеце сацыяльныя сеткі. Мала таго, што вялікая нагрузка ідзе на шыйны аддзел, дык з-за нязручнай позы парушаецца кровазварот шыйнага аддзелу пазваночніка. А доўгае парушэнне кровазвароту паскарае развіццё астэахандрозу, ідзе парушэнне сілкавання, расцягваюцца звязкі, і мы такім чынам заўчасна зношваем шыйны аддзел пазваночніка. Калі ён мог бы без праблем служыць нам гадоў 60—70, то тут болі пачынаюць з'яўляцца ў 30—40 гадоў і нават раней.

Таму лепш максімальна пазбягаць доўгага выкарыстання мабільнага тэлефона. Калі хочаце пасядзець у інтэрнэце, паглядзець кіно, пагуляць, лепш не рабіць гэта праз мабільны тэлефон, а прыйсці дадому і ўключыць камп'ютар. Тут важна, каб манітор правільна стаяў перад вамі, тады ён не так моцна, як тэлефон, уплывае на зрок, шыя не нахіляецца ўніз. Зразумела, што не цярпіцца даглядзець серыял, але дачакайцеся, пакуль даедзеце дадому, і глядзіце лепш на вялікім экране камп'ютара ці тэлевізара. У камп'ютарныя гульні таксама ніхто 5—10 хвілін не гуляе, гэта паўгадзіны—гадзіна. І якая постаць будзе ў гэтага чалавека? Падлеткам і маладым людзям уласціва жыць сённяшнім днём, а не думаць, што будзе праз дзесяць гадоў. Таму адказнасць за іх здароўе ляжыць на бацьках.

Часта назіраю, калі маці ў чарзе да ўрача дае дзіцяці мабільны тэлефон, і яно сядзіць, ссутуліўшыся, галавой уніз. Для мамы гэта камфортна і зручна. Але ўявіце, якія ў гэтага дзіцяці будуць зрок і постаць. Натуральна, калі ў гэтым узросце з'явіцца кіфоз ці скрыўленне шыйнага аддзелу пазваночніка, гэта праблема да канца жыцця. Таму для дзіцяці павінен быць рэжым: выкарыстоўваеш тэлефон пэўную колькасць хвілін у дзень і не больш. Бацькам трэба сачыць за гэтым, пакуль арганізм расце і развіваецца, каб у будучым чалавек без мабільнага тэлефона не выглядаў так, як быццам бы ён у яго руках.

Калі дзіця павінна быць пастаянна на сувязі, то лепш набываць самы просты кнопачны тэлефон. Важна растлумачыць дзіцяці, што нельга карыстацца мабільным тэлефонам, калі пераходзіш дарогу, бо трэба звяртаць увагу на тое, што адбываецца на дарозе, а не ў мабільным тэлефоне. Асобная тэма — вучыцца дзецям і падлеткам кантактаваць у рэальным, а не віртуальным свеце і сацсетках.

— Якія яшчэ праблемы звязаны з выкарыстаннем мабільнага тэлефона?

— Адна з іх — з вестыбулярным апаратам. Гэта частка ўнутранага вуха, якая ўспрымае змяненні становішча галавы і цела ў прасторы і напрамкі руху цела, папросту кажучы, арыентуе нас у прасторы. Калі мы рухаемся ў ліфце, сценкі ліфта ні наверх, ні ўніз не едуць, але мы адчуваем, куды рухаецца ліфт. Калі паназіраеш, як студэнты выходзяць з будынка ўніверсітэта, заўважыш, што многія ідуць, утаропіўшыся ў тэлефон. Такая хадзьба выклікае галавакружэнне і млоснасць. Калі гэта зіма і галалёд, то гэта яшчэ і праблемы, звязаныя з атрыманнем траўмаў.

