Вы тут

Як навука дапамагае змагацца з «хваробай стагоддзя»?


Беларускія анколагі, якія працуюць на базе РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, актыўна займаюцца навуковымі распрацоўкамі. Сёння без гэтага праводзіць эфектыўнае лячэнне немагчыма. Бо ў медыцыне, і ў першую чаргу гэта якраз датычыцца злаякасных пухлін, новыя метады з'яўляюцца кожныя тры-пяць гадоў. І пра тое, як змагаюцца з ракам сёння, яшчэ нават не дзесяць, а пяць гадоў таму немагчыма было і марыць. Дзякуючы высокатэхналагічным метадам дыягностыкі і лячэння паступова адно з самых цяжкіх захворванняў ператвараецца са смяротнага ў хранічнае — у Беларусі ўжо больш за палову пацыентаў (54 %) пераадольваюць пяцігадовы парог выжывальнасці, і з кожным годам гэтая лічба павялічваецца.


Сёлета калектыў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі за цыкл работ «Новыя метады дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў у дарослых і дзяцей». У калектыве аўтараў — вядомыя беларускія анколагі: Алег Суконка, Сяргей Красны, Вольга Алейнікава, Віктар Кахнюк, Віктар Малькевіч і Сяргей Палякоў. Работы прысвечаны новым метадам лячэння раку прастаты, мачавога пузыра, тоўстай кішкі, ныркі, стрававода і страўніка, запатэнтаваным беларускімі ўрачамі.

Пра тое, над чым цяпер працуюць беларускія анколагі, мы паразмаўлялі напярэдадні Дня беларускай навукі з намеснікам дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Сяргеем Красным.

— У нашым навукова-практычным цэнтры працуюць 25 дактароў навук і амаль 80 кандыдатаў навук — вялізны штат вышэйшай навуковай кваліфікацыі. Але не выключна яны займаюцца навукай, а і многія спецыялісты без навуковай ступені. Прычым гэта не толькі ўрачы — біёлагі, хімікі, фізікі, радыебіёлагі. Адначасова нашы навуковыя супрацоўнікі — гэта высокакваліфікаваныя ўрачы, якія аказваюць лячэбную дапамогу пацыентам, гэтак жа як нашы ўрачы з клінічнага штату, з задавальненнем удзельнічаюць у навуковых даследаваннях, рыхтуюць публікацыі, удзельнічаюць у навуковых праектах, абараняюць дысертацыі.

Што датычыцца саміх навуковых даследаванняў, то ў медыцынскай галіне яны займаюць значнае месца. З усіх доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, якія абараняюцца ў краіне за год, прыкладна каля чвэрці — у медыцыне.

— Якія ёсць кірункі ў сферы навуковых зацікаўленняў вашых спецыялістаў?

— Трэба сказаць, што анкалогія — тая галіна, якая найбольш дынамічна развіваецца. І метады дыягностыкі і лячэння кардынальна мяняюцца кожныя тры-пяць гадоў. Адпаведна, трэба развіваць новыя, якія дазваляюць атрымліваць яшчэ больш важкі вынік. У нас праводзіцца ад 50 да 70 навуковых даследаванняў у год. Датычацца яны самых розных кірункаў.

Адзін з іх — распрацоўка праграм скрынінгу злаякасных пухлін. За апошнія гады мы скончылі тры навуковыя даследаванні па раку прастаты, малочнай залозы і коларэктальным раку. І атрымалі проста ўнікальныя вынікі. Распрацоўка новых дыягнастычных метадаў і праграм скрынінгу дазваляе атрымаць пры мінімальных укладаннях максімальны эфект. За кошт таго, што рэзка павялічваецца частата выяўлення пачатковых стадый злаякасных пухлін (прычым не толькі першай, а нават нулявой) і значна ўзрастае выжывальнасць пацыента з аднаго боку, а з другога — істотна зніжаецца кошт лячэння. Натуральна, зрабіць невялікую эндаскапічную аперацыю нашмат танней, чым вялікую аперацыю з рэзекцыяй жыццёва важных органаў, хімія- і прамянёвую тэрапію з неадназначным вынікам. Выжывальнасць пры нулявой стадыі складае 100 %, пры першай — больш за 90 %, і, зразумела, гэта несупастаўна з вынікамі лячэння пры 3-4-й стадыі.

У цяперашні час працуем над яшчэ дзвюма скрынінгавымі праграмамі. Адна з іх датычыцца раку страўніка, навуковае даследаванне было завершана ў 2020 годзе. Атрыманы абнадзейлівыя вынікі, і мы плануем гэту праграму распаўсюджваць у Беларусі. Пацыентам праводзяцца сералагічныя даследаванні па аналізе крыві, вызначаюцца суадносіны розных пепсінагенаў і наяўнасць хелікабактэр. Гэта вядомая бактэрыя, якая выклікае язвавую хваробу і рак страўніка. Калі аналізы паказваюць імавернасць пухліны ці атрафічных працэсаў, наяўнасць хелікабактэр, то робіцца гастраскапія. У адпаведнасці з вынікамі гастраскапіі праводзіцца лячэнне.

