Вы тут

Google супраць Аўстраліі. Чаму ІT-гігант прыстрашыў «краіну Оз»?


Амерыканская тэхналагічная карпарацыя Google можа адключыць функцыю пошуку ў сетцы на тэрыторыі Аўстраліі, калі прапанаваны ўрадам кодэкс для гульцоў медыярынку ўвойдзе ў сілу. Аб гэтым паведаміла The Sydney Mornіng Herald. Як адзначыла кіраўнічы дырэктар Google Australіa Мэл Сільва, дадзены закон пагражае цэласнасці бізнес-мадэлі пошукавай сістэмы. Аўстралійскія СМІ, у сваю чаргу, абвінавачваюць «карпарацыю дабра» ў атрыманні прыбытку за іх кошт. Закон, прапанаваны яшчэ летам 2020-га, зараз праходзіць слуханні ў сенаце Аўстраліі. Калі яго прымуць, тэхналагічныя кампаніі павінны будуць плаціць аўстралійскім СМІ за спасылкі на іх навіны ў пошукавай выдачы. На першым этапе законапраекта дадзенае рашэнне датычыцца толькі Google і Facebook. Чаму ІТ-гігант прыстрашыў «краіну Оз» (так самі месцічы называюць дзяржаву-кантынент) і чым можа скончыцца гэтае супрацьстаянне?


Ультыматум карпарацый

Спрэчкі паміж аўстралійскімі ўладамі і Google, на які прыпадае 95 працэнтаў усіх пошукавых запытаў у краіне, працягваюцца ўжо некалькі месяцаў. Але ў канцы мінулага тыдня кіраўнік аўстралійскага крыла карпарацыі Мэл Сільва вывела іх на новы ўзровень: назваўшы закон папросту неўжывальным, яна фактычна прад'явіла заканадаўцам ультыматум, адзначае «Бі-бі-сі». «Калі адпаведная версія кода стане законам, гэта не пакіне нам рэальнага выбару, акрамя як зрабіць пошукавік Google Search недаступным у Аўстраліі», — заўважыла Сільва, выступаючы перад сенатам у Канберы.

«Мы не адказваем на пагрозы», — адгукнуўся на гэта прэм'ер-міністр краіны Скот Морысан. «Дазвольце мне выказацца выразна: Аўстралія стварае правілы, па якіх можна чымсьці займацца ў Аўстраліі. Гэта адбываецца ў нашым парламенце», — дадаў кіраўнік урада, выступаючы перад журналістамі пасля пасяджэння сената.

Хоць Аўстралія — далёка не самы буйны рынак для Google, навінавы код для працэнтных адлічэнняў выданням можа стаць прэцэдэнтам, які захочуць узяць на ўзбраенне і іншыя дзяржавы.

Дарэчы, Facebook таксама выказаў гатоўнасць адмовіць сваім аўстралійскім карыстальнікам у магчымасці дзяліцца навінавымі артыкуламі. Гэтыя тэхкампаніі выступаюць супраць закона аб плаце за кантэнт СМІ праз спецыяльны навінавы код.

Законапраект цяпер знаходзіцца на разглядзе ў аўстралійскім парламенце. Заканадаўцы настойваюць, што за кошт бясплатнага распаўсюджвання навінавага кантэнту нерэгулюемыя ІТ-гіганты нарошчваюць свае аўдыторыі і прыбытак. А ў гэты час індустрыя, якая вырабляе такі кантэнт, і асабліва друкаваныя выданні, адчувае фінансавыя цяжкасці. Аўтары новага законапраекта прапануюць абавязаць уладальнікаў лічбавых платформаў уступіць у перагаворы са СМІ пра плату за іх кантэнт, і калі дамоўленасць не будзе дасягнута, кошт прызначыць незалежны арбітр.

Ёсць аб чым турбавацца

Пошукавік Google выкарыстоўвае абсалютная большасць інтэрнэт-карыстальнікаў у Аўстраліі. На думку ўрада, яго можна лічыць блізкім да сэрвісаў першай неабходнасці, але пры гэтым канкурэнцыя на рынку для яго адсутнічае. У мінулым годзе даходы Google ў Аўстраліі склалі амаль 4 мільярды долараў, пры гэтым кампанія заплаціла ў краіне толькі $45 млн падаткаў.

