Вы тут

Адбылася першая сустрэча з дэлегатамі ад абласной арганізацыі БРСМ


Першая сустрэча з дэлегатамі ад абласной арганізацыі БРСМ адбылася на базе Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Размова прайшла ў форме дыскусіі, падчас якой закранулі актуальныя пытанні, якія датычацца маладзёжнай палітыкі.


Падчас сустрэчы.

Па словах сакратара Гродзенскага абласнога абкама БРСМ Ганны Сарасек, падобныя сустрэчы праводзяцца ва ўсіх раёнах вобласці. Ад арганізацыі на сход вылучаны 21 чалавек. Гэта студэнты, прадпрымальнікі, прадстаўнікі МНС, спецыялісты розных галін гаспадаркі. Сярод іх пяць чалавек маюць дзяржаўныя ўзнагароды.

— Галоўная ідэя сустрэчы ў тым, каб пазнаёміць студэнцкую моладзь Гродна з удзельнікамі Усебеларускага сходу, — акрэсліла тэму Ганна Сарасек. — Разам з тым размова важная і для саміх дэлегатаў, якія могуць выслухаць студэнтаў і данесці іх прапановы да народнага форуму, дзе, безумоўна, будзе вызначана і маладзёжная стратэгія развіцця грамадства.

Сустрэча мела характар зацікаўленага дыялогу. Таму ўдзельнікі вызначалі яе як «дыялогавую пляцоўку». Так, па-сутнасці, і было. Тут падымаліся даволі актуальныя пытанні, тыя, што цяпер на слыху. Напрыклад, увядзенне так званага армейскага капіталу. Каб узняць прэстыж арміі і падтрымаць салдат-«тэрміноўшчыкаў», і ўзнікла такая ідэя. Сапраўды, чым дрэнна, калі малады чалавек вяртаецца з арміі і ўжо мае нейкі капітал, які можа, напрыклад, выдаткаваць на навучанне, жыллё ці адкрыццё нейкага стартапа. Пытанне толькі ў тым, які мае быць памер гэтага капіталу. Гучалі розныя прапановы. Ад мінімальнай зарплаты (400 рублёў) да сярэднямесячнай па краіне (за снежань — 1474 рублі). Гэтыя прапановы будуць перададзены гродзенскімі дэлегатамі ў камісію сходу. У сваю чаргу, апошнія падзяліліся сваімі ўласнымі поглядамі. Напрыклад, студэнт Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, дэпутат Усебеларускага сходу Алег Рыбчанка прапаноўвае пашырыць сістэму грантаў.

— У краіне існуе прэзідэнцкі фонд падтрымкі таленавітай моладзі, яго стыпендыятамі становіцца нямала маладых людзей. Лічу, што будзе справядліва, калі дзяржаўнай падтрымкай будуць ахоплены маладыя людзі — пераможцы абласных і рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў. Напрыклад, дадаць сюды пераможцаў конкурсу «Студэнт года», — рэзюмаваў малады дэлегат.

Трэба сказаць, што Алег — даволі граматны спікер, які аргументавана і пераканаўча даводзіць сваю пазіцыю. Мабыць, менавіта таму ён яшчэ і член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Алег расказаў, што прапановы маладых разглядаюцца на пасяджэннях пастаянных камісій. Цяпер многія з такіх прапаноў знаходзяцца ў распрацоўцы. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці рэалізаваны праект інтэлектуальнай гульні, скіраванай менавіта на студэнцкую моладзь.

Абмеркавалі падчас сустрэчы і пытанне ўзросту. Як вядома, моладзь у Беларусі — гэта людзі ад 14 да 31 года. Менавіта да гэтага перыяду дзейнічаюць адпаведныя льготы. На думку студэнтаў, гэты ўзрост варта «падняць» да 35 гадоў.

А вось Бажэна Ярэміч, магістрантка Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, на сходе збіраецца ўнесці наступную прапанову. Яна лічыць, што студэнты-«платнікі» пры размеркаванні павінны на роўных умовах канкурыраваць за найлепшае месца са студэнтамі бюджэтнай формы навучання.

— У нас ва ўніверсітэце ёсць сістэма зніжак для тых, хто вучыцца платна, але звычайна ўзнікаюць цяжкасці пры пошуку работы. Можна было б для «платнікаў», якія заканчваюць ВНУ з высокімі адзнакамі, прапаноўваць выбар рабочага месца, як гэта робіцца для «бюджэтнікаў». Бо сярод студэнтаў платнай формы навучання нямала здольных, адораных людзей. Таму яны павінны ўдзельнічаць у размеркаванні за найлепшае месца нароўні з бюджэтнікамі, — лічыць Бажэна.

Свае прапановы падчас сустрэчы са студэнтамі агучыла і дэлегат Усебеларускага сходу Юлія Гарашнякова. На яе думку, стаўка на моладзь — гэта стаўка на будучае краіны. Бо моладзь можа генерыраваць яркія, крэатыўныя ідэі, якія затым варта граматна рэалізоўваць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».