Вы тут

Чуць праблемы людзей — такая задача дэпутатаў мясцовых Саветаў


Што могуць дэпутаты мясцовых Саветаў? Разам з органамі выканаўчай улады яны актыўна ўплываюць на развіццё сваіх рэгіёнаў. Але, бадай, самае галоўнае, што яны дапамагаюць жыхарам, часам у самых складаных сітуацыях. Народныя абраннікі надзелены паўнамоцтвамі, якія могуць шмат змяніць ў развіцці той ці іншай тэрыторыі. Людзі чакаюць ад іх не слоў і абяцанняў, а канкрэтных спраў. Напрыклад, рамонту дарогі, жылля, добраўпарадкавання тэрыторый і гэтак далей... Кіраўнік дзяржавы дакладна вызначыў прыярытэты дзейнасці дэпутатаў: дапамагчы канкрэтнаму чалавеку, прыняць зацікаўлены ўдзел у яго няпростых жыццёвых сітуацыях, выручыць, падтрымаць — у гэтым найвышэйшае прызванне дэпутата.


Дэпутацкі корпус Салігоршчыны налічвае 40 дэпутатаў мясцовага ўзроўню, яшчэ шэсць дэпутатаў прадстаўляюць раён на абласным узроўні.

— На думку часткі грамадзян, дэпутат — чалавек, які займаецца толькі грамадскай дзейнасцю. Але гэта не так. Дэпутаты маюць асноўнае месца працы, выконваюць прафесійныя абавязкі. Сярод дэпутатаў — прадстаўнікі абсалютна розных прафесій і сфер народнай гаспадаркі. І маё прызначэнне, як старшыні раённага Савета дэпутатаў, разгледзець і вызначыць, хто з іх на што здольны, каб максімальна дапамагчы раёну і выканаць задачы, накіраваныя на яго далейшае развіццё, добраўпарадкаванне, — лічыць старшыня Салігорскага раённага Савета дэпутатаў Ала Калеева.

Як адзначае Ала Васілеўна, дэпутаты толькі ў вольны, свой асабісты час могуць займацца грамадскай дзейнасцю. А для гэтага яны павінны мець такія якасці, як ініцыятыўнасць, нераўнадушнасць, уменне суперажываць, а таксама займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Ала Калеева ўпэўнена, што асноўная мэта дэпутата, паколькі яго выбралі людзі, чуць іх праблемы, патрэбы, з якімі яны звяртаюцца.

— Зыходзячы з гэтага, мной і дэпутатамі ладзяцца сустрэчы з насельніцтвам. Я праводжу прамыя тэлефонныя лініі, працуем і з пісьмовымі зваротамі, вядзём асабістыя прыёмы грамадзян, прыцягваем да іх спецыялістаў, самі вывучаем дакументы, каб па максімуме разабрацца ў сітуацыі і вырашыць яе на карысць заяўніка, — кажа старшыня райсавета.

Усяго ж на яе адрас паступіла 39 пісьмовых зваротаў і больш як 100 зваротаў на асабістых прыёмах і сустрэчах з насельніцтвам.

А пытанні, з якімі звяртаюцца людзі, бываюць складаныя, патрабуюць не толькі намаганняў і ведання заканадаўства, але і дадатковага часу. У той дзень, калі мы наведаліся ў Салігорск, у Алы Калеевай быў чарговы асабісты прыём грамадзян. Да яе звярнуўся былы воін-інтэрнацыяналіст, які трапіў у няпростую сітуацыю. Калісьці ў яго было службовае жыллё, якое потым перавялі ў арэнднае, за яго зараз даводзіцца шмат плаціць. Ала Васілеўна паклікала спецыяліста ЖКГ, каб прааналізаваць пытанне з прававога пункту гледжання, выпрацаваць алгарытм дзеяння. У выніку мужчына атрымаў кансультацыю, парады, якія дакументы яму трэба сабраць для станоўчага вырашэння пытання. Чалавек застаўся задаволены.

