Вы тут

Дэпутат: Моладзь гатова ехаць у глыбінку. Неабходна стварыць для іх камфортныя ўмовы


Ірына Кралевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы.


Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. Матэматык, кандыдат педагагічных навук, дацэнт. Аўтар больш чым 100 навуковых і вучэбна-метадычных публікацый.

Працавала настаўнікам матэматыкі сярэдняй школы № 2 у Мазыры, асістэнтам кафедры матэматычнага аналізу, потым — старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі, дэканам фізіка-матэматычнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна.

Сама Ірына Мікалаеўна лічыць сябе чалавекам ініцыятыўным. Менавіта ў часы, калі яна была дэканам фізіка-матэматычнага факультэта, адкрыты тры новыя спецыяльнасці і арганізавана работа эксперыментальнай пляцоўкі «школа—ВНУ», якую стварылі для аказання дапамогі школам Палескага рэгіёна ў падрыхтоўцы вучняў па матэматыцы і інфарматыцы.

Ужо будучы дэпутатам, яна ініцыявала ўнясенне ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце» прапановы аб адмене кампенсацыйных выплат за выдаленне аб'ектаў расліннага свету пры правядзенні ў рыбгасах ачышчальных работ на вадаёмах. Гэта дазволіла беларускім рыбгасам накіраваць сэканомленыя сродкі на далейшае развіццё вытворчасці. Дзякуючы яе актыўнасці пабудавана АЗС у Лельчыцкім раёне, адсутнасць якой прыносіла масу нязручнасцяў жыхарам раёна, цягнік Гомель—Брэст спыняецца на станцыі Капцэвічы, будуюцца дзіцячыя пляцоўкі ў пасёлках. Ірыну Кралевіч паважаюць выбаршчыкі, таму што яна не толькі слухае, але і чуе іх просьбы.

Ірына Кралевіч стала дэлегатам УНС не ўпершыню, таму, зыходзячы з уласнага вопыту, пераканалася: усе канструктыўныя прапановы будуць улічаны і рэалізаваны.

— Усебеларускі народны сход — гэта аб'яднанне грамадзян у вызначэнні асноўных кірункаў развіцця дзяржавы, — гаворыць яна. — Гэта ўнікальная магчымасць для кожнага з нас узяць удзел у лёсе роднай краіны. На маю думку, значным з'яўляецца кожны этап УНС: падрыхтоўка, правядзенне і наступная рэалізацыя намечаных мэт і пастаўленых задач. Беларусы аб'ядналіся ў імя міру, стабільнасці і развіцця. Па ўсёй краіне праходзяць дыялогавыя пляцоўкі, грамадзяне ўносяць прапановы ў парламент, звяртаюцца ў мясцовыя органы ўлады, абмяркоўваюць наспелыя праблемы ў працоўных калектывах, абіраюць і дэлегуюць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ва УНС. Можна сказаць, на практыцы рэалізуецца першы ў гэтым годзе ўказ кіраўніка дзяржавы — аб аб'яўленні 2021 года «Годам народнага адзінства». Найважнейшы аспект УНС — кожны чалавек будзе пачуты. Менавіта таму шырокае прадстаўніцтва на сходзе ўсіх слаёў насельніцтва дазволіць комплексна, сістэмна і шматаспектна абмеркаваць існуючыя праблемы і выпрацаваць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку.

Ірына Мікалаеўна лічыць, што ў будучай пяцігодцы важна аддаць асаблівую ўвагу развіццю рэгіёнаў. А гэта дзяржаўная падтрымка ў мадэрнізацыі і стварэнні вытворчасцяў, развіццё сістэмы медыцынскага абслугоўвання, стварэнне камфортных умоў жыццядзейнасці насельніцтва. Дэпутат упэўнена, што моладзь гатовая вярнуцца дадому пасля заканчэння ВНУ і каледжаў, але для гэтага дзяржава павінна стварыць ёй умовы.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».