Вы тут

30 студзеня можна ўбачыць ваенную драму «Вазьму твой боль»


Пісьменнік, публіцыст, драматург, сцэнарыст, рэдактар, літаратурны крытык — у гэтых творчых іпастасях рэалізоўваў сябе Іван Шамякін. Яго кнігі «Крыніцы», «Трывожнае шчасце», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы» і многія іншыя даюць чытачу магчымасць убачыць і зразумець лёс беларускага народа ў ХХ стагоддзі. Сёлета класік адзначыў бы 100-гадовы юбілей. І якраз у яго дзень нараджэння, 30 студзеня, на сацыякультурным канале зможам убачыць ваенную драму «Вазьму твой боль», якая з'яўляецца экранізацыяй аднайменнага рамана пісьменніка.


Зняў кінастужку рэжысёр Міхаіл Пташук у 1980 годзе, а летась кінафільму споўнілася ўжо 40 гадоў. Хто глядзеў фільм, той згадае выканаўцаў галоўных герояў, сярод якіх Уладзімір Гасцюхін, Стэфанія Станюта, Галіна Яцкіна, Ірына Малышава, Аляксандр Чарэднік і многія іншыя. Трэба адзначыць, сам пісьменнік умеў быць аб'ектыўным і ацэньваць ігру акцёраў у фільмах паводле сваіх твораў. І ў выпадку з роллю Івана Батрака, якую на экране ўвасобіў Уладзімір Гасцюхін, класік адзначаў, што менавіта такім і стаў бачыць свой персанаж, хоць першапачаткова ўяўленне пра яго было іншае. Што ж да сюжэту, то там гледачы разам з дзеючымі асобамі аказваюцца ў эпіцэнтры гісторыі, калі ў вёску пасля доўгага пазбаўлення волі вяртаецца былы паліцай Рыгор Шышковіч, які быў прызнаны вінаватым у смерці маці і сястры саўгаснага кіроўцы Івана Батрака. За службу ў паліцыі здраднік адбыў доўгі тэрмін у турме, але застаўся жыць, таму што яго віну ў расстрэле даказаць не змаглі. Сустрэча з Шышковічам заставіла Івана зноў перажыць падзеі той жахлівай восені, калі ён, схаваўшыся пад печчу, бачыў, як паліцаі расстрэльвалі яго родных. З таго моманту жыццё Івана ператвараецца ў кашмар. Хоць некаторыя з вяскоўцаў і лічаць, што Шышковіч ужо атрымаў па заслугах, але Батрак не верыць у гэта — і аказваецца, што недарэмна…

Як сам літаратурны твор, так і фільм у свой час выклікалі шэраг спрэчак сярод аўдыторыі. На вялікім экране шырокая публіка ўпершыню ўбачыла яго 3 лютага 1981 года. Здымкі кінастужкі праходзілі на радзіме Міхаіла Пташука ў Ляхавіцкім раёне, дзе з'яўляліся на свет многія фільмы рэжысёра карціны. У працэсе работы не абышлося і без надзвычайных здарэнняў. Так, Уладзімір Гасцюхін згадваў, як у эпізодзе, дзе ён кіраваў камбайнам, раптам выявілася, што машыну не ўдаецца спыніць... На шчасце, усё абышлося, ніхто не пацярпеў. Як і падчас пажару ў доме, з якога давялося ратаваць акцёра Барыса Пятруніна, які іграў ролю Івана Батрака ў дзяцінстве. Калі казаць пра акцёрскі склад, то ў гэтым фільме ён сапраўды ўдалы. Выканаўца ролі Рыгора Шышковіча акцёр Іван Мацкевіч увасабляў свайго персанажа як у маладым, так і ў сталым узросце, але ў абодвух выпадках аднолькава пераканаўча, настолькі, што аўдыторыя неўзлюбіла экраннага героя... А вось у ролі маці маленькага Івана першапачаткова бачылі актрысу Любоў Палішчук, але ў выніку вобраз валявой жанчыны дастаўся Любові Віралайнен.

У аснову рамана і экранізацыі пакладзены падзеі рэальнага жыцця, але ход іх і развіццё творцы неаднойчы пэўным чынам карэкціравалі ў працэсе. Так, напрыклад, фінал твора Іван Шамякін некалькі разоў перапісваў. Між тым, фільм «Вазьму твой боль» быў тады не першай экранізацыяй напісанага пісьменнікам, бо знялі ўжо «Хлеб пахне порахам», «Сэрца на далоні», «Крыніцы», «Гандлярка і паэт» і іншыя кінаверсіі яго літаратурных работ. Стваральнікаў гэтага фільма ўзнагародзілі Дзяржаўнай літаратурнай прэміяй БССР, адзначыўшы такім чынам аўтара сцэнарыя Івана Шамякіна, рэжысёра Міхаіла Пташука, кампазітара Сяргея Картэса, акцёра Уладзіміра Гасцюхіна, аператара Віталія Нікалаева, мастака Юрыя Альбіцкага.

І сёння гэты кінатвор — як і яго літаратурная версія — сталі сапраўднай класікай нашай беларускай культуры. Не прапусціце кінапаказ 30 студзеня на тэлеканале «Беларусь 3».

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Героі кніг на экране

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».