Вы тут

У выдавецтве «Беларусь» выйшаў альбом «Уладзімір Тоўсцік»


Выдавецтва «Беларусь» працягвае кніжную серыю «Палац мастацтва». Навінка — альбом «Уладзімір Тоўсцік». 


 

Заснаваная ў 2019 годзе серыя мастацкіх альбомаў, дзе галоўнае месца займаюць рэпрадукцыі мастацкіх работ, мае сваёй мэтай падрабязны расповед пра творчасць таго ці іншага майстра выяўленчага мастацтва. «Вывучэнне творчасці Уладзіміра Тоўсціка пераконвае ў тым, што ён сфарміраваўся адразу як „велічыня пастаянная“ са сваім сталым жанравым рэпертуарам, іканаграфіяй і характэрнай мастацкай мовай, — піша пра свайго героя мастацтвазнаўца Кацярына Ізафатава ў артыкуле „У люстэрку мастацтва і гісторыі“, якім адкрываецца альбом. — Можна ўмоўна вылучыць два перыяды творчасці мастака — да 1990-х гг. і пасля, адрозненне якіх праяўляецца не ў змене ідэйных установак, стылістычных формаў і метадаў жывапіснага выказвання, а галоўным чынам у змяненні якасці і функцыі колеравай палітры. Прыглушаная гама 1980-х гг. змяняецца яркім і інтэнсіўным каларытам, сама ж праблематыка, што ўсё ў новых і новых варыянтах увасабляецца на палотнах мастака, застаецца нязменнай і сёння, аб’ядноўваючы творы майстра розных перыядаў. 

З пэўнай паўтаральнасцю ў мастацтве Тоўсціка сустракаюцца працы, якія ствараюць касцяк характэрных тэм і матываў: „партрэты-карціны“, „гістарычныя легенды“ і „жаночы таямнічы свет“, што і абумовіла структуру альбома. Мудрагеліста пераплятаючыся, гэтыя змешаныя сюжэтныя ўтварэнні фарміруюць агульны іншасказальны жанр жывапісца, працяты гістарычнай рэфлексіяй». 

Першы раздзел — «Міфалогія гісторыі» — адкрывае захопленасць Уладзіміра Тоўсціка гістарычнай праблематыкай. Яшчэ ў 1986 годзе мастак стварыў «партрэт-карціну» «Памяці Уладзіміра Караткевіча». Толькі што пайшоў з жыцця класік беларускай літаратуры, аўтар неўміручых раманаў і аповесцяў. Уладзімір Сямёнавіч стаіць ля храма. Яго фігуру ў касцюме, белай кашулі асвятляе бялюткі снег. Да пісьменніка імчацца ваяры-коннікі. А на першым плане — жанчыны ля старадаўняга калодзежа... Да караткевічаўскай тэмы мастак вернецца і ў 1992-м — у працы «Ладдзя роспачы», і яшчэ праз тры дзесяцігоддзі — у трыпціху «Ладдзя Часу» (2006). 

Уладзімір Тоўсцік выбірае няпростыя шляхі, дзіўным чынам спалучаючы ў маштабе аднаго палотнішча і імкненне прачытаць той ці іншы гістарычны лёс, і спалучыць розныя часіны, праз вобразы-метафары выбудаваць мост паміж учора і сёння, мост да заўтрашніх здзяйсненняў нацыянальна свядомага сучасніка. «Перакрыжаванне часу і прасторы, рэальных персанажаў, — піша Кацярына Ізафатава, — дзеючых асоб і тых, хто адышоў у іншы свет, — усё гэта вызначае і характэрнае гучанне апошняй серыі партрэтных работ мастака „Блізкі позірк“, дзе ён адлюстраваў сваіх блізкіх па цэху сяброў і калег. Усе партрэтаваныя „выяўляюцца“ ў выразна персаніфікаванай атмасферы, знаходзяцца ва ўласнай „духоўнай“ прасторы, а метафарычнасць дадатковых дэталяў адсылае да метафізікі іх уласнай творчасці...» Угледзьцеся ў працы Уладзіміра Тоўсціка, прысвечаныя Гаўрыілу Вашчанку, Уладзіміру Кожуху, Уладзіміру Басалыгу, Мікалаю Селешчуку, Валерыю Даўгалу, Юрыю Гаўрыну, Георгію Скрыпнічэнку — і вы пераканаецеся ў гэтым. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Загаловак у газеце: Мастацкая мова гісторыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Адказ на гэтыя і іншыя пытанні ведае наша гераіня.

Грамадства

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Якой сёння павінна быць маладзёжная газета? Пра што і як размаўляць з моладдзю?

Грамадства

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

15 новых спецыяльнасцяў, у тым ліку чатыры абсалютна новыя, па якіх падрыхтоўка раней нідзе не вялася, адкрыюцца сёлета ў беларускіх ВНУ.