Цяпер праводзіцца і даследаванне па распрацоўцы скрынінгу раку лёгкага. Паколькі пераважна гэта хвароба курыльшчыкаў, менавіта на іх і разлічана праграма. Скрынінг заключаецца ў правядзенні нізкадозавай камп'ютарнай тамаграфіі. Калі выяўляюцца невялікія ўтварэнні ў лёгкіх, яны потым выдаляюцца. І ў залежнасці ад вынікаў гісталагічнага даследавання праводзіцца адпаведнае лячэнне. Як толькі будзе закончана праграма, мы зробім вывады.

Паколькі дзякуючы скрынінгу і ранняй дыягностыцы выяўляецца вялікая колькасць пацыентаў з невялікімі пухлінамі, якім не трэба рабіць маштабныя аперацыі і прымяняць складаныя метады лячэння, то развіваецца цэлы кірунак па распрацоўцы новых метадаў мінімальна інвазіўнага лячэння. Гэта разнастайныя метады радыечастотнай ці электрамагнітнай аблацыі, розныя эндаскапічныя аперацыі: лапараскапія, таракаскапія. Шэраг навуковых праектаў праводзіцца ў гэтым кірунку, яны даюць выдатныя вынікі: пацыента вылечваюць на працягу аднаго-двух дзён, часам нават амбулаторна, праз некалькі дзён ён можа прыступаць да звычайнага жыцця, цалкам пазбавіўшыся ад пухліны.

Яшчэ адзін кірунак з'явіўся адносна нядаўна. Мы можам праводзіць, наадварот, вельмі складаныя аперацыйныя ўмяшанні на жыццёва важных органах. Раней яны былі немагчымыя — пацыент проста не перанёс бы такую аперацыю. Звязана гэта з удасканаленнем анестэзіялагічнай дапамогі, з аднаго боку, з іншага — са з'яўленнем новых матэрыялаў: як сшывальных, так і інструментаў, а таксама разнастайнага абсталявання, якое дазваляе замясціць функцыі жыццезабеспячэння пацыента. Адпаведна, з'явілася магчымасць выконваць такія аперацыі, пра якія мы раней нават і не марылі. Выдаляецца пашкоджаны орган і выконваецца рэзекцыя або поўнае выдаленне органаў, якія пацярпелі. Гэта аперацыі на такіх жыццёва важных органах, як печань, лёгкія, сэрца, буйныя сасуды, пазваночнік, іншыя буйныя косткі.

Навуковыя праекты звязаны яшчэ з адным кірункам — камбінаванае і комплекснае лячэнне. Справа ў тым, што выдаліць складаную пухліну недастаткова. Бо дысемініраваныя пухлінныя клеткі, якія маюцца ў крыві ці косным мозгу, праз некаторы час сябе праявяць. Таму распрацоўваюцца эфектыўныя схемы хімія- і прамянёвай тэрапіі, якія дазваляюць значна палепшыць аддаленыя вынікі. Акрамя таго, нам на дапамогу прыйшлі, з аднаго боку, малекулярна-генетычныя даследаванні, з іншага — пазітронна-эмісійная тамаграфія, якая дазваляе выяўляць мікраметастазы. Што датычыцца малекулярна-генетычных даследаванняў, то мы можам у залежнасці ад той ці іншай мутацыі не ўсляпую, а дыферэнцыравана прызначаць хіміятэрапію з эфектыўнымі для гэтай мутацыі прэпаратамі. Акрамя таго, ёсць таргетныя прэпараты, накіраваныя на пэўную мутацыю. І прызначаць іх без малекулярна-генетычных даследаванняў увогуле не ўяўляецца магчымым.

— Над чым у найбліжэйшы час будуць працаваць беларускія анколагі?

— Вельмі цікавыя кірункі з'явіліся адносна нядаўна. Адзін з іх — пухлінныя маркеры новага пакалення. У цяперашні час будуць праводзіцца клінічныя выпрабаванні, праграма ўхвалена Цэнтрам экспертыз і выпрабаванняў. І калі пацвердзіцца эфектыўнасць, то далей будзем распаўсюджваць яе на тэрыторыі ўсёй краіны. Маркеры эфектыўныя пры любых пухлінах, але найбольш важныя пры пухлінах унутраных лакалізацый, якія складана дыягнаставаць звычайным шляхам.

