Вы тут

Як вайскоўцы на захопленым нямецкім аўтамабілі прарываліся да партызанаў і выратавалі людзей ад расстрэлу


Наш даўні сябар — жыхар Вялікай Бераставіцы — Міхаіл Маскальчук даслаў нам чарговы цікавы аповед, які быў запісаны са слоў бацькі Міхаіла, Васіля Маскальчука. З яго мы даведаліся, як два вайскоўцы Чырвонай Арміі, якія выходзілі з акружэння, выратавалі ад расстрэлу мірных жыхароў і двух камандзіраў, а пасля трапілі ў партызанскі атрад.


— Усе партызаны ў нашым баявым 132-м атрадзе 130-й брыгады Палескага злучэння ў нядаўнім мінулым у асноўным былі байцамі і камандзірамі Чырвонай Арміі, якія выйшлі з акружэння пасля цяжкіх баёў або збеглі з палону. Яны разумелі, што да сваіх часцей, якія ў гэты час ваююць далёка на ўсходзе, яны прарвацца не здолеюць. Адзінае, што заставалася, — біцца з ворагам тут, у бяскрайніх беларускіх лясах.

Атрад быў створаны ў верасні 1941 года. Ля вытокаў яго арганізацыі стаялі палітрук танкавых войскаў Аляксей Тарасаў, камандзір узвода лейтэнант Рыгор Кравец, камандзір кулямётнага ўзвода сяржант Сумбат Арзуманян. Да лістапада 1941 года ў атрадзе было больш за пяцьдзясят добра ўзброеных байцоў. У нас было шмат савецкай і трафейнай зброі — аўтаматы, кулямёты, вінтоўкі...

Я са сваімі сябрамі Мікалаем Чартковым, Канстанцінам Міхаленем і Аляксандрам Гаўрыловічам уступілі ў гэты атрад улетку 1942 года. Нас прымалі ў вёсцы Грабаў Петрыкаўскага раёна тагачаснай Палескай вобласці. Хваляваліся: а раптам не возьмуць? Калі хто прыходзіў без зброі, таго ж адразу адпраўлялі дадому. Нам пашанцавала — у нас былі гранаты РГД-33, дзве вінтоўкі Мосіна і нават нямецкі кулямёт. Таму прынялі, нягледзячы на маладосць.

— Сцяпан, адвядзі хлопцаў на кухню, няхай іх там добра накормяць, — звярнуўся да вартавога Рыгор Кравец.

Кухня часова знаходзілася ў прасторнай вясковай хаце. З коміна весела курыўся дымок, а з боку хаты даносіўся пах баршчу. Калі ж мы зайшлі ў хату, то аслупянелі. Каля печы завіхаліся дзве прыгожыя дзяўчыны нашага ўзросту і адна крыху старэйшая. Усе яны былі апрануты ў ваенную форму.

Калі ж мы пачалі есці, то пачулі, што да дома пад'язджае машына. Я зірнуў у акно і здранцвеў: тарахцеў нямецкі грузавік.

— Не хвалюйцеся, — прамовіла адна з дзяўчат. — Гэта наш трафейны грузавік прывёз прадукты.

У хату, прыгнуўшыся ў праёме дзвярэй, увайшоў велізарны баец са знакамі адрознення старшыны.

— Бася, прымай прадукты, — звярнуўся ён да старшай паварыхі. І дадаў, абняўшы дзяўчат. — Ну, як вы, не крыўдзяць вас тут? Калі што, кажыце, я хутка разбяруся!

Мы паелі, дапамаглі разгрузіць машыну. Затым Сцяпан павёў нас знаёміцца з байцамі нашага ўзвода. Па дарозе мы папрасілі яго расказаць пра дзяўчат са сталовай, старшыну і тое, як трапіла ў атрад нямецкая машына.

— Гэта дзіўная гісторыя, у яе цяжка паверыць, але факты ёсць і ад іх нікуды не дзенешся, — вымавіў Сцяпан і, прысеўшы на павалены ствол сасны, пачаў расказваць.

