Вы тут

Паштальён на колах, або Асаблівасці працы вясковага кур'ера


Аляксандр Болцікаў — кіроўца-паштавік Краснапольскага ўчастка паштовай сувязі, развозіць па вёсках газеты, карэспандэнцыю, пенсіі і грашовыя дапамогі. А ў Краснаполлі выконвае яшчэ і абавязкі кур'ера, дастаўляе паскораную пошту EMS. Дарэчы, паслуга з кожным днём набірае папулярнасць, бо атрымаць або адправіць каштоўную карэспандэнцыю, напрыклад, пашпарт, не выходзячы з дому, вельмі зручна і камфортна. Тым больш што гарантыя дайсці да адрасата ў гэтым выпадку стапрацэнтная. У вялікім горадзе такіх кліентаў больш, там нават асобны чалавек працуе кур'ерам, але Краснаполле — невялікі населены пункт, і Аляксандр спраўляецца і баранку круціць, і пенсіі развозіць, і каштоўныя пакеты па кур'ерскіх адрасах дастаўляе.


Аляксандр з усімі знаходзіць агульную мову.

З сямі раніцы Аляксандр ужо на рабоце. Трэба прыняць тавар і ўзгадніць з начальствам маршрут. Самы «гарачы» перыяд для яго — гэта дні выплаты пенсій. Прызнаецца, што прыходзіцца часам накручваць на паштовым «уазіку» да 100 кіламетраў. У астатні час крыху паспакайней. Усяго на абслугоўванні паштальёна 11 вёсак, але ён заязджае толькі ў тыя, куды трэба нешта даставіць. На ўчастку, напрыклад, 60 чалавек выпісваюць газеты, людзі з нецярпеннем чакаюць свежых навін. Але сёння дзень будзе доўгі — трэба спяшацца даставіць пенсіі і грашовыя дапамогі. У кабіну да кіроўцы нельга, ведамасныя правілы забараняюць. Паназіраць за працэсам дапамог старшыня Сідараўскага сельсавета Уладзімір Піванаў — узяў мяне ў сваё аўто. Заадно паказаў, чым жыве яго сельсавет.

Першая вёска, дзе чакаюць пошту, — Кажамякіна, але перад тым як да яе дабрацца, прыйшлося зрабіць некалькі прыпынкаў — Аляксандр развозіў карэспандэнцыю па арганізацыях.

— Калісьці вёска вялікая была, — згадвае старшыня сельсавета, як толькі мы заязджаем у населены пункт. — У свой час тут меліся васьмігадовая школа і іншыя сацыяльныя аб'екты. Зараз 50 чалавек засталося. Дзяцей няшмат, іх цяпер возяць у школу ў Краснаполле. Тыя жыхары, якія пакуль яшчэ не на пенсіі, працуюць у цэху ад лясгаса. Вёсцы, лічы, пашчасціла, што ёсць такі аб'ект. Мясціны ж вельмі прыгожыя, лес навокал, крынічкі.

У Кажамякіне трэба заехаць па трох адрасах. 82-гадовая Ніна Ведзянееўна жыве з сынам. Як толькі паштовы «ўазік» прыпыняецца каля яе дома, жанчына з'яўляецца на ганку. Чакаем, пакуль Аляксандр абслужыць кліентку, і падыходзім пагаманіць. Ці ўсё яе задавальняе?

— Раней у вёсцы пошта была, але і так нядрэнна — на дом усё прывозяць, не трэба нікуды хадзіць, — кажа пенсіянерка. — Паштальён нам чалавек не чужы, уважлівы. Дзякуй яму за клопат.

Аляксандр цікавіцца, можа трэба нешта з прадуктаў прывезці. Ён жа не толькі карэспандэнцыю дастаўляе, але і тавары першай неабходнасці. На ўсялякі выпадак запісвае нумар тэлефона, па якім можна зрабіць заказ. Камунальныя плацяжы, дарэчы, таксама можна такім чынам аформіць. А квітанцыю на месцы атрымаць.

Развітваемся з Нінай Ведзянееўнай і едзем далей, да Аксаны — маладой маці, якая чакае грашовую дапамогу на дзіця. Вунь яе дом на пагорку. Але дзе ж гаспадыня? Нас сустракае бадзёрым брэхам дваровы барбос. Вось табе неспадзяванка. Аляксандр супакойвае: не хвалюйцеся, у кішэні ляжыць абарона, калі што. Пошта сваіх работнікаў забяспечвае на такія выпадкі сродкамі абароны. На гарызонце з'яўляецца Аксана, цыкае на свайго ахоўніка, і ён нас прапускае.

