Вы тут

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане


У гістарычным лёсе кожнага народа ёсць імёны вялікіх асветнікаў, зорнасць якіх навідавоку і праз стагоддзі. У беларусаў гэта — Францыск Скарына, паэты Якуб Колас і Янка Купала, класік беларускай нацыянальнай літаратуры XX стагоддзя Уладзімір Караткевіч. Ва ўзбекскім пантэоне легендарных асветнікаў асаблівае месца займае Алішэр Наваі. Юбілей вялікага паэта, 580-годдзе з дня яго нараджэння, Узбекістан, узбекістанцы адзначаюць і ў сябе на Радзіме, і па ўсім свеце. Да гэтай яркай асобы, асэнсавання яе месца ў сусветнай культуры спрычыніўся і наш суайчыннік — Дзмітрый РАДКЕВІЧ. Ён пагадзіўся адказаць на некаторыя пытанні «Звязды». А нагодай, акрамя іншага, стала яшчэ і нядаўняя паездка спадара Дзмітрыя ў Ташкент, дзе прайшлі Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана і ІV Міжнародны кангрэс Сусветнага таварыства па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана — падмурак новага Рэнесансу». Усе ўдзельнікі гэтай маштабнай падзеі — прадстаўнікі навукі і культуры — аднагалосна прынялі зварот да прэзідэнта краіны Шаўката Мірзіёева. Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана паднёс шмат сюрпрызаў удзельнікам, гасцям з-за мяжы і наведвальнікам. Аспірант Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, бакалаўр тэалогіі, магістр гістарычных навук, Старшыня Рады ўлемаў Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Радкевіч браў удзел літаральна ва ўсіх знакавых мерапрыемствах гэтага Тыдня культурнай спадчыны Узбекістана.


— Спадар Дзмітрый, вы зусім не выпадкова трапілі на свята нацыянальнай культуры, нацыянальнага асветніцтва Узбекістана... У сваёй творчай, навуковай рабоце вы праяўляеце надзвычайную цікавасць да культуры гэтай краіны...

— Так. Але ж хацелася б, паколькі я пад велізарным уражаннем ад паездкі, расказаць пра ўсё па парадку. Прайшло больш за месяц, а пачуцці перапаўняюць мяне.

Па-першае, падкрэслю, што мой візіт адбыўся ў межах Тыдня культурнай спадчыны Узбекістана і ІV Міжнароднага кангрэса Сусветнага таварыства па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана — падмурак новага Рэнесансу». За гэта вельмі ўдзячны амбасадзе Узбекістана ў Беларусі, дзе аддаюць асаблівую ўвагу разгортванню, пашырэнню беларуска-ўзбекскіх гуманітарных, культурных сувязяў. Такі падыход да дыпламатыі, такая культурная, народная дыпламатыя толькі спрыяюць сапраўднай дружбе паміж Беларуссю і Узбекістанам.

Галоўнай мэтай майго візіту было выступленне на міжнародным кангрэсе. Гэта ключавое мерапрыемства Тыдня стартавала 15 снежня 2020 года ў будынку Палаца моладзі. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі міжнародных арганізацый, звыш 300 замежных навукоўцаў больш чым з 40 краін свету, а таксама каля тысячы экспертаў і ўдзельнікаў з Узбекістана. Два першыя дні былі адведзены пад даклады замежных навукоўцаў, прысвечаныя раскрыццю каштоўнасці культурнай спадчыны Узбекістана.

Вядомыя ўсходазнаўцы падзяліліся яскравымі і нават сенсацыйнымі вынікамі сваіх шматгадовых даследаванняў пра ўклад найвялікшых мысліцеляў узбекскай зямлі ў развіццё сусветнай цывілізацыі, магутны ўсплёск навукова-культурнага ўздыму падчас Першага і Другога Рэнесансаў. Гэтыя вялікія этапы гісторыі культуры і навукі адбываліся прыблізна ў Х і XV стагоддзях, стаўшы ўнікальнымі перыядамі ў гісторыі ўсяго чалавецтва і спарадзіўшы атмасферу асветы, рэлігійнай талерантнасці і гуманізму. Вось і атрымліваецца, што цяпер ва Узбекістане за кошт надзвычайнай увагі да нацыянальнай культуры, вызначэння яе месца ў сусветным кантэксце рупяцца пра Трэці Рэнесанс...

— Кангрэс, наколькі я разумею, акрэсліў кантакты ўзбекскай культуры з культурамі народаў і краін Усходу, найперш — з культурамі краін Цэнтральнай Азіі?..