...Фёдар перад вайной служыў на Далёкім Усходзе, на самай мяжы з Маньчжурыяй, якую тады захапілі японцы. Дзякуючы гэтаму ён навучыўся японскім адзінаборствам, рукапашнаму бою. Да таго ж умеў вадзіць розныя аўтамабілі.

Пачатак вайны Фёдар сустрэў у Беларусі. Яго часць вяла цяжкія баі ў раёне Слуцка, Старых Дарог, Глуска. Двойчы траплялі ў акружэнне. Ратаваліся толькі дзякуючым бяскрайнім беларускім лясам.

Часць мела загад — асобнымі групамі прарывацца на ўсход, але выканаць яго было нерэальна. Неўзабаве з Фёдарам застаўся толькі лейтэнант-перакладчык Іван з разведкі стралковага палка.

...Фёдар з Іванам стаіліся ў густым хмызняку. Па шашы непадалёк бесперапынна ішлі на ўсход нямецкія аўтамабілі. Дарога ўзмоцнена ахоўвалася.

— Пераходзіць дарогу будзем на досвітку, калі паток машын прыкметна зніжаецца. І рушым у напрамку Мазыра, на поўдзень, — сказаў Фёдар. Ён меркаваў, што недзе там ішла лінія фронту. Але надзеі былі марныя. Уначы паток транспарту не слабеў.

А чацвёртай раніцы рух на дарозе крыху спаў. На ўзбочыне, якраз насупраць сяброў, спыніўся грузавік, крыты тэнтам. З кабіны вылез нямецкі обер-лейтэнант. Расшпільваючы на хаду рэмень штаноў, ён накіраваўся да хмызняку. Велізарны шафёр у форме яфрэйтара адкрыў капот і пачаў корпацца ў маторным адсеку.

— Іван, лепш не рухайся, — прашаптаў Фёдар. — Зараз займуся афіцэрам.

Велізарныя ногі ў брудных абмотках было апошнім, што ўбачыў немец. Тут жа Фёдар рабром далоні з усяе сілы ўдарыў па шыі немца. Той як нежывы зваліўся на мох.

— Іван, у тэмпе сюды, — прашаптаў Фёдар. — Распранай немца і апранай форму на сябе, а я займуся шафёрам.

Фёдар зірнуў з-за куста, на трасе было пуста. Падкраўшыся з тылу да машыны, Фёдар сцягнуў фашыста з буфера і, заціснуўшы рот далонню, пацягнуў яго ў кусты, дзе і закалоў.

Праз пару хвілін з лесу выходзілі обер-лейтэнант з парабелумам у чорнай кабуры і велізарны яфрэйтар са штык-нажом на поясе.

— Хутчэй едзем адсюль, пакуль ахова не знайшла трупы! — вымавіў Фёдар, сядаючы за руль грузавіка. Але праз пару кіламетраў машыну спыніў.

— Іван, тэрмінова правер дакументы. Трэба даведацца, якая місія ў гэтага обер-лейтэнанта. А я пагляджу свае, — вымавіў Фёдар, дастаючы з кішэні паперы.

— Гэты обер — снабжэнец з тылу. Тут у дакуменце штамп — аказваць гэтай асобе ўсялякае садзейнічанне, — прамовіў Іван, хаваючы дакументы.

— А я проста твой шафёр Курт Мілер. У выпадку чаго будзеш казаць, што я нямы. Дакладней, кантужаны рускай бомбай. Я ж па-нямецку ні бэ ні мя, толькі літары ведаю, — адказаў Фёдар, кранаючыся з месца.

Як толькі ўзнялося сонца, рух на дарозе аднавіўся ў абодва бакі. На машыну Фёдара ніхто не звяртаў увагі. Калі пад'ехала палявая кухня, калона спынілася. Фёдар, скарыстаўшыся момантам, залез у кузаў. Там аказаліся скрыні са зброяй, кансервы, шакалад...

