Вы тут

Як Гродзеншчына плануе пачаць першы год пяцігодкі і развівацца надалей


Як рэгіён плануе пачаць першы год пяцігодкі і развівацца надалей, расказаў «Звяздзе» намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віталь Нявера.


Згодна з праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, перад краінай стаяць даволі амбіцыйныя задачы. Гэта і значны рост ВУП, і рост інвестыцый, і нарошчванне экспарту, і павелічэнне даходаў насельніцтва. Гродзеншчына — не выключэнне.

Па выніках работы за мінулую пяцігодку рэгіён дасягнуў станоўчай дынамікі па большасці паказчыкаў, якія прадугледжаны праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця. Прамысловасць за мінулыя пяць гадоў прырасла на 13 %, сельская гаспадарка — на 14 %, валавы рэгіянальны прадукт павялічыўся на 5 %.

Мэта новай пяцігодкі — забяспечыць сацыяльную стабільнасць у грамадстве і дабрабыт грамадзян. Таму і эканоміка Гродзеншчыны на новую пяцігодку захавае сацыяльную скіраванасць. У бюджэце вобласці толькі сёлета амаль 68 % расходаў запланавана на сацыяльную сферу.

Як вядома, 2021-ы дае старт і новаму інвестыцыйнаму цыклу. На пяцігодку ў вобласці ставіцца задача рэалізаваць амаль 200 інвестпраектаў, большасць з якіх — вытворчыя.

— Сёлета рэгіёну прыйдзецца вырашаць задачы, скіраваныя на рост эканомікі, запуск новага інвестыцыйнага цыкла. Прадугледжана павелічэнне інвестыцый у асноўны капітал да 3,6 млрд рублёў. Першы год пяцігодкі пачынае фарміраваць базу, ад якой залежыць далейшы поспех. Пры гэтым арыенцір робіцца не на колькасць, а на якасць паказчыкаў, — зазначыў суразмоўнік.

Стаўка — на выпуск інавацыйнай, запатрабаванай прадукцыі, укараненне новых тэхналогій, стварэнне новых вытворчасцяў, якія павінны забяспечыць стабільны рух новага інвестыцыйнага цыкла. У яго аснове — 2-3 буйныя аб'екты па вобласці і, як мінімум, па адным праекце на раён. І ў рэгіёнаў на перспектыву ёсць такія праекты. Так, на 2021—2025 гады запланавана будаўніцтва новага азотнага комплексу «Гродна Азот», будаўніцтва завода па вытворчасці шкляной тары з выкарыстаннем інавацыйнай энергаэфектыўнай тэхналогіі Гродзенскім шклозаводам. Пачалося будаўніцтва дрэваапрацоўчага прадпрыемства ў Свіслацкім раёне, працягваецца развіццё дрэваапрацоўчага прадпрыемства ў Смаргонскім раёне.

У гэтым кірунку мяркуецца задзейнічаць усе рэгіёны вобласці. Галоўная ўвага будзе аддавацца Лідскаму раёну, дзе прадугледжана паскоранае развіццё. У Лідзе, напрыклад, плануецца стварыць вытворчасць па выпуску нестэрыльных лекавых сродкаў, прадпрыемства па гарачым ацынкаванні дробных вырабаў і іншыя праекты. Ёсць свае праекты і ў іншых раёнах. Гэта дазволіць пераразмеркаваць працоўныя рэсурсы.

На прад­пры­ем­стве «Ма­лоч­ны мір».

Па словах Віталя Няверы, асноўны прырост эканомікі плануецца атрымаць за кошт прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю і транспартных паслуг. Гродзеншчына даволі моцны сельскагаспадарчы рэгіён, тут вырабляецца 19 % харчовай прадукцыі краіны. Вось і на пяцігодку вобласць мяркуе нарошчваць свой патэнцыял у сельскагаспадарчай галіне. У першую чаргу, павысіць канкурэнтаздольнасць сельгаспрадпрыемстваў. Між тым укладзеныя дзяржавай інвестыцыі павінны працаваць і даваць аддачу. На пяцігодку стаіць задача забяспечыць рост валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі на 14 %, а ўзровень продажаў павялічыць да 2025 года не менш як на 10 %. І для такіх амбіцыйных планаў ёсць пэўныя падставы.

— На галіну традыцыйна робяцца высокія стаўкі. Таму і ў стартавы год пяцігодкі найважнейшай задачай развіцця сельскай гаспадаркі з'яўляецца павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, што дазволіць атрымаць больш прадукцыі як у раслінаводстве, так і жывёлагадоўлі, — зазначыў Віталь Нявера. — Мінулы год быў даволі паспяховы для аграрнага сектара эканомікі, парадаваў добрым ураджаем. Сёлета стаіць задача дасягнуць ураджайнасці збожжавых не ніжэй за 45 ц/га. Плануецца павялічыць вытворчасць цукровых буракоў амаль на 17 %, павялічыць аб'ёмы нарыхтоўкі кармоў, бульбы, садавіны і агародніны. У жывёлагадоўлі плануецца павялічыць на 200 кг надой на карову, што складзе 6,3 тысячы кілаграмаў, а гэта на 8 % вышэй чым летась.