— Безумоўна. Немагчыма пераацаніць уклад Узбекістана і яго грамадства ў развіццё і захаванне культуры рэгіёна, ды і ўсяго свету. Упершыню, дарэчы, ініцыятыва па стварэнні адмысловага таварыства прагучала менавіта ў Ташкенце, у маі 2017-га на Міжнародным кангрэсе «Культурная спадчына Узбекістана — шлях да дыялогу паміж народамі і краінамі». Рашэнне аб стварэнні Сусветнага таварыства па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана было прынята ў рамках ІІ Міжнароднага кангрэса ў Санкт-Пецярбургу ў 2018 годзе. Гэтая арганізацыя садзейнічае міжнароднаму супрацоўніцтву самых розных дзяржаўных і грамадскіх структур, даследчыкаў, экспертаў, прадстаўнікоў навукі, медыясферы і іншай зацікаўленай грамадскасці ў галіне захавання, вывучэння і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана ў кантэксце сусветнай культуры. Гэта вельмі адказная і значная работа, і Узбекістан бліскуча яе выконвае. Тым больш што праблема захавання культуры набывае ў апошні час усё больш глабальны характар.

Цэлы раздзел работы ў межах гэтай важнай падзеі для жыцця краіны быў адведзены тэме захавання і аднаўлення культурнай спадчыны ўзбекскага народу, а таксама вывучэнню сусветнага досведу ў гэтым кірунку. За адносна невялікі тэрмін згаданая сфера істотным чынам змянілася, чаму спрыяла прыняцце і цэлага шэрагу пастаноў кіраўніка дзяржавы і ўрада, у якіх зацверджаны асноўныя змяненні, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці работы ўсіх датычных асоб і структур.

Краіна аддае вялікую ўвагу будаўніцтву падмурка Трэцяга Рэнесансу. Гэта новы крок да стварэння цывілізацыйных перадумоў для прагрэсу і росквіту ў рэгіёне. Імёны сотняў вялікіх навукоўцаў, якія ў Сярэднявеччы ззялі на небасхіле сусветнай думкі, цяпер адкрываюцца наноў праз якасныя пераклады іх твораў на нашу мову. Захаванне культурнай спадчыны — гэта свядомы клопат пра сваю Радзіму і культуру.

— І ўсё ж, на што вы, госць з Беларусі, звярнулі ўвагу ў сваім выступленні на кангрэсе?

— Маё выступленне было прысвечана захаванню памяці пра творчасць Алішэра Наваі ў Беларусі. Асобныя пераклады вершаў Наваі ў свой час зрабіў Васіль Жуковіч, яны выйшлі ў зборніку «Лірыка» ў 1993 годзе. Ведаю, што беларускі паэт ездзіў у Ташкент, знаёміўся з даследчыкамі творчасці Наваі. Летам 2019-га ў Мінску быў адкрыты бюст апошняму, створаны па праекце маладога беларускага скульптара Максіма Макарэвіча. Вядома, у маім выступленні быў зроблены акцэнт на перакладзе суфійскага трактата Наваі «Махбуб ул-кулуб». Словазлучэнне гэтае — з арабскай мовы і абазначае пэўны стан, калі на некага накіравана любоў (хуб) сэрцаў (кулуб). Таму назву я пераклаў выразам «Улюбёны сэрцаў». Сам трактат напісаны на стараўзбекскай (цюркскай) мове, перасыпанай персідскімі і арабскімі словамі і выразамі. На такой мове ў сучасным Узбекістане ніхто цяпер не размаўляе, але тады, у 1500 альбо 1501 годзе, гэта была новая, надзвычай нечаканая з'ява. Да таго ж цюркская мова тады лічылася недастаткова «гарадской» — нашмат больш увагі аддавалася тым самым персідскай і арабскай мовам. Таму творчасць Алішэра Наваі стала сапраўднай рэвалюцыяй у тагачасным культурным асяроддзі, уславіўшы на вякі імя паэта.

— Раскажыце, калі ласка, пра сам твор, пераклад якога, наколькі я ведаю, у хуткім часе выйдзе ў Беларусі асобнай кнігай...

— Трактат Наваі вельмі складаны ў плане мовы, але разам з тым вельмі даступны ў плане зместу. Структура твора трохчасткавая: першая — своеасаблівая галерэя характараў розных катэгорый людзей, другая — апісанне дзесяці ступеняў духоўнага росту, трэцяя — кароткія замалёўкі і заўвагі, якія так ці інакш звязаныя з асноўнай тэмай. У канцы мы далучылі слоўнік, у якім прывялі тлумачэнне ісламскіх і ўсходніх тэрмінаў, а таксама далі кароткія біяграфічныя звесткі пра згаданых у кнізе асоб.

— Не баяліся пачынаць такую складаную творчую работу?

— Яна была б немагчымая без атрымання належнай базы — вышэйшай гістарычнай і тэалагічнай адукацыі. Веды далі магчымасць зірнуць на тэкст не толькі як на помнік літаратуры, але і як на карысную для развіцця светапогляду і практычнага прымянення кнігу. Асобныя часткі з яе ўжо апублікаваныя ў часопісе «Байрам», які выдаецца сіламі Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь невялікім накладам. Чакаю з нецярпеннем і беларускую кнігу з трактатам. Яна выходзіць у мінскім выдавецтве «Белпрынт».