Да машыны падышоў нямецкі афіцэр у чыне обер-лейтэнанта.

Іван прывітаў лейтэнанта, спытаў, ці хутка паедзем. — Бальшавікі зладзілі засаду на дарозе, спалілі некалькі нашых машын, але мы выклікалі самалёты. Хутка іх разгоняць, і мы рушым далей. У Глуску папоўнім запасы і рушым далей на ўсход, — сказаў афіцэр.

Наперадзе прыбралі завалы, якія ўтварылі спаленыя машыны, і калона рушыла далей. У Глуску, акрамя харчоў, узялі тры бочкі бензіну. У бардачку аўтамабіля ляжаў дакумент, колькі і чаго трэба атрымаць і ў якія часці даставіць. Але паўсюль была мітусня, усё пераблыталася, ніхто нікога не правяраў, таму што на месцы патрэбных часцей не было. Яны ці то адставалі, ці то пайшлі наперад. На іх месцы аказваліся зусім
іншыя, а СД і гестапа было мала, каб усіх дасканальна правяраць. Так мінула два дні.

— Што будзем рабіць, Іван? — спытаў Фёдар. — Я думаю, нам трэба вяртацца ў палескія лясы. Будзем партызаніць, фронт нам ужо не дагнаць, немцы паўсюль, пруць на Маскву.

— Ты маеш рацыю, зараз зручны момант, машыны ідуць у двух напрамках. Ніхто на нас не зверне ўвагі, — адказаў Іван. — Калі зменшыцца паток машын, разварочваемся і кіруемся ў любанскія лясы. Там засталося шмат байцоў з нашых часцей і палкоў.

Выбраўшы момант, Фёдар развярнуўся на бліжэйшым скрыжаванні і паехаў у зваротным напрамку. Па ўзбочынах нямецкія канваіры вялі сотні нашых палонных.

Заехалі ў Старыя Дарогі, там атрымалі яшчэ харчоў, патроны для аўтаматаў і вінтоўкі, заправілі напоўніцу бакі аўтамабіля.

Выехаўшы з горада, узялі напрамак на Любань. Раптам на дарозе ўбачылі чатырох фашыстаў з аўчаркамі і аднаго хлопца ў цывільнай вопратцы. Яны вялі шэсць дзяўчат і двух вайскоўцаў.

— Вядуць, гады, на расстрэл, — прагаварыў Фёдар. — Падрыхтуй сабе аўтамат да бою.

Абагнаўшы групу людзей, ён рэзка спыніўся. Іван, узвёўшы затвор аўтамата, выйшаў з кабіны.

— Вашы дакументы, — крыкнуў па-нямецку Іван. — І куды вы ведзяце гэтых людзей? Адказвайце хутка.

— Мы з ахоўнага батальёна вядзём іх расстрэльваць у кар'ер. Гэта не людзі, гэта юдэ-недачалавекі, — прамовіў эсэсавец, паказваючы дакументы і тыкаючы пальцам у спалоханых дзяўчат.

— А гэтыя двое хто? — спытаў Іван.

— А гэта палітрук і камісар, таксама падлягаюць неадкладнаму расстрэлу.

— Ты хто? — спытаў Іван, тыцнуўшы аўтаматам у грудзі маладому хлопцу з наганам на поясе.

— Я рускі, але служу Вялікай Германіі, гэта я паказаў, дзе схаваліся гэтыя камісары і юды, — растлумачыў ён.

— Гер афіцэр, спачатку можна пазабаўляцца з гэтымі дзяўчынкамі, а потым і ў яму, — угодліва лапатаў здраднік. — На ўсіх хопіць.

— Ты маладзец, за свае заслугі ты атрымаеш добры дом і карову! — паляпаў па плячы здрадніка Іван. — Вядзіце іх да кар'ера, а сабак пакуль прывяжыце да маёй машыны, яны толькі перашкаджаць будуць.

