Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Для мяне прырода — гэта абсалютны прыярытэт


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка.​


Кіраўнік краіны размову пачаў з заўвагі, што пандэмія каранавірусу — гэта божае пакаранне для планеты, якое беларусы не заслугоўваюць.

«Мабыць, мы, беларусы, пакуль гэтага ў такім аб’ёме не заслугоўваем сваімі адносінамі да прыроды. Але тое, што свет звар’яцеў і па-варварску эксплуатуе прыроду, знішчае прыроду — гэта факт. Таму для мяне прырода — гэта абсалютны прыярытэт. Ёсць прырода — ёсць жыццё. Няма прыроды — няма жыцця»,  — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што чым больш па-хамску людзі ставяцца да прыродных рэсурсаў, тым горш жывуць, таму ён і надалей будзе надаваць вялікае значэнне ахове навакольнага асяроддзя.

«Зразумела, што гэта водныя рэсурсы, гэта лес, якім узнагародзіў нас Гасподзь, нашы балоты, што даюць асноўную частку кіслароду ў Беларусі, і гэтак далей. І мы павінны ўсё гэта захоўваць, і самае галоўнае — жыць у гармоніі», — канстатаваў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт нагадаў, што прыгажосць айчыннай прыроды неабходна берагчы, захоўваючы парадак за сабою пасля наведвання прыродных і ландшафтных тэрыторый.

«Ахова навакольнага асяроддзя — гэта ваша вотчына і вы самы першы і патрабавальны інспектар да тых, хто працуе ў лесе, перамяшчацца па рэках, рыбачыць на азёрах і гэтак далей. Як там справы?  Што вы бачыце, што вас не задавальняе? Як будзем працаваць далей?» — пералічыў Прэзідэнт пытанні, на якія хацеў атрымаць адказы ад міністра.

 

Кіраўнік краіны нагадаў, што прырода заўсёды нумар адзін — гэта яго ўнутраная ўпэўненасць. «Не можа чалавек нармальна жыць, калі ў яго забруджана ўсё навокал. Не можа. Таму я гляджу на малыя гарады, каб і ў Мінску была чысціня і парадак, каб больш дрэваў высаджвалі, каб па-варварску не адносіліся да гэтых дрэў і іншых насаджэнняў, каб усё было ў парадку», — дадаў ён.

Прэзідэнт папрасіў звярнуць у дакладзе асаблівую ўвагу на гідрамерыялогію. Некалькі гадоў таму, па словах кіраўніка краіны, ён выказваў сваё абурэнне тым, як працуе Белгідраметцэнтр.

 

«Павінен вам сказаць, што апошнім часам заварушыліся, і я вельмі ўважліва сачу за гэтым. Павінен вам сказаць — на тры дні абсалютна дакладны прагноз і нават на тыдзень. Амаль ніколі не памыляюцца. Ну на паўградуса, градус. Выразна змяніліся. Але неабходна ў гэтым напрамку працаваць, бо былі выдаткаваны сродкі, закуплена новая тэхніка, абсталяванне, людзей у пачуццё прывялі», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Каментарый у тэму

Міністр Андрэй Худык адзначыў, што Прэзідэнт трымае пытанні аховы асяроддзя, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, эфектыўнага выкарыстання зямлі на асаблівым кантролі.

«Разам з тым, вельмі складана трымаць адказ, бо кіраўнік краіны глыбока валодае пытаннямі, за якія адказвае наша міністэрства, а дзейнасць міністэрства шматгранная. Вобразна кажучы, — ад крышталічнага фундамента нашай Зямлі да азонавага слою. Гэта ўсё Мінпрыроды абавязана кантраляваць, кіраваць гэтымі працэсамі, ахоўваць і памнажаць», — запэўніў Андрэй Худык.

Па яго словах, Прэзідэнт даў даручэнні ўзмацняць дзейнасць ведамства па раней вызначаных кірунках. Перш за ўсё, гэта навядзенне парадку на зямлі, развіццё мінеральна-сыравінавай базы, застаецца пад увагай і гідрамерыяралагічная дзейнасць.

«Радуе тое, што становіцца ўсё менш нараканняў грамадскасці да нашага ведамства. Ёсць разуменне з грамадскімі арганізацыямі, нядрэнна, у цэлым, мы працуем з суседзямі і ў тых сусветных канвенцыях, удзельніцай якіх Беларусь з’яўляецца», — дадаў міністр.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.