— Што вас яшчэ захапіла, уразіла на кангрэсе?

— Адным з цікавых знаёмстваў стала сустрэча з даследчыкам з Нью-Дэлі, спецыялістам Цэнтра персідскіх і цэнтральнаазіяцкіх даследаванняў: гэта — Сайед Накі Абас, які ўдзельнічаў у вывучэнні рукапіснай спадчыны Узбекістана, што захоўваецца ў Індыі. Таксама адбылася грунтоўная размова з загадчыкам аддзела даследаванняў і публікацый гістарычных дакументаў Інстытута ўсходазнаўства імя Абу Райхана Біруні Акадэміі навук Рэспублікі Узбекістан Санджарам Гуломавым. Яму ў падарунак былі перададзены нумары часопіса «Байрам», якія змяшчаюць фрагменты перакладу трактата Алішэра Наваі на беларускую мову.

— Што найбольш запомнілася з работы кангрэса?

— Кульмінацыйным момантам Тыдня культурнай спадчыны Узбекістана і ІV Міжнароднага кангрэса «Культурная спадчына Узбекістана — падмурак новага Рэнесансу» стала аднагалоснае прыняцце звароту ўдзельнікаў Сусветнага таварыства да Прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан Шаўката Мірзіёева. Ініцыятыва прагучала з боку навукоўцаў з Японіі, якія ўдзельнічалі ў рэжыме анлайн. Знаходзячыся ў будынку тамтэйшага Пасольства Узбекістана, аж 20 спецыялістаў падрыхтавалі праект звароту, які пасля падтрымалі члены праўлення і навуковага савета таварыства. У звароце яны падзякавалі кіраўніку рэспублікі за садзейнічанне ў рэалізацыі ініцыятывы аб перадачы дзесяці тысяч асобнікаў 35 тамоў кніг-альбомаў з серыі «Культурная спадчына Узбекістана ў зборах свету» бібліятэкам і навучальным установам іх краіны. Дзякуючы актыўнай рабоце сотняў усходазнаўцаў, у хуткім часе кнігі-альбомы аб культурнай спадчыне Узбекістана ў зборах музеяў і калекцыянераў Узбекістана, Расіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Турцыі, Чэхіі, Японіі і многіх іншых краін атрымаюць усе бібліятэкі, агульнаадукацыйныя школы і ВНУ Узбекістана. Варта падкрэсліць, што падтрымку ў гэтай справе аказвае ўрад краіны.

У звароце адзначаецца, што на ІV Міжнародным кангрэсе Сусветнага таварыства па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана прынята «дарожная карта» на 2021—2025 гады. На працягу найбліжэйшых пяці гадоў таварыства плануе рэалізацыю звыш сотні новых праектаў.

Навукоўцы свету высока ацанілі намаганні прэзідэнта Узбекістана па захаванні культурнай спадчыны краіны і адзначылі, што гатовыя і надалей рабіць свой уклад у развіццё і захаванне нацыянальнага культурнага здабытку гэтай краіны.

Такім чынам, чарговы Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана і ІV Міжнародны кангрэс Сусветнага таварыства па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана — падмурак новага Рэнесансу» не проста прайшлі паспяхова, але і адкрылі новую старонку ў гісторыі ўзбекскай нацыянальнай і сусветнай культуры. А гэта не значыць, што праца завершана. Наладжаныя кантакты, выслуханыя меркаванні. А гэта значыць, што наперадзе нас чакае яшчэ нямала маляўнічых і цікавых падзей, якія наблізяць гэтую краіну да новай эпохі Адраджэння — Трэцяга Рэнесансу.

— Відавочна, што паездка ў Ташкент вас вельмі захапіла...

— Асабіста ў мяне з'явіліся новыя стымулы ў вывучэнні, даследаванні культуры, літаратуры Узбекістана. Дзякуй амабасадзе Узбекістана за арганізацыю такой паездкі, дзякуй усім, хто спрыяе маім усходазнаўчым зацікаўленням!

Гутарыў Кастусь Лешніца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Ці прынята ў нас дарыць «мільён алых руж» каханай?

Грамадства

Чым прыцягвае чытачоў часопіс «Алеся»?

Чым прыцягвае чытачоў часопіс «Алеся»?

Размова з галоўным рэдактарам Ларысай Ракоўскай.

Грамадства

Анатомія мезальянсу. Чаму няроўныя шлюбы былі, ёсць, будуць?

Анатомія мезальянсу. Чаму няроўныя шлюбы былі, ёсць, будуць?

Любоўных гісторый, якія прыцягваюць павышаную ўвагу грамадства, нямала.

У свеце

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Людзі стаміліся ад лакдаўну і беспрацоўя і выходзяць на пратэсты, а надзея перамагчы пандэмію ўсеагульнай вакцынацыяй, падобна, растае на вачах: прэпараты па-ранейшаму недаступныя ўсім ахвотным і ў найбліжэйшы час сітуацыя наўрад ці зменіцца.