Вы тут

Са сваёй жонкай Іван Шамякін пражыў 58 гадоў


Івана Шамякіна многія лічылі пестуном лёсу. Яму і праўда шанцавала ў жыцці. Прайшоў усю вайну і нават не быў паранены. Першы ж раман («Глыбокая плынь») быў адзначаны Сталінскай прэміяй. Гэта адразу праславіла і адкрыла дарогу ў літаратурныя колы, дзе ён зрабіў сабе імя. Яго творы шырока выдаваліся і экранізаваліся. Ён хутка стаў вядомай асобай, займаў адказныя пасады.

Але хто ведае, як склалася б яго біяграфія, калі побач з ім не было б самаадданай жонкі?.. Марыя Філатаўна не толькі клапацілася пра дзяцей, займалася бытам, падзяляла ўсе радасці і нягоды мужа, але і натхняла яго пісаць, вызваляла ад руціннай работы, берагла ад выпрабавання славай і галавакружэння ад поспехаў.


Іван Пятровіч і Марыя Філатаўна.

Адзін з найлепшых твораў пра каханне ў беларускай літаратуры — «Непаўторная вясна» (першая частка пенталогіі «Трывожнае шчасце») Івана Шамякіна — шмат у чым аўтабіяграфічны. Адна з апошніх яго аповесцяў «Слаўся, Марыя!» прысвечана жонцы.

— Пазнаёміліся тата з мамай яшчэ дзецьмі, падчас вучобы ў Церухскай школе, — распавядае дачка пісьменніка, прафесар БДУ, доктар філалагічных навук Таццяна Шамякіна. — Але мой дзед па бацьку Пётр Мінавіч быў лесніком, яго часта пераводзілі з месца на месца. І пасля заканчэння 5-га класа Ваня Шамякін з сям'ёй пераехаў у іншую вёску. Зноў з Машай Кротавай ён сустрэўся ўжо ў Гомелі, дзе вучыўся ў тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў, а мама — у медвучылішчы. Убачыўшы адно аднаго, яны ўзрадаваліся, юнак правёў былую аднакласніцу да інтэрната. З таго часу яны пачалі сустракацца. Хадзілі ў кіно, шпацыравалі ў парку пры палацы Паскевічаў-Румянцавых.

Маша Кротава скончыла вучэльню раней, і яе накіравалі фельчарам-акушэрам у Рэчыцкі раён, а Івана, праз год, — у Беластоцкую вобласць.

Калі ў хлопца ўжо не атрымлівалася наведвацца да Машы, пісаў ёй лісты.

Праверыўшы свае пачуцці, маладыя людзі вырашылі ісці па жыцці разам і ў чэрвені 1940-га распісаліся.

Сваю старэйшую дачку Ліну Марыя Філатаўна нарадзіла, калі мужа ўжо прызвалі ў армію. Пасля жонка пісьменніка больш, чым астатніх дзяцей, песціла менавіта Ліну, з якой шмат выпакутавала за часы нямецкай акупацыі: чатыры гады яны галадалі, перахварэўшы на тыф, ледзь засталіся жывыя. «Ліна першы раз пакаштавала цукар у тры гады, калі прыйшлі нашы. А вы мандарыны ясце колькі хочаце», — неаднойчы паўтарала Марыя Філатаўна астатнім дзецям.

Марыя Шамякіна карысталася вялікай павагай у вяскоўцаў. Не было выпадку, каб яна няўдала прыняла роды, хоць рабіла гэта часам на печы, без усялякай анестэзіі. Пераехаўшы пасля вайны ў Мінск, яна марыла працягнуць адукацыю ў медінстытуце. Але нарадзілася Таццяна, потым сын Саша. Маючы траіх дзяцей, няма чаго было думаць вучыцца на стацыянары.

І тады яна паступіла на вячэрняе аддзяленне ў педагагічны інстытут.

Стаўшы дыпламаваным філолагам, пазбавіла мужа ад руціннай работы: перадрукоўвала яго рукапісы, вычытвала карэктуру, адказвала на лісты.

І па-ранейшаму «па сумяшчальніцтве» заставалася дамашнім лекарам: клапацілася аб здароўі дзяцей і Івана Пятровіча.

— Па бацькоўскай лініі мама паходзіла з заможнага стараверскага роду і адрознівалася схільнасцю да аскетызму, — адзначае Таццяна Іванаўна. — У яе быў прыгожы голас, яна любіла спяваць, але ніколі не танчыла. Ёй часта даводзілася бываць на людзях, і апраналася яна добра, але ніколі не карысталася касметыкай; а тыя ўпрыгажэнні, якія дарыў тата, аддавала нам — Ліне, мне і Алесі.

Іван Шамякін з дачкой Таццянай.

Сам Шамякін лічыў сваю Машу ўзорнай спадарожніцай жыцця.

«Для мяне яна была вяршыняй усяго таго высокага, што несла ў сабе жонка і маці. Я аддаваў ёй перавагу над сабой, асабліва што датычыцца захавання маралі, духоўнасці, вернасці, адданасці...» — пісаў ён у аповесці «Слаўся, Марыя!». Там жа Іван Пятровіч прыводзіць такі выпадак. Аднойчы яны запрасілі пісьменніка, свайго суседа, і яго жонку пайсці разам у кіно. Але калега адмовіўся, спаслаўшыся на неадкладную службовую сустрэчу. Якое ж было абурэнне Марыі Філатаўны, калі ў кіназале яна заўважыла гэтага ашуканца з іншай жанчынай! Не, Марыя Філатаўна не пабегла да суседкі інфармаваць яе пра хлусню мужа, але пры сустрэчы з ім самім з'едліва высмеяла. Яе абуралі ўсякія непрыстойнасць, неахайнасць, здрада.

— Памятаю, калі ставіліся п'есы бацькі, ён рэгулярна сустракаўся з актрысамі. І мама дазваляла сабе жартам укалоць, паіранізаваць з яго з гэтай нагоды, — успамінае Таццяна Шамякіна. — Але тата як разумны мужчына адказваў на такія праявы рэўнасці павышанай увагай да жонкі. Ён заўсёды стараўся браць маму на банкеты, у службовыя камандзіроўкі, паездкі за мяжу.

Доўгія гады сям'я Шамякіна была вельмі шчаслівая. Але ў верасні 1991 года раптоўна памёр іх сын Аляксандр. Гэта стала для Івана Пятровіча і Марыі Філатаўны страшным ударам, ад якога яны так і не адышлі.

Калі Марыя Філатаўна цяжка захварэла і трапіла ў бальніцу, Іван Пятровіч кожны дзень наведваў яе, прыносіў садавіну, трымаў за руку, дзяліўся навінамі.

У 1998 годзе яго каханай спадарожніцы, з якой пражыў 58 гадоў, не стала. Вядома, падтрымлівалі дзеці, наведвалі ўнукі. Але пазбавіўшыся свайго дарагога анёла-ахоўніка, Іван Шамякін усё часцей адчуваў сябе асірацелым, страчаным. Ён чакаў сустрэчы са сваёй Марыяй. І праз шэсць гадоў пайшоў следам за ёй. На гэты раз — у вечнасць.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з сямейнага архіва Таццяны Шамякінай

Загаловак у газеце: Яго нетрывожнае шчасце

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.