Аргументы прыхільнікаў закона заключаюцца ў тым, што лічбавыя платформы знаходзяць новых карыстальнікаў, калі тыя вяртаюцца шукаць навінавы кантэнт, і таму выданні маюць права на адлічэнні за журналісцкі прадукт ад тэхкампаній. Гэтыя сродкі ўмацавалі б індустрыю СМІ, якая страчвае прыбыткі з-за шырокадаступнага бясплатнага анлайн-кантэнту.

Паводле даных урада, з 2005 года друкаваныя выданні Аўстраліі пазбавіліся 75 працэнтаў прыбытку ад рэкламы. Што датычыцца даходаў ад рэкламы анлайн, то навінавым медыя тут таксама мала што дастаецца — з кожных ста аўстралійскіх долараў, выдаткаваных на лічбавую рэкламу, 81 сыходзіць Google і Facebook, тлумачыць бізнес-карэспандэнт «Бі-бі-сі» Кейт Сілвер. Дэпутаты таксама адзначаюць, што ў аўстралійскім сегменце Google на навіны прыпадае ўсяго 12,5 працэнта ўсіх пошукавых запытаў, і пагрозы кампаніі гучаць непрапарцыянальна агрэсіўна.

Заява з боку кампаніі цалкам сысці з Аўстраліі здаецца надзвычай незвычайнай, адзначае «Бі-бі-сі». Google дамінуе на рынку інтэрнэт-пошукавікаў з амаль 90-працэнтнай доляй. Амаль усе даходы карпарацыі — ад рэкламы. Той факт, што Google прыстрашыла спыніць дзейнасць у цэлай краіне, сведчыць аб тым, што кампаніі ёсць аб чым турбавацца.

Год пандэміі выдаўся для Google прыбытковым, тады як шматлікім мясцовым газетам прыйшлося нялёгка. І аўстралійскія палітыкі не першыя і не апошнія, хто на гэта паказвае. Па словах кампаніі, яна хоча дапамагчы фінансаваць журналістыку на месцах. Але ў той жа час Google, вядома, разумее, што аўстралійскі закон можа парушыць аснову яе бізнес-мадэлі, і тое ж самае потым паўторыцца і ў іншых краінах.

На крайні выпадак

Мэл Сілва заявіла, што закон створыць «нерацыянальны прэцэдэнт для нашага бізнесу і для лічбавай эканомікі». Калі кампаніі прыйдзецца рабіць адлічэнні за спасылкі і кароткія апісанні артыкулаў у выніках пошуку, гэта будзе супярэчыць прынцыпу свабоднага руху інфармацыі ў інтэрнэце. «Мы не бачым, як мы маглі б працягваць прапаноўваць нашы паслугі ў Аўстраліі, з падобнымі фінансавымі і аперацыйнымі рызыкамі», — сказала Сілва. У браўзеры Google з'явілася рэклама з тлумачэннем пазіцыі кампаніі.

На мінулым тыдні тут пацвердзілі, што кампанія ў якасці эксперыменту стала блакаваць вынікі пошуку, якія ўключаюць спасылкі на аўстралійскія навінавыя сайты, для аднаго працэнта карыстальнікаў. Па словах прадстаўнікоў Google, мэтай эксперыменту было паспрабаваць ацаніць кошт гэтых рэсурсаў.

Facebook летась таксама прыгразіў увесці для аўстралійскіх карыстальнікаў адпаведныя абмежаванні. Іх адзін з кіраўнікоў сацсеткі Сайман Мілнер назваў «патэнцыяльным сцэнарыем на крайні выпадак». Мілнер таксама адзначыў, што наяўнасць навінавага кантэнту ў сацсетцы не прыносіць ім амаль ніякага прыбытку. І Google, і Facebook сцвярджаюць: СМІ атрымліваюць выгаду ад таго, што дзякуючы лічбавым платформам іх матэрыялы становяцца даступныя вялікай колькасці чытачоў.

Карыстальнікі з Аўстраліі збянтэжаныя. Некаторыя мяркуюць, што прыйдзецца пераходзіць на іншыя пошукавікі. Іншыя задаюцца пытаннем, што адбудзецца з іх поштай на gmaіl і ці можна будзе працягваць карыстацца Google Maps і іншымі звыклымі сэрвісамі.

Раней гандлёвыя прадстаўнікі ЗША заклікалі Аўстралію адмовіцца ад закона, які «відавочна шкодзіць дзвюм амерыканскім кампаніям». Вынаходнік інтэрнэту сэр Цім Бернерс-Лі таксама выступіў з крытыкай плана ўлад Аўстраліі. Паводле яго слоў, з-за апошняга сусветная сетка не зможа свабодна функцыянаваць.