У хлопчыка-сіраты ўзнік канфлікт у навучальнай установе. Не здаў прадмет і яго адлічылі. «Мы прапрацавалі пытанне, прапанавалі варыянт па яго далейшай адукацыі і працаўладкаванні на адно з самых лепшых прадпрыемстваў горада, што яго задаволіла», — кажа мая суразмоўніца.

Вядома, Але Васілеўне дапамаглі яе паплечнікі-дэпутаты, якія не засталіся раўнадушнымі да лёсу юнака. Сёння ён працуе, плануе атрымаць завочна вышэйшую адукацыю. Неяк у райсавет заглянуў сваяк гэтага хлопца і шчыра падзякаваў усім, хто дапамог у гэтым пытанні.

— З якім бы пытаннем ні прыйшоў чалавек, заклікаю дэпутатаў прыкласці ўсе намаганні, каб яму дапамагчы. Усебакова, з розных пазіцый падыходзіць да скаргі, просьбы. А калі чуеш ад заяўніка падзяку, гэта дарагога варта. З другога боку, станоўчае рашэнне пытання павышае аўтарытэт народнага абранніка ў вачах людзей, — упэўнена Ала Васілеўна.

Дэпутатаў хвалююць і пытанні добраўпарадкавання, таму што яны жывуць, працуюць у гэтым горадзе, раёне. І, бясспрэчна, хочуць, каб яны былі прыгожымі, камфортнымі для жыцця. Вялікі ўклад у добраўпарадкаванне ўносіць член Савета Рэспублікі Іван Галаваты. Па меры магчымасці і іншыя дэпутаты стараюцца прывесці горад у належны стан. Яны пасадзілі алею з чырвоных клёнаў каля царквы. Акрамя таго, два дэпутаты — абласнога і мясцовага ўзроўню добраўпарадкавалі невялікае возера каля бальніцы, зрабілі прыгожы мосцік і альтанку, дзе любяць фатаграфавацца маладажоны, адпачываюць матулі з дзеткамі, кормяць качак. Уладкаванне мастка аблегчыла работу ЖКГ па прыборцы вострава, які знаходзіцца пасярэдзіне возера.

Разам з тым, дружна, талакой удзельнічаюць дэпутаты ў суботніках, што ладзяцца ў раёне і горадзе. Напрыклад, высаджвалі дрэўцы ў лесе, расчышчалі лесапаласу ад смецця. Акрамя таго, народныя абраннікі збіраюць людзей на суботнікі па сваім месцы жыхарства, што арганізуюць ЖЭСы. І, вядома, самі паказваюць прыклад у справе.

Актыўна працуюць яны і па зносе старых і пустуючых дамоў. Гэтаму папярэднічае вельмі карпатлівая работа. Шукаюць сваякоў, вызначаюць, які гэта дом — вымарачны, пустуючы. Затым усё неабходна даказаць у судзе з тым, каб пабудова адышла ў валоданне сельсавета. Летась знесена 59 дамоў, якія былі ў непрыглядным стане, псавалі вонкавы выгляд населеных пунктаў і нікому не былі патрэбны. У тым ліку 43 дамы знесены за кошт сродкаў бюджэту і 16 — за сродкі ўласнікаў. Сем моцных будынкаў, на якія быў попыт, прадалі. Яшчэ тры гатовыя да продажу. Пачалі размяшчаць аб'явы па продажы дамоў на інтэрнэт-рэсурсах, каб іх магло бачыць як мага больш людзей. На сённяшні дзень, нават калі вёска неперспектыўная, людзям цікавы той участак, дзе паблізу ёсць рэчка, лес, дзе можна правесці час на прыродзе. Таму сёлета старшыня райсавета нацэльвае калег і падначаленых на больш актыўны продаж. Вядома, у гэтай справе значны ўдзел прымаюць старшыні і дэпутаты сельскіх саветаў, а таксама старасты населеных пунктаў. Менавіта апошнія карыстаюцца вялікім аўтарытэтам сярод землякоў. Яны ведаюць мясцовых жыхароў, дзе шукаць спадчыннікаў і ўладальнікаў пустуючых і старых дамоў. Але большасць старастаў — пенсіянеры. На жаль, сярод моладзі практычна няма ахвотных іх замяніць, бо гэта цяжкая і адказная праца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».