Вы тут

Чаму Ян Чачот спяваў раздзелы Статута ВКЛ?


«Знаць Чачота ўсе павінны...», — заклікаў памятаць пра яго Францішак Багушэвіч. Ян Чачот быў першым, хто пасля доўгай нематы загаварыў у літаратуры на роднай беларускай мове і вярнуў ёй страчаны статус літаратурнай мовы, і тым самым сцвердзіў яе прысутнасць у сусветным прыгожым пісьменстве. Яго веліч і ў тым, што праз усе жыццёвыя нязгоды і нястачы ён захаваў чыстую душу, шчырае сэрца і чалавечую годнасць. «Хто дбае пра грамадскае дабро, інакш кажучы, пра шчасце, асвету і славу краю, хто рады прысвяціць яму самога сябе, аддаць яму ўсе здольнасці, сілы і маёмасць — з’яўляецца сапраўдным грамадзянінам», — лічыў у юнацтве Ян, і ўсё жыццё прытрымліваўся сваіх поглядаў.


У дзяцінстве Яну пашчасціла на сяброўства з Адамам Міцкевічам, з якім разам вучыўся ў Наваградскай школе. Іх аб’яднала паэзія і любоў да народнай творчасці, з якой, як з крыніцы, натхняліся. Разам яны ў 1815 годзе паступілі ў Віленскі ўніверсітэт. Але праз год Ян пакінуў універсітэт і пайшоў на вольныя хлябы — працаваць пісарам у камісіі па ўпарадкаванні спадчыны князя Дамініка Радзівіла. Рэчаіснасць губіла талент, прымушала развітацца з паэтычнай лірай і займацца нелюбімай справай, абы пазбавіцца «ганебнай галечы». Ён вывучае славуты Статут ВКЛ. Яго ўзнёслая натура адчувае прыгажосць старадаўняй беларускай мовы, ён зачараваны ёю і нават спявае раздзелы са Статута. Музыкальнасць гучала ў яго душы мелодыямі народных спеваў. Таму нядзіўна, што ён пісаў вершы ў стылістыцы народных спеваў, якія так любілі яго сябры па ўніверсітэту. Яны прызнавалі яго паэтычны талент. Для іх ён — ментар-настаўнік іх паэтычнай творчасці. Прынамсі, «народная паэзія» Чачота паўплывала на творчасць Адама Міцкевіча, натхніла яго на распрацоўку беларускага фальклору. Можна сказаць, што Чачот быў «хросным бацькам» ягоных славутых балад і паэм «Свіцязянка», «Гражына». Быў Адам удзячны сябру і за выхад сваіх першых кніг. Ян і рэдагаваў іх, і вычытваў карэктуру, і глядзеў за друкаваннем, з яго клопату і руплівасці яны пабачылі свет. Але больш за ўсё людзі цанілі Чачота за дабрыню і спагаду, хоць яму самаму даводзілася нялёгка.

Ён быў паўнюткі маладых сіл, калі можаш і хочаш шмат здзейсніць, але ад цябе мала што залежыць, і застаецца чакаць ласкі лёсу. Не ў характары Чачота чакаць, трэба было рабіць хоць нешта, каб змяніць і ўласнае непрагляднае становішча, і заганае грамадства да лепшага. «Што ж, і чарапахі неяк далазяць да мэты, а мы трохі ж хутчэй ходзім», — казаў Чачот. Адзінае, што ён мог, дык разважаць. Дзве яго працы — «Думкі для ніжэйшага класа» і «Думкі, якія павінен пашыраць вышэйшы клас» — гэта своеасаблівая праграма па маральным ўдасканаленні грамадства. Галоўную перашкоду для гэтага Чачот бачыў у царскім самадзяржаўі. «Грамадскае шчасце залежыць як ад добрых грамадзян, так і ад добрага ўрада... Найлепшы ўрад будзе там, дзе ўсе робіцца згодна з пажаданнем народа, а не з волі, капрызу і сілы аднаго». Не мірыўся ён і з няволяй сялян, «якая супярэчыць законам прыроды, цвярозаму розуму і нават чыстым эканамічным разлікамі і выклікае сорам у сэрцах людзей». Думкі яго светлыя, а ісціны простыя, таму што спрадвечныя. «Той, хто прысвячае сваю працу — фізічную ці разумовую — свайму краю, усё робіць для яго дабра, з’яўляецца адначасова карысным грамадству чалавекам і паважаным грамадзянінам».