Тым часам стала вядома, што на мінулым тыдні адбылася знакавая падзея — Google пагадзіўся плаціць французскім выданням за публікацыю ўрыўкаў з навінавых гісторый у выніках пошуку. У 2019 годзе ў ЕС увайшоў у сілу новы закон аб аўтарскіх правах, на аснове якога альянс французскіх СМІ здолеў дамовіцца аб выплатах з ІТ-гігантам. Такое пагадненне — першае за ўсю гісторыю Еўропы. Google пакуль падпісала дагавор толькі з некалькімі найбуйнейшымі выданнямі ў Францыі, уключаючы нацыянальныя штодзённыя газеты Le Monde і Le Fіgaro.

Інструмент Google для аплаты навінавых выданняў, які называецца Google News Showcase, — гэта яшчэ адзін распрацаваны ім новы прадукт, які дазваляе выдаўцам курыраваць уласны кантэнт у інтэрнэце. Пакуль ён даступны толькі ў Бразіліі і Германіі.

Захар БУРАК


Еўропа пабудуе ўласныя воблачныя сэрвісы і створыць альянс

Францыя і Германія маюць намер стварыць еўрапейскую воблачную платформу для зніжэння залежнасці Еўропы ад замежных платформ. Як піша партал SoftPedіa, платформа, якая атрымала папярэднюю назву Gaіa-X, нацэлена на зніжэнне залежнасці еўрапейцаў ад амерыканскіх «аблокаў».

Упершыню аб планах па стварэнні такога роду сістэмы, па даных The Wall Street Journal, стала вядома ў 2019-м, аднак на той момант у гэтым пытанні не было ніякай канкрэтыкі. Цяпер жа ў Gaіa-X з'явіцца распрацоўшчык у выглядзе створанай спецыяльна для гэтых мэт некамерцыйнай арганізацыі, у склад якой увойдуць пераважна еўрапейскія кампаніі. Удзельнікаў будзе, па меншай меры, больш за 100. У іх ліку такія кампаніі і аператары сувязі, як Bosch, Sіemens, Dassault Systemes, SAP і Orange разам з Deutsche Telekom.

Запуск платформы Gaіa-X, паведаміла Reuters, папярэдне запланаваны на 2021-ы, але спачатку, магчыма, яна будзе функцыянаваць у якасці прататыпа. Па словах міністра фінансаў Францыі Бруно Ле Мэра, у перыяд крызісу, выкліканага пандэміяй каранавіруса, многія еўрапейскія кампаніі перайшлі на аддаленую работу, што і патрабуе паскоранага стварэння бяспечнай воблачнай платформы, якая функцыянавала б з захаваннем еўрапейскіх законаў.

Па словах міністра эканомікі Германіі Петэра Альтмаера, каб зрабіць свой унёсак у стварэнне і развіццё Gaіa-X, замежным прадпрыемствам прыйдзецца выканаць шэраг умоў. Пад імі ён меў на ўвазе «еўрапейскія правілы і стандарты», у тым ліку і ў пытаннях перадачы і сумяшчальнасці даных. Запрашаючы іншыя краіны далучыцца да праекта, Альтмаер заявіў, што Gaіa-X — гэта інструмент аднаўлення тэхналагічнага суверэнітэту Еўропы.

Еўрапейскі саюз створыць уласную індустрыю воблачных вылічэнняў. 27 краін ЕС дамовіліся выпрацаваць агульны падыход да развіцця адзінай воблачнай інфраструктуры. Як мяркуецца, у праект будзе прыцягнута 10 мільярдаў еўра, з іх два млрд укладзе выканаўчы орган ЕС, а астатнія сродкі паступяць як ад краін — членаў ЕС, так і ад прыватных прамысловых канцэрнаў. Куратарам гэтага маштабнага мерапрыемства стане новая арганізацыя — Еўрапейскі альянс па прамысловых даных і «аблоках».

Дарэчы, краіны Старога Свету і раней спрабавалі ўкараніць алгарытмы, якія дазволілі б канкурыраваць з замежнымі карпарацыямі. Так, у 2016 годзе кампанія Deutsche Telekom запусціла воблачны сэрвіс Open Telekom Cloud у партнёрстве з Huaweі, якая пастаўляла апаратна-праграмныя рашэнні.

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.