Вы тут

У навагоднім дабрачынным марафоне «Нашы дзеці» прынялі ўдзел больш за 800 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак


Яшчэ з восені пачалася маштабная падрыхтоўка да самай, мабыць, працяглай зімовай акцыі «Нашы дзеці». У ёй, згодна з пастановай Савета Міністраў, прынялі ўдзел прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і мясцовай выканаўчай улады.


І вось, пачынаючы з сярэдзіны снежня доўжыліся віншаванні са святамі дзяцей, што жывуць у інтэрнатах, апякунскіх ды прыёмных сем’ях; віншавалі тых, хто вымушаны быў сустракаць Новы год і Нараджэнне Хрыстова ў бальніцы. Прыходзілі да іх у госці не з пустымі рукамі — уручалі падарункі і нават дапамагалі вырашаць надзённыя праблемы.

Да акцыі далучыліся і многія грамадскія аб’яднанні. Так, «Беларускі фонд міру» ў Гомельскай вобласці арганізаваў навагоднія сустрэчы «Ёлкі міру і сяброўства» для малазабяспечаных дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Эстафету перанялі вайскоўцы 103‑й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. З навагоднімі падарункамі яны адправіліся ў мясцовы дзіцячы дом. А напярэдадні Новага года парадавалі яшчэ і хлопчыкаў з дзяўчынкамі, якія ляжалі на той момант у дзіцячай абласной клінічнай бальніцы. З вокнаў сваіх палат яны маглі назіраць відовішчнае шоу з агнямі і музычным суправаджэннем.

Удзельнікамі дабрачыннай акцыі «Ёлка жаданняў» у Брэсце сталі дзеці, якія змагаюцца з цяжкімі хваробамі. «Добрыя чарадзеі» з абласнога саюза моладзі прыйшлі да іх выконваць запаветныя жаданні, напісанныя ў лісце Дзеду Марозу. Так, адзінаццацігадовая Ульяна Ахметава атрымала роставы домік для лялькі, пра які даўно марыла. Але ж большасць «запытаў» у хлопцаў і дзяўчат была звязана з высокатэхналагічнымі прыладамі: дзеці хацелі атрымаць мультыборды, ноўтбукі ды іншыя гаджэты.

Ужо сёлета Нацыянальная школа прыгажосці арганізавала паказ мод Chrіstmas fashіon show з удзелам юных мадэляў ад 3 да 16 гадоў. Яны прадстаўлялі калекцыі з Chou Chou, Mugako, Fashіon Bіrds, Marі St, а таксама расійскіх і беларускіх дызайнераў. Удзел у шоу быў платны як для бацькоў юных мадэляў, так і для іх саміх: сабраныя сродкі пайшлі на куплю неабходных рэчаў і падарункаў для юных пацыентаў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі, імуналогіі.

Цягам некалькіх тыдняў дзеці з самых аддаленых куткоў Беларусі атрымлівалі з рук Дзеда Мароза і Снягуркі свае доўгачаканыя падарункі і віншаванні. А сімвалічным завяршэннем дабрачыннага марафону можна назваць навагодні спектакль «Чароўны свет» у Палацы Рэспублікі і маладзёжны баль у Палацы Незалежнасці ў Мінску.

На «галоўную ёлку краіны» прыехалі каля 4 тысяч дзяцей з усіх беларускіх рэгіёнаў. У гэтым свяце ўдзельнічалі пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, лідары дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, а таксама тыя, хто застаўся без бацькоў, дзеці-інваліды, са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, з сем’яў бежанцаў. Для многіх гэта была мара — трапіць на «прэзідэнцкую» ёлку, бо туды кожны год прыязджае Кіраўнік дзяржавы. У Палацы Рэспублікі паказалі інтэрактыўны спектакль з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій і затым уручылі памятныя падарункі.

А напярэдадні праваслаўнага Раства Хрыстова ў Палацы Незалежнасці арганізатары правялі Беларускі навагодні баль. Яму папярэднічалі рэпетыцыі і, вядома, жорсткі адбор: выбіралі самых паспяховых і годных маладых грамадзян нашай краіны. Баль таксама ўвянчаўся ўручэннем падарункаў усім удзельнікам, сярод якіх была і флэшка. На ёй — не толькі захаваныя кадры з удзельнікамі балю, якія ўжо ўвайшлі ў гісторыю, але і ў цэлым — усё дзейства, што адбывалася ў Палацы Незалежнасці.

Нягледзячы на тое, што дзецям лягчэй верыць у цуды, многія прызнаваліся: не чакалі такой увагі з боку грамадства і вялікай колькасці падарункаў. Дарэчы, меры бяспекі падчас правядзення месячнай акцыі ў поўнай меры ўлічваліся.

Дабрачынныя мерапрыемствы пад назвай «Нашы дзеці» праводзяцца ў краіне ўжо на працягу 25 гадоў. І, трэба адзначыць, падчас іх часта ўзнікаюць і нават рэалізуюцца новыя цікавыя праекты, якія ініцыююцца, дарэчы, не заўсёды дарослымі. Да таго ж, многія арганізацыі абяцаюць дапамагаць не толькі ў перыяд святаў, але і на працягу ўсяго года. А сума матэрыяльнай дапамогі ў выглядзе неабходнага спецабсталявання, сувеніраў і салодкіх падарункаў, хоць яшчэ і не падлічвалася, хаця ўжо вядома, што перавысіла 2 мільёны беларускіх рублёў. Але, па вялікім рахунку, хіба можна вызначыць кошт усмешцы на шчаслівым твары дзіцяці?..

Аліса Гюнгер

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.