Добрыя стартавыя ўмовы для паскоранага развіцця мае перапрацоўчая галіна. Укараненне сучасных рэцэптур і тэхналогій, пашырэнне асартыменту прадукцыі, выпуск прадукцыі з больш працяглымі тэрмінамі захоўвання стаў магчымы, дзякуючы своечасовай мадэрнізацыі малочных і кансервавых заводаў, мясакамбінатаў. Гэта значна павялічыла экспартны патэнцыял галіны. На сённяшні дзень рэгіён пастаўляе на замежны рынак каля 30 % мясной і 70 % малочнай прадукцыі.

На перспектыву ў рэгіёне мяркуюць знізіць пастаўкі сыравіны, а экспартаваць гатовы прадукт з высокай дабаўленай вартасцю і маржынальнасцю. Гэта будзе дасягацца шляхам глыбокай перапрацоўкі з паступовым памяншэннем экспарту сыравіны. З такой мэтай у найбліжэйшы час будзе распрацавана канцэпцыя развіцця перапрацоўчай галіны з планамі па росце вытворчасці АПК. Дарэчы, такая задача стаіць і перад дрэваапрацоўчай галіной.

Бу­ду­ец­ца жы­лы мік­ра­ра­ён Гран­дзі­чы ў Грод­не.

Важным драйверам росту эканомікі і разам з тым дабрабыту насельніцтва павінна стаць будаўніцтва жылля, якога плануецца ўвесці 420 тысяч квадратных метраў, з іх 145 тысяч — гэта індывідуальнае жыллё. Сфера будаўніцтва, у тым ліку інвестыцыйны складнік, будзе адлюстроўваць сацыяльную скіраванасць дзяржавы: 110 тысяч «квадратаў» мяркуецца ўвесці з дзяржпадтрымкай. Гэта значыць, што больш за 1160 шматдзетных сем'яў змогуць у хуткім часе справіць наваселле.

— Зараз Гродзенскі рэгіён — лідар у краіне па будаўніцтве жылля. На найбліжэйшыя гады запланавана ўзвядзенне дзясятка новых аб'ектаў сацыяльнай сферы, адукацыі, медыцыны. Большасць новабудоўляў будзе ўзведзена за кошт абласной інвестыцыйнай праграмы. Напрыклад, у мікрараёне Грандзічы абласнога цэнтра сёлета будзе адкрыты дзіцячы садок на 230 месцаў з басейнам. Падобныя ўстановы з'явяцца ў Скідзелі, Лідзе, Слоніме. Вядзецца рэканструкцыя гарадской клінічнай бальніцы № 4 пад устаноўку КТ і МРТ, — заўважыў Віталь Нявера.

Але гэта, вядома, толькі частка новых аб'ектаў сацыяльнай сферы. Працягнецца будаўніцтва анкадыспансера, які стане па-сучаснаму абсталяванай медыцынскай установай. Пачынаецца праектаванне новай 2-й бальніцы ў Гродне, у раёнах прадоўжыцца мадэрнізацыя медыцынскіх аб'ектаў пад устаноўку сучаснага дыягнастычнага абсталявання. Працягнецца будаўніцтва дзіцячых садкоў, рэканструкцыя школ. Значныя сродкі будуць накіраваны на будаўніцтва дарог, працягнецца ўзвядзенне моста ў Гродне, які неабходны для транспартнай інфраструктуры горада.

Далейшае развіццё атрымаюць такія перспектыўныя сектары эканомікі, як лагістыка і турызм. А між тым рэгіён знаходзіцца на стыку двух буйных аб'яднанняў — ЕС і ЕАЭС. Па тэрыторыі вобласці пралягае некалькі транзітных калідораў, сем міжнародных пунктаў пропуску, праз якія штогод праходзіць каля 1 мільёна аўтамабіляў. Таму яшчэ адным кірункам работы рэгіёна стануць мадэрнізацыя транспартнай інфраструктуры і развіццё лагістыкі.

Яшчэ адна перспектыўная сфера — турызм. У вобласці багатая гісторыка-культурная спадчына. А турызм у структуры ВРП складае толькі 3 %, а гэта недастаткова. Тут варта больш поўна інфармаваць аб турыстычнай прывабнасці, забяспечыць якасны пакет паслуг для турыстаў. І тут ёсць над чым працаваць.

Ключавая задача — забяспечыць стабільны рост заработнай платы. За пяцігодку мяркуецца павялічыць рост зарплаты ў паўтара раза. Прыярытэтнай задачай мясцовых улад стане павелічэнне даходаў мясцовых бюджэтаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з сайта grodnonews

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.