За 50 метраў ад дарогі за кустамі паказалася злавесная яма. Там ужо ляжалі расстраляныя людзі. Целы былі прысыпаны пяском.

— А ну, юды, хутка распранацца! — крычаў здраднік, каб дагадзіць немцам.

Гітлераўцы павесілі на сасну аўтаматы. Фёдар, не спяшаючыся, падышоў да іх і рэзкімі ўдарамі па горле паваліў на зямлю. Двое другіх паспелі схапіць аўтаматы, але Іван кароткай чаргой іх застрэліў.

Памагаты разгубіўся, прыціснуўся да сасны, забыў ад страху пра свой наган. Фёдар падышоў да яго, рэзка тузануў за галаву. Пачуўся хруст. Затым ён узняў яго і кінуў у яму са словамі «Вось табе, здраднік, карова і дом».

Давялося забіць і чатырох аўчарак, якія пагрозліва рычалі і не падпускалі да машыны, пабачыўшы, што няма іх гаспадароў...

Шасцёра дзяўчат залезлі ў кузаў, селі на скрыні з-пад зброі, палітрук з камісарам падрыхтавалі два кулямёты, дзясятак гранат і занялі пазіцыю каля задняга борта.

Рушылі ў дарогу. Насустрач ішлі дзясяткі нямецкіх машын. Калі паток парадзеў, Фёдар збочыў на лясную дарогу. Кіламетры праз тры спыніліся. Камандаванне на сябе ўзяў Іван.

— Нас нямала, разам з дзяўчатамі цэлая баявая адзінка. У выпадку чаго мы прымем бой. У нас ёсць зброя, — казаў ён усхвалявана. — А зараз камісару і палітруку трэба падрыхтаваць нямецкія аўтаматы да бою і раздаць іх дзяўчатам. Паскорана навучыць іх страляць. Яны зоймуць пазіцыю каля правага і левага бартоў, а вы, як і раней, паставіце кулямёты каля задняга борта. Усім надзець стальныя шлемы. Калі па дарозе сустрэнуцца немцы, Фёдар іх абгоніць і спыніцца. Калі тры разы пасігналіць — гэта прызыў да бою.

Калі ўсе занялі свае месцы ў машыне, Фёдар штык-нажом прарэзаў у брызенце па тры адтуліны вышэй за барты, каб дзяўчаты маглі страляць...

Кіламетраў праз пяць у лесе сустрэўся атрад гітлераўцаў, чалавек 40. Фёдар іх абагнаў і спыніўся, тройчы пасігналіў. Ваякі кінуліся да машыны, думаючы, што іх зараз падвязуць. Кулямёты дружна ўдарылі з задняга борта, немцы кінуліся ў лес, паабапал дарогі, але трапілі пад аўтаматныя стрэлы дзяўчат... Ніводны не сышоў адтуль. Падабраўшы зброю, паехалі далей. Непадалёк ад вёскі Вялікія Гарадзячыцы ў глухім лесе сустрэлі чырвонаармейцаў. На шчасце, абышлося без бою...

Тры дзяўчыны засталіся ў нашым атрадзе. Дзве працавалі на кухні, яшчэ адна — медсястрой. Івана і трох іншых дзяўчат перавялі ў штаб брыгады. Фёдар застаўся ў атрадзе каля машыны і выратаваных дзяўчат. Ён казаў, што яны нагадваюць яму яго дачок у далёкай Сібіры. Камісар і палітрук таксама засталіся ў нашай брыгадзе.

Вось такая дзіўная гісторыя, якая добра скончылася, адбылася ў пачатку вайны, — закончыў аповед наш праваднік Сцяпан...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на сераду (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на сераду (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Культура

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Тэма антысавецкага падполля падчас ВАВ — складаная тэма ў гісторыі.

Грамадства

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

 Яго знайшлі ў краінах Паўднёвай Афрыкі, у прыватнасці, у ПАР і Батсване.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.