Вы тут

Sex-балясы. Імгненная карма


На жаль, усе мы крыўдзім адно аднаго... («Калі пчала некага джаліць, яна памірае. Вось бы і ў людзей так. Зрабіў гадасць — і ўсё...») Нехта выпадкова, хтосьці наўмысна. («Я не хацеў вас пакрыўдзіць. Проста выпадкова пашчасціла».) Бывае, па дробязі, здараецца, на ўсё жыццё. («Заўсёды рады! Але не тут. І не заўсёды. І не вам».) Кіраўніцтва раве на падначаленых. («— Як табе твой новы начальнік? — Строгі, але справядлівы: калі спачатку накрычыць, дык потым абавязкова знойдзе, за што».) Дзеці кпяць з таварышаў. («На ранішнік унук Алены Малышавай прыйшоў у касцюме тромба і спыніў карагод».) Сужэнцы могуць арганізаваць такі «канцэрт»... («Раўнівая жонка прачытала паведамленні мужа ў «Фэйсбуку» і «лайкнула» яго патэльняй».)


Я ўсё гэта да чаго? Усе ж чулі словазлучэнне «імгненная карма»? Гэтыя словы ўспрымаюцца як пакаранне, немінучае і вельмі хуткае па часе. («Мужык прыходзіць на работу з пластырам на лбе. Калегі ў яго пытаюцца: — Што здарылася? Той адказвае: — Жонка наліла баршчу, пачаў есці. Яна пытаецца, ці смачна. Я ў адказ: «Не, не смачна, а вельмі смачна!» Але не паспеў скончыць фразу».)

Вось адна з апошніх гісторый у тэму. Жыхар Омска ўстанавіў у сейфе пастку для мышэй, каб злавіць на крадзяжы сяброўку. («— Слухай, а ты давяраеш сваёй жонцы? — Ну так, мы ўжо два гады разам, быццам бы нічога не прапала».) Па версіі следства, калі 35-гадовая жанчына гасцявала ў мужчыны, яна ўпотай адчыніла гаспадарскі сейф і ўкрала адтуль грошы і залаты бранзалет. («— Ну і дзе зарплата? — Укралі... — У якой такой... кралі?») Мужчына выявіў прапажу і вырашыў пры дапамозе згаданай прылады выкрыць зладзюжку. Ён устанавіў яе ў сейфе і зноў запрасіў жанчыну ў госці. Потым зрабіў выгляд, што спіць, а тая ў чарговы раз залезла ў сейф. («Страшэнная жаночая помста: «Каб ты ведаў... Я зрабіла гэты бутэрброд без любові!!!») Натуральна, прылада тут жа спрацавала... У дачыненні да зламысніцы была заведзена крымінальная справа, ёй пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

А гісторыю пра амерыканскага пажарнага, які не стаў тушыць дом былой жонкі, спаслаўшыся на рашэнне суда, чулі? Джым і Хелен пражылі разам амаль 15 гадоў. («Трыццацігадовы шлюб скончыўся гэтак жа, як і пачаўся: ён ударыў яе партфелем па галаве».) Але потым каханне прайшло, жанчына падала на развод і адсудзіла ў мужа амаль усю маёмасць. («Запіска мужу: «Я на цябе пакрыўдзілася. Пайшла гуляць з тваёй банкаўскай карткай. Ужо амаль табе даравала».) Акрамя таго, суд прыняў рашэнне аб тым, што Джыму і ўсім членам яго сям'і нельга набліжацца да Хелен бліжэй, чым на 500 метраў. («— Тата, я толькі што выпадкова трапіў каменем у суседскі «Лексус»! — Адыдзі, хлопчык, я цябе не ведаю!») А ўжо праз тыдзень дом жанчыны загарэўся. Выклік прыняла каманда ранейшага мужа, начальніка пажарнай аховы, і выехала на адрас. Але... За 500 метраў да жылля машына з пажарнымі спынілася. («Ты мая пенка ў какаве. У маннай кашы камячок. У цёплай булцы разынкі. Ненавіджу, карацей».) Джым не стаў тушыць узгаранне, забараніўшы рабіць тое і сваёй камандзе. Пакуль жанчына выклікала новую машыну, дом згарэў. («Алег здагадаўся, што справы ў фірмы, дзе ён працаваў, пагоршыліся, калі начальнік папрасіў яго схадзіць да ракі і набраць вады для кулера...») Пацярпелая падала на Джыма ў суд, каб той кампенсаваў ёй страты, але прайграла яго! Мужчына нагадаў пра ранейшае рашэнне судовай інстанцыі не набліжацца ні яму, ні членам яго сям'і да Хелен. А яго «супрацоўнікі яму як родныя», таму ўсе яны не мелі права парушыць такі загад.

Ну, гэта яшчэ «кветачкі». Здараецца, такія «ягадкі» бываюць... Справа была зноў жа ў Амерыцы. Там падмануты жаніх адпомсціў нявесце прама падчас урачыстасці, раздаўшы кожнаму з трохсот гасцей (апроч непаўналетніх) канверты з доказамі яе здрады. («Мая жонка спытала, з якой колькасцю жанчын я спаў. Я горда адказаў, што толькі з ёй, а з астатнімі быў у прытомнасці. Гадзіны наведвання ў бальніцы — з 10 да 17».) Пасля папрасіў ускрыць іх. Унутры было па адной фатаграфіі. На ёй нявеста займалася сексам з сябрам жаніха... І гэты «сябра» таксама прысутнічаў сярод гасцей і, як і ўсе, атрымаў канверт. Аказалася, што малады чалавек яшчэ падчас развіцця стасункаў з дзяўчынай нешта западозрыў. («Як за паўтары хвіліны можна было зразумець, што я дрэнны каханак, а???») Каб развеяць сумненні, ён наняў прыватнага сышчыка. Апошні і зрабіў тую самую фатаграфію... Пасля «нямой сцэны» жаніх з усімі развітаўся: «Гэта не маё вяселле, я сыходжу». («Пасля кансультацыі ў псіхолага Іры ўдалося вярнуць мужа ў сям'ю. У сям'ю, дзе ён вырас».) Як той казаў, застаецца толькі пазайздросціць такім цярпенню і вытрымцы. Што ж, карма бывае не толькі імгненная. Помста, як сведчыць народная мудрасць, павінна падавацца халоднай...

Таму лепш за ўсё — скінуць нават саму магчымасць такой кармы за карму жыцця і ісці па ім правільным і шчырым курсам. («Памочнік кажа капітану карабля: — Па курсе судна — айсберг. Капітан: — Айсберг па курсе карабля? Неяк дарагавата будзе!») Як паказваюць вышэйзгаданыя прыклады, дрэнныя ўчынкі і паводзіны могуць дорага каштаваць. Таму рабіце толькі добрае!

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.