Вы тут

Мінулы год стаў самым цёплым за ўсю гісторыю назіранняў


Прыйшоў час сіноптыкам падводзіць вынікі. І, як прадчувалі, — мінулы год стаў самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў у Беларусі (прыкладна з 1880 года). Сярэднегадавая тэмпература паветра ў 2020 годзе склала плюс 9,1 градуса, што на 2,4 градуса вышэй за норму. Гэты год пабіў рэкорд 2019-га (плюс 8,8 градуса ў сярэднім), які дагэтуль лічыўся самым цёплым.


Зімы як такой не было

Самыя свае анамальныя максімумы год стаў праяўляць ужо на старце халоднага сезона. Сярэдняя тэмпература мінулай зімы склала плюс 1,5 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 5,5 градуса. Як адзначыла начальнік аддзела вывучэння змен клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу і фонду даных Белгідрамета Наталля Клявец, такой цёплай зімы, як у снежні 2019-га, студзені і лютым 2020 года, на тэрыторыі Беларусі не адзначалася ні разу пачынаючы з 1881 года. Усе тры месяцы былі са станоўчымі сярэднямесячнымі тэмпературамі паветра. Самая высокая тэмпература адзначана ў Драгічыне 18 снежня, яна склала плюс 12,8 градуса, а мінімальная — на станцыі Азярышча 8 лютага — мінус 11,1 градуса.

Вясна мінулага года па сярэдняй тэмпературы была блізкая да кліматычнай нормы. А вось лета было цёплае, з сярэдняй тэмпературай паветра плюс 18,8 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 2,4 градуса, прычым жнівень быў значна цяплейшы, чым звычайна.

Восень як спакойнае лета

Памятаеце леташнюю залатую восень? Так, амаль увесь верасень быў, лічыце, працягам лета. Сярэдняя тэмпература трох восеньскіх месяцаў 2020 года склала плюс 9,7 градуса, што на тры з лішнім градусы вышэй за норму. Такой цёплай восені на тэрыторыі краіны не адзначалася ні разу. Вернемся да верасня, ён стаў другім у гісторыі метэаназіранняў у Беларусі па плюсавай тэмпературы. Ды і кастрычнік быў анамальны — самы цёплы ў гісторыі метэаназіранняў у нашай краіне: плюс 10,5 градуса. Сярэдняя тэмпература лістапада — плюс 3,8 градуса, што на 3 градусы вышэй за норму. Так цёпла, як было ў лістападзе мінулага года, бывае ў нас нячаста — прыкладна раз у 9 гадоў.

Ды і заканчваўся год анамальным па цеплыні снежнем. Яго сярэдняя тэмпература (мінус 0,8 градуса) была вышэй за норму на 2,5 градуса. Такі снежань на тэрыторыі краіны адзначаецца раз у пяць гадоў.

Калі летась у зімовы сезон па цяпле ў нас быў відавочны перабор, то з дажджамі нам пашанцавала менш. У 2020 годзе метэаролагі адзначалі недабор ападкаў — іх выпала ўсяго толькі 92 працэнты ад нормы.

Люты будзе снежны

Аб тым, як далёка зазіраюць беларускія сіноптыкі, расказаў начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Аляксандр Бяганскі. Так, у Белгідрамеце складаецца прагноз надвор'я максімум на шэсць дзён. І ў іх няма абсалютна дакладнай інфармацыі аб тым, якой будзе вясна ў гэтым годзе.

Што датычыцца апошняга зімовага месяца, то і ў лютым працягнецца зімовы характар надвор'я — гэта значыць з маразамі і снягамі. Хоць у апошнія гады люты быў хутчэй ужо вясновым месяцам.

Нашы сіноптыкі адзначаюць, што ў прынцыпе ніхто ў свеце не дае дэталёвых прагнозаў надвор'я з выкладкамі тэмператур, ападкаў, неспрыяльных з'яў на тэрмін больш чым 7-10 дзён.

Але ў інтэрнэце можна прачытаць прагнозы вядучых амерыканскіх ці еўрапейскіх цэнтраў. Якасць іх, на думку Аляксандра Бяганскага, вельмі невысокая, у чым мы маглі пераканацца летась: зіму 2019—2020 гадоў яны прагназавалі як самую халодную за апошнія 150 гадоў, а ў выніку яна аказалася самай цёплай.

Не будзем спяшацца.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: mlyn.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».