— У мяне трое дзяцей, двое дарослых, але малому — тры месяцы, без нагляду не пакінеш, таму і затрымалася, — апраўдваецца Аксана.

Аляксандр выдае ёй грошы і нагадвае пра тое, што яна можа скарыстацца і іншымі паслугамі. Яна дзякуе і абяцае падумаць.

Наступны прыпынак амаль на ўскрайку вёскі. Дом стаіць у вельмі маляўнічым месцы. Здаецца, калі б фарбы былі пад рукой, адразу ж нешта намаляваў. Нас сустракае каларытная бабулька. Нечаканая ўвага з майго боку яе нават бянтэжыць. Амаль кожны сказ у яе пачынаецца з разгубленай прымаўкі «вой, мая мамачка».

Паштальёна заўсёды чакаюць і сустракаюць.

— Газеты ўжо даўно не чытаю, — прызнаецца 83-гадовая Кацярына Іванаўна. — Без акуляраў вас ледзь бачу. Маладзейшая была, дык на паўгода адну газету выпішу, потым другую. І паштоўкі купляла, родным пасылала. Але бацькі ўжо памерлі, а сястра ў Слаўгарадзе жыве. Мы з ёй часам па тэлефоне размаўляем. А яшчэ ёсць дзеці. Адзін сын тут жыве, яшчэ адзін у Краснаполлі і дачка ў Касцюковічах. Дачка раней кожныя выхадныя прыязджала, але зараз у яе муж хварэе на каранавірус, і яна баіцца прыязджаць, каб мяне не заразіць. Але я не сумую, нявестка ў госці часта прыходзіць. Нядаўна сын з дзецьмі з Краснаполля прыязджаў, лазню тапілі.

Напрыканцы робім здымак на памяць. Жанчына какетліва прызнаецца, што раней прыгажуня была. Яна, дарэчы, і зараз нядрэнна выглядае. Вунь валасы як у маладой. Смяецца, што ніколі фарбамі не карысталася, але зараз «на старасці гадоў» за яе знешнім выглядам дачка сочыць.

— Работа ў мяне цікавая, — прызнаецца Аляксандр. — Людзі да мяне ўжо прывыклі, некаторыя нават на гарбату запрашаюць, але прыходзіцца адмаўляцца — я ж на рабоце і трэба прытрымлівацца дысцыпліны. Ды і часу няма, справа перш за ўсё. Бабулькі вельмі чуллівыя, часам цукеркамі частуюць. А ёсць наогул «пустэльнікі», адзін чалавек на ўсю вёску. Але і такіх абслугоўваем, а куды дзявацца.

Тое, што прыходзіцца ездзіць па маланаселеных вёсках, Аляксандра не хвалюе. Хоць, бывала, і машына ламалася. Але хутка знаходзіў выйсце з сітуацыі.

А яшчэ мы даведаліся, што Аляксандр шматдзетны бацька — у яго пяцёра дзяцей. Усе яшчэ малыя, старэйшы ў трэці клас ходзіць. А яшчэ кажуць, што моладзь у маленькіх населеных пунктах не прыжываецца. Калі ёсць дом, сям'я і работа — па гарадскім жыцці ніхто не сумуе.

Аляксандр едзе далей па маршруце, а мы вяртаемся ў Краснаполле. Трэба ж пацікавіцца, якія паштовыя паслугі цяпер у трэндзе.

— Стараемся прапагандаваць новыя формы, — кажа начальнік Краснапольскага УПС Людміла Чмырыкава. — Жыццё на месцы не стаіць, і мы таксама прапануем кліенту больш зручныя варыянты. Тая ж паскораная пошта EMS, напрыклад. Яна, канешне, даражэйшая, але пераваг у яе шмат. Дастаўляем такім чынам кліенту на дом дзелавую перапіску, тавары — людзі сёння шмат чаго замаўляюць праз інтэрнэт. Асабліва часта карыстаюцца паслугай тыя, каму далёка да нас дабірацца. Летась па Краснаполлі рост па гэтай пазіцыі склаў 140 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. Яшчэ па адной — «Камфорт» — рост наогул амаль 160 %. Прынцып, дарэчы, той самы, дастаўка карэспандэнцыі да дома або кватэры ў абумоўлены кліентам час. Наша задача, каб кліенты не адчувалі сябе адарванымі ад жыцця і карысталіся ўсімі перавагамі, якія ёсць і ў гараджан.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.