Вы тут

«У той дзень з нашай вёскі ўратавалася дзевяць чалавек»


Падчас апошняй (дай бог) вайны гітлераўцы спалілі і разбурылі 209 беларускіх гарадоў, знішчылі больш за дзевяць тысяч населеных пунктаў, у тым ліку — 628 разам з людзьмі.

Сярод такіх паселішчаў і вёска Ельна былога Ленінскага раёна Палескай вобласці, знішчаная зімой 1943-га. Даўным-даўно, як здавалася б, 78 гадоў прайшло, аднак (як паведаміў мне случчанін Фёдар Аляксандравіч Гатчэня) у вёсцы Палосцевічы, дзякаваць богу, жыве яшчэ сведка тых страшных падзей.


Ганна Міхайлаўна Таболіч нарадзілася 92 гады таму, пры панскай Польшчы, у сям'і, дзе было дзявяцёра дзяцей, праўда, трое з іх памерлі малымі... Расказвае, што вучылася ў польскай школе, што добра помніць верасень 1939-га, прыход Чырвонай арміі і, вядома ж, пачатак вайны.

— Дарогі былі не тое, што цяпер, — гаворыць Ганна Міхайлаўна. — Тады — летам і зімой да Ельна яшчэ можна было дабрацца, а вясной і восенню амаль немагчыма. Вёска была партызанскай. Шмат нашых хлопцаў і маладых мужчын падаліся ў атрады, і — калі разведчыкі, калі падрыўнікі з атрада Камарова (гэта падпольная клічка Васіля Каржа) — часта завітвалі да жыхароў, праз Ельна хадзілі на чыгунку Лунінец — Жыткавічы — Гомель...

Аб гэтым, напэўна ж, ведалі немцы, таму над намі ўсё больш навісалі хмары, вёску разам з людзьмі хацелі спаліць. Першы раз гэта не ўдалося, жыхары паспелі ўцячы ў лес. Другі — немцы з паліцаямі прыйшлі з боку хутара Моршчына, спалілі яго, хутаран забралі з сабой. Адну жанчыну, якая ўцякала ў бок Ельна, дагналі і застрэлілі.

Пачуўшы гэтую стральбу, нашы людзі, што заставаліся ў вёсцы (бо многія перабраліся на хутар Вялікая Ніва, а на свае падворкі прыходзілі толькі даглядаць гаспадарку), зноў схаваліся ў лесе...

А яшчэ да гэтага Міхаіла Касцюкевіча, што ў нас быў абраны старастам, выклікалі ў раён да каменданта і загадалі, каб людзі заставаліся ў вёсцы. Сказалі, што ім нічога не пагражае, што нямецкія ўлады хочуць проста сабраць падаткі і ўсё.

Праз дзень, — працягвае Ганна Міхайлаўна, — у нашай вёсцы з'явілася група з сямі партызан, узброеных вінтоўкамі, аўтаматамі і кулямётам. У Ельне яны пражылі з тыдзень. А неяк студзеньскім ранкам карнікі (нямецкія салдаты і старобінская паліцыя) мінулі нашу вясковую варту, якая знаходзілася на Тарасавым хутары, і ўвайшлі ў Ельна. Партызаны ў іх бок зрабілі два выстралы, а далей...

У хату, помню, забягае тата, крычыць, каб я хутчэй апраналася-абувалася. Не расказаць, каласок, — працягвае Ганна Міхайлаўна, — як мы з татам уцякалі ад немцаў, як беглі праз свой агарод да лесу! Снегу шмат было, гурбаны вялікія. Я спатыкалася, падала, згубіла свой абутак, але зноў падымалася і бегла па снезе, бо ззаду па нас з татам стралялі паліцаі, яны, здавалася, ужо даганяюць... Але ж мы дабеглі-такі да лесу, паспелі схавацца.

Каб я не памарозіла ногі, тата ў час перадыху адарваў рукавы ад свайго кажуха, надзеў мне на ногі замест згубленых лапцей і падвязаў аборкамі...

Мы потым даведаліся, што з вёскі ў той дзень уратавалася толькі дзевяць чалавек. Астатніх жыхароў — старых, маладых, дзяцей — сагналі ў вялікі дом Антона Бахановіча і спалілі жывымі. Тых, хто ўцякаў, застрэлілі, а перад гэтым вёску абрабавалі — пазабіралі жывёлу, лепшыя рэчы...

Мы з бацькам дабраліся да хутара Вялікая Ніва. Там да вайны чатыры хаты стаяла і там нас сустрэла мама з маёй сястрой Кацяй і братам Іванам.

Пасля Перамогі наша спаленая вёска адрадзілася. Тата працаваў майстрам у лясгасе, пабудаваў невялікую хаціну, дзе мы і жылі. Я выйшла замуж, нарадзіла трох сыноў, Васіля, Мікалая і Вячаслава, ёсць тры ўнукі і адзін праўнук. Вось так і жыву.

...Аповед Ганны Міхайлаўны, апошняй з жывых сведак, варта дапоўніць успамінамі яшчэ аднаго жыхара Ельна Аляксея Іванавіча Драгуна (кніга «Памяць. Жыткавіцкі раён»). Былы партызан атрада імя Панамарэнкі расказвае, што немцы каля іх вёскі з'явіліся студзеньскім марозным днём з боку дарогі, што вяла ў Мікашэвічы. Што нехта з партызанаў-разведчыкаў, якія ў той час знаходзіліся ў Ельне, сапраўды стрэліў у бок карнікаў, пасля чаго група партызанаў адышла ў лес, а немцы сталі зганяць людзей у адзін вялікі дом. Каля дзвярэй яго паставілі кулямёт, і ўсіх, хто імкнуўся ўцячы, расстрэльвалі на месцы. Тых, хто выскокваў праз акно, забівалі прыкладамі ці стралялі з вінтовак. Потым хату падпалілі... Падчас карнай аперацыі 1943 года не стала 112 чалавек.

...І яшчэ некалькі лічбаў: да вайны ў Ельне была 41 хата, пражываў 151 жыхар. На 1 студзеня 2021 года там, паводле даных сельвыканкама, 11 дамоў і 15 жыхароў.

Васіль ЦІШКЕВІЧ, навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея, г. Слуцк

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.