Ян Чачот не рэалізаваў сябе ў краіне, дзе душыліся шчырыя і высакародныя пачуцці. За ўдзел у студэнцкім таварыстве філарэтаў Чачота пасля гадавога следства саслалі ў Сібір. Шэсць месяцаў ён гібеў і замярзаў у Кізільскай турме. А пасля вызвалення самотнае і галоднае жыццё. Адрэзаны ад духоўнага свету Радзімы, пакінуты адзінотай на «згрызенне сваім думкам», хворы і знясілены Чачот адчуваў сябе растаптаным да нікчэмнасці. Жывіла яго памяць пра вясёлыя маладыя гады, родныя сэрцу мясціны. «Адвык я ад думак высокіх». Муза яго замоўкла, але ён выжыў...

Толькі ў 1833 годзе ён вярнуўся на Беларусь, дзе яму дазволілі працаваць у Лепелі ва ўпраўленні інжынераў Бярэзінскага канала. Праз доўгіх шэсць гадоў яму дазволілі жыць на радзіме. Гэтыя гады Лепельскага жыцця не прайшлі дарэмна — ён збіраў народныя песні, «вельмі прыгожыя і дзівосныя». А вынікам працы ў багатай бібліятэцы Храптовічаў у Шчорсах стаў польскамоўны цыкл з 55 балад «Спевы пра даўніх літвінаў» — вершаваны пераказ гістарычных сюжэтаў, узятых з хронік. Пры жыцці гэты цыкл не быў надрукаваны.

Галоўнай жа справай жыцця Яна Чачота заставалася збіранне народных песень. «Які гэта скарб для адукаванага спевака і даследчыка! Колькі там нязмушанай і свежай паэзіі». Усяго Ян Чачот выдаў шэсць зборнікаў, надрукаваўшы ў іх каля тысячы народных песень (праўда, у пераказе на польскую мову). Толькі ў чацвёрты зборнік ён уключыў і беларускія арыгіналы, і 28 беларускамоўных сваіх вершаў. Першым Чачот не толькі ацаніў меладычную паэзію народных беларускіх спеваў, але і зразумеў іх гістарычна-мастацкую каштоўнасць, як духоўны скарб народа. Недарэмна ж гавораць, песні — душа народа. «Гэтыя песні, якія вызначаюцца сваёй наіўнасцю, прастатой і прыгажосцю, здолелі б неяк паказаць апрача сваёй прывабнасці нешта большае: характар, звычаі і норавы краю, дзе яны спяваюцца».

Знамянальным быў і выхад беларускамоўных вершаў. Упершыню за доўгія гады «мужыцкая мова», якая даўней шанавалася ў дзяржаўнай чыннасці, заявіла пра сваё права быць мовай прыгожага пісьменства. З маленькай кніжачкі Чачота і пачалася новая беларуская літаратура.

Апошні, шосты зборнік, які выйшаў у 1846 годзе, цалкам складалі арыгінальныя тэксты: песні, прыказкі і прымаўкі. Змясціў Чачот у ім і «Слоўнік крывіцкіх слоў», і такім чынам паклаў пачатак практычнай беларускай лексіграфіі. Вось чаму Францішак Багушэвіч і заклікаў памятаць Чачота. Падарванае ссылкай здароўе не спрыяла актыўнай дзейнасці, ды і адсутнасць трывалых сродкаў абмяжоўвала магчымасці Яна Чачота. Апошнія тры гады жыцця ён пражыў разам са студэнцкім сябрам Тамашам Занам у маёнтку Далматаўшчына. Збіраў песні, пісаў вершы, маліўся і ставіўся да ўсіх з сардэчнасцю і любоўю. У людскіх душах ён пакідаў светлы вобраз. «Ён быў душой філаматаў і філарэтаў, клікаў да набожнага і працавітага жыцця, да маральнай дасканаласці, дакараў людзей за празмернасць, дзе толькі і за кім заўважаў», — пісаў пра Чачота яго сябар Ігнат Дамейка. Калі Ян Чачот і не змог здзейсніць усяго таго, што хацелася яму ў маладосці, не зрабіў лепшым грамадства, дык усе ж сам стаў сапраўдным грамадзянінам роднага краю.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».