Яшчэ адна праблема — парушэнне біярытмаў нашага арганізма — дзённага і начнога рэжымаў. Нягледзячы на тое, што ёсць розныя праграмы, якія ўначы прыглушаюць колер на экране, некаторыя вучоныя лічаць, што сам мабільны тэлефон мяняе біярытмы. А гэта парушэнне сну і работы галаўнога мозга, ператамленне, дэпрэсія. Таму калі мы хочам пачытаць перад сном, замест мабільнага тэлефона лепш выкарыстоўваць электронную кнігу. Яна не так моцна напружвае вочы, бо мае эфект паперы, і не парушае біярытмы.

Наступная праблема — з рукамі. У артапедыі лічыцца, што стэназуючы лігаментыт і тэндавагініт сустракаюцца ў дачнікаў і піяністаў, таксама іх могуць выклікаць гаджэты, у прыватнасці, мабільны тэлефон. Пры лігаментыце вялікі палец пачынае шчоўкаць, як каробка перадач, тэндавагініт — запаленне сухажылляў. Нашы рукі больш разлічаны на хапальныя рухі, а не на ратацыю. Доўгае выкарыстанне мабільнага тэлефона, перапіска, гартанне старонак можа прыводзіць да хранізацыі захворвання і частага абвастрэння.

У медыцыне пастаянна даводзіцца ваяваць з бактэрыямі і мікраарганізмамі. Многія нашы хваробы ад таго, што яны трапляюць у арганізм. Таму мы мыем рукі перад ужываннем ежы, а вось мабільны тэлефон звычайна не апрацоўваем і не мыем. Гэта тэхнічна складана, ды і многія баяцца гэта рабіць, бо аддалі за яго вялікія грошы. Па некаторых даных мабільны тэлефон, калі яго не праціраць, у восем-дзесяць разоў бруднейшы за ўнітаз. Атрымліваецца, што перад абедам мы мыем рукі, потым звоніць тэлефон, мы размаўляем — пасля зноў узялі хлеб і працягваем абедаць. Асабліва гэта характэрна для дзяцей і падлеткаў, якія часта не выпускаюць мабільны тэлефон з рук. Павялічваецца колькасць інфекцыйных хвароб, якія перадаюцца праз брудныя рукі ў страўнікава-кішачны тракт.

Натуральна, калі мы падносім да твару мабільны тэлефон, прыкладваем яго да шчакі некалькі разоў за дзень, павялічваецца верагоднасць утварэння прышчыкаў і інфекцыйных захворванняў скуры, прычым дзіцячая скура больш уразлівая. Гэтыя небяспекі таксама трэба мець на ўвазе, асабліва цяпер, калі распаўсюджваецца каранавірус.

— Ці ёсць дадатковая небяспека для цяжарных жанчын?

— Цяжарнасць — вялікае выпрабаванне для пазваночніка жанчыны. Калі дадаць нагрузку на шыйны аддзел, пасля родаў будзе праблема не толькі з паяснічным, але і з шыйным аддзелам. Увесь гэты час пазваночнік больш уразлівы, бо дзіця забірае ў мамы кальцый, і пасля кожнай цяжарнасці шкілет становіцца больш крохкім. Акрамя таго, у першыя тры месяцы цяжарнасці лічыцца, што дзіця менш абаронена, напрыклад, у першым трыместры не прызначаюць пэўныя групы прэпаратаў. Улічваючы апраменьванне, многія ўрачы не рэкамендуюць, каб мама трымала ў кішэні побач з жыватом мабільны тэлефон, спала з ім, увогуле раяць, каб менш мела з ім кантактаў.

Адзін пацыент у мяне спытаў: што рабіць, каб менш спаць, бо жыццё кароткае і хочацца ўсё паспець. Сон нам неабходны — адбываецца перазагрузка і аднаўленне нервовай сістэмы. І калі чалавек некалькі дзён не спіць, ён можа загінуць. А колькі гадзін штодзень мы праводзім у мабільным тэлефоне? Гэта пустыя затраты часу: гульні, інтэрнэт, сацыяльныя сеткі. І яго можна патраціць на сваё развіццё, навучанне, а не на непатрэбныя нам рэчы. Тэлефон насамрэч неабходны толькі для таго, каб падзяліцца і атрымаць пэўную інфармацыю — і ўсё.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.