Яшчэ адзін цікавы кірунак — вывучэнне дысемініраваных пухлінных клетак і тых, якія цыркулююць. Малекулярна-генетычнае даследаванне выяўляе пухлінныя клеткі ў крыві. Адчувальнасць метаду вельмі высокая: выяўляецца адна пухлінная клетка ў 100 мл крыві. Па-першае, дзякуючы гэтаму мы можам далей вызначаць прагноз захворвання. Натуральна, ён пагаршаецца, калі пухлінныя клеткі цыркулююць у крыві. Па-другое, мы можам вызначаць тактыку лячэння: калі пухлінныя клеткі зніклі, то далей можна не праводзіць хіміятэрапію. І наадварот, калі яны з'явіліся ці не знікаюць на фоне лячэння, трэба мяняць схему і працягваць лячэнне.

Яшчэ адзін цікавы кірунак — разнастайныя пухлінныя вакцыны: клетачныя, ДНК-вакцыны. І па тых, і па іншых мы цяпер праводзім даследаванне і спадзяёмся, што ў найбліжэйшы час будуць атрыманы вынікі. Адно з іх — беларуска-амерыканскае даследаванне па стварэнні ДНК-вакцыны супраць раку «Еленаген».

Варта адзначыць яшчэ і такое даследаванне, як мадыфікацыя геному клетак. Мы можам мяняць генетычную структуру клетак — пухлінных ці здаровых. Для чаго гэта робіцца? Калі ў пухлінных клетках прыбраць мутацыю, можна вылечыць рак, а ў здаровых (часцей за ўсё гэта клеткі імуннай сістэмы) мы можам актывізаваць імунны адказ, як гэта робіць САR-T-тэрапія. Мы мадыфікуем Т-лімфацыты, яны становяцца вельмі актыўнымі і могуць знішчаць у дадзеным выпадку клеткі лейкозу. Пакуль такі метад паказаў высокую эфектыўнасць у адносінах да лейкозу. Цалкам імаверна, што ў далейшым будзе такі ж эфект у адносінах да солідных пухлін.

Развіваецца і такі кірунак, як імунатэрапія злаякасных пухлін. Пасля таго як была прысуджана Нобелеўская прэмія за адкрыццё так званых імунных чэкпоінтаў, з'явіўся цэлы кірунак даследаванняў і метадаў лячэння, і ў Беларусі ў тым ліку. Пра пералічаныя мной даследаванні мы нічога не ведалі яшчэ некалькі гадоў таму, а сёння яны выратоўваюць жыццё многім пацыентам.

— Вядома, што лячыцца ў Беларусь прыязджае нямала пацыентаў. А ці едуць да нас вучыцца ўрачы з замежных клінік?

— Сапраўды, раней у нашым цэнтры праходзіла дыягностыку і лячэнне больш за дзве тысячы замежных пацыентаў у год. Цяпер у сувязі з СОVІD-19 гэта лічба зменшылася, але потым яны актывізуюцца зноў. Прыязджаюць і ўрачы, пераважна з краін СНД, па ўсіх кірунках анкалогіі. У нас добрыя ўмовы стажыроўкі — свой камфортны пансіянат, сталовая.

На базе РНПЦ працуюць два еўрапейскія цэнтры: адзін па брахітэрапіі (кантактава-прамянёвая тэрапія), другі — па анкагінекалогіі. Гэта значыць, што да нас рэкамендуюць прыязджаць урачам з розных клінік Еўропы для навучання і павышэння кваліфікацыі. Напрыклад, па анкагінекалогіі мы сертыфікаваны ўжо чатыры гады, і ўрачы з усёй Еўропы прыязджаюць да нас вучыцца і атрымліваюць сертыфікаты еўрапейскага ўзору. А зусім нядаўна мы былі сертыфікаваны як еўрапейскае клінічнае падраздзяленне для лячэння распаўсюджанага раку яечнікаў. Гэта надзвычай складаныя хірургічныя ўмяшанні. Прыязджалі замежныя спецыялісты, якія ацэньвалі кваліфікацыю нашых урачоў, і мы атрымалі адпаведны сертыфікат.

— Якія ў гэтым перавагі для пацыентаў?

— Еўрапейскі цэнтр — гэта найперш знак якасці аказання паслуг. Для пацыентаў гэта магчымасць атрымаць лячэнне на самым высокім узроўні. Яго якасць нават вышэйшая, чым у клініках іншых еўрапейскіх краін — Германіі, Францыі, Італіі, якія не сертыфікаваны аналагічна.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Стаўка на веды. У што верылі хлопцы і дзяўчаты 1920—30-х гадоў?

Стаўка на веды. У што верылі хлопцы і дзяўчаты 1920—30-х гадоў?

Якую ролю адыграла моладзь у эканамічным і культурным жыцці краіны.

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.