Вы тут

Мечнік Ярмол, альбо меч-трава


З беларускай пісьменніцай Людмілай Рублеўскай нашы чытачы ўжо знаёмыя. Мы пісалі пра экранізацыю аднаго з яе раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча». У мінулым нумары часопіса апублікавалі інтэрв’ю з ёй «Мае героі мной сапраўды кіруюць». А цяпер прапануем пазнаёміцца з казкай Людмілы Рублеўскай, якую яна пісала для дарослых. У цыкле «Карона на дне віра, або Казкі з хутара бабулі Юстыны» кожная казка — легенда пра паходжанне расліны, занесенай у Чырвоную кнігу Беларусі. Траўніца Юстына тлумачыць, чаму жывая кветка важней за ўпрыгожванні з золата, а для шчасця не абавязкова мець трон, і чаму трэба любіць сваю зямлю і паважаць памяць продкаў.


Кажаш, бег каля возера і парэзаўся аб такую брыдкую, калючую траву… Ну, па-першае, ты ўжо вялікі, і не варта плакаць ад драпіны. Зараз прыкладзем да парэзу лісцік трыпутніка, і ўсё зажыве. А трава, якая цябе парэзала, зусім не брыдкая. Але праўда, што вострая, як лязо.

А калісьці на берагах нашых блакітных азёр раслі толькі мяккія, пяшчотныя травы і кветкі. І так прыемна было збягаць проста з лясной сцяжынкі ў прахалодныя, чыстыя, як шклянка, хвалі. Ты ж ведаеш, што нашы, беларускія, азёры самыя прыгажэйшыя ў свеце? Ці не таму на нашу зямлю ўвесь час прывабліваліся хціўцы-нападнікі?

На беразе гэтага возера стаяў замак. Паўз яго, паміж возерам і лесам, ішла дарога да багатых і прыгожых беларускіх гарадоў. Князь і яго воіны, што жылі ў замку, ахоўвалі дарогу ад ворагаў. З аднаго боку ў гэтым ім дапамагалі хвалі возера, з другога — сцяна пракаветнага лесу. І самі воіны былі дужыя, як карабельныя сосны, і нястрымныя, як хвалі. Самым моцным сярод іх быў княскі мечнік, дужы рыцар па імені Ярмол.

Насамрэч паходжання быў ён зусім не рыцарскага, а нарадзіўся ў той самай вёсачцы, у якой жывуць зараз вашы бабуля і дзядуля. Але рос Ярмол такім кемным і дужым, што патрапіў на службу ў княскае войска, адразу — як просты жаўнер, а потым сваёй адвагай заслужыў прыхільнасць князя і ўрэшце рэшт — рыцарскае званне.

Бо рыцарам можна нарадзіцца і ў курной хаце, і не меч, нават выкаваны найлепшымі майстрамі, дае воіну моц — а мужнае сэрца. Не раз біўся Ярмол паперадзе дружыны. Не раз ратаваў жыццё свайму князю.

Каханне таксама не ведае званняў. Ніхто не падазраваў, чаму мечнік Ярмол так часта просіцца ў начную варту. Думалі — хоча паказаць, як верна службу нясе. І толькі поўня, якая заглядала ў пакой адзінай княскай дачкі Галены, ведала таямніцу.

Ярмол і Галена сустракаліся так часта, як маглі, але досыць рэдка, каб прага новай сустрэчы палала ярчэй за самую зыркую паходню на сценах вартавых вежаў.

У каханні, вядома, вялікая сіла.

І вялікая слабасць — у ім жа.

Князь атрымаў звесткі, што зноў ворагі збіраюцца ісці праз наш лес на сталіцу вялікага княства. Пакуль што дарогі не пылілі, напад чакаўся праз некалькі дзён. І як заўсёды, Ярмол выклікаўся вартаваць ад поўначы да світання на вежы, якая стаяла над самым возерам і ў якой былі пакоі князёўны. А іншых вояў прызначыў на тыя вежы, з якіх праглядалася дарога.

На гэты раз ворагі не пайшлі ні па дарозе, ні праз лес. Яны апоўначы прыплылі на чоўнах да сцен замка і закінулі на вышчарбленыя падчас шматлікіх аблогаў муры моцныя вяроўкі са сталёвымі крукамі.

А Ярмол, лепшы княскі рыцар, нічога не чуў. Ён глядзеў у бяздонныя вочы сваёй каханай, у якіх люстравалася поўня, і чулася яму адна пяшчотная музыка мілосці. І толькі калі замест поўні ўбачыў ён у вачах каханай водбліскі пажару, зразумеў — адбылося непапраўнае.

Калі Ярмол уварваўся ў бойку, палова рыцараў была ўжо забітая, князь сканаў з варожай стралой у шыі, і надзеі на ратунак не заставалася. Мечнік біўся, як дзясятак вояў. Пачуццё віны памнажала яго сілы, але і пазбаўляла абачлівасці. Бо ў бойцы таксама патрэбная абачлівасць — калі, вядома, ты не хочаш памерці. Ярмол прапусціў моцны ўдар, і ўпаў ля сцяны замка, на беразе возера, якраз з таго боку, які ён мусіў ноччу вартаваць — і не дапільнаваў.

Не, ён не загінуў. Але ці было яму ад гэтага радасці, калі, ачуняўшы, убачыў чорныя ад пажару муры замка, загінулых таварышаў… А калі ў роспачы азірнуўся, то заўважыў на хвалях возера, якраз пад вакном князёўны, нешта светлае — і быў гэта яе вэлюм…

Што ж, чыстыя хвалі возера — лепей, чым палон або ганьба…

І тады Ярмол разам са сваім баявым мячом зайшоў у хвалі, на якіх ужо люстравалася барва ўзыходзячага сонца, і ў адчаі ўзмаліўся:

«Няма апраўдання мне… Няма меры віны маёй… Дык няхай, Госпадзе, у выкупленне буду я вечна абараняць гэты бераг, воды гэтага возера ад ворагаў, і не буду адпачываць ані ўдзень, ані ўначы, ані ў спякоту, ані ў холад»…

Словы, сказаныя ад паўнаты адчаю, не знікаюць марна. І мечнік Ярмол ператварыўся ў высокую цёмную траву, якая рэжа, як сапраўднае лязо. Паспрабуй, прабяжыся скрозь такія зараслі — адчуеш моц вартаўніка. Нездарма назвалі гэтую расліну меч-трава.

Але ты не бойся ані траў, ані ворагаў. А калі здарыцца табе выбіраць паміж насалодай і цяжкім абавязкам, прыгадай мечніка Ярмола і меч-траву.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Прэв’ю: depositphotos.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.