Вы тут

Вясковыя школы Віцебшчыны не забываюць аснашчаць сучаснай тэхнікай


У школах і іншых навучальных установах Падзвіння ў апошні час усё часцей абсталёўваюць новыя камп'ютарныя класы. І, што вельмі справядліва, не толькі ў абласным цэнтры і буйных гарадах, але і ў глыбінцы. Дарэчы, ужо шмат вясковых школ можа даць фору віцебскім у пытанні камп'ютарызацыі.


Летась толькі ў апошнім квартале Міністэрствам адукацыі было вылучана для патрэб Віцебшчыны каля 500 камп'ютараў і 80 мульцібордаў агульным коштам 1 мільён рублёў.

А да сярэдзіны студзеня яшчэ больш за 30 мультыбордаў атрымалі ў Падзвінні для патрэб устаноў сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдне-спецыяльнай адукацыі. Кошт аднаго такога экзэмпляра — каля 7-8 тысяч рублёў.

Нават у самых аддаленых вёсках, дзе ёсць школы, няма праблем з выхадам у Сусветную павуціну. Такога дзікунства і вар'яцтва, як у некаторых краінах, каб людзі забіраліся на дрэва ў пошуках устойлівага доступу ў інтэрнэт, у беларускай глыбінцы няма. Дзе адсутнічае «інтэрнэт у валакне», ёсць мабільны.

Вялікі аб'ём работ у пытанні камп'ютарызацыі сістэм адукацыі робіцца ў рамках мадэрнізацыі ў пасёлках. Штогод, як у свой час і прапанаваў Прэзідэнт, у кожнай вобласці мінімум па два такіх населеных пункта атрымліваюць «другое дыханне».

У Прыдзвінскім краі рэалізуецца праграма, разлічаная да 2025 года. Як нагадаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, выступаючы перад дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу, работы па добраўпарадкаванні летась вяліся ў гарадскіх пасёлках Відзы — Браслаўскага і Обаль — Шумілінскага раёнаў.

Сёлета будуць добраўпарадкаваны і «перазагружаны» для больш дынамічнага развіцця гарадскія пасёлкі Асвея Верхнядзвінскага раёна і Сураж — Віцебскага. Шмат работы будзе і на аб'ектах Шумілінскага раёна — у рамках падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі».

Дарэчы, Суражскі дзіцячы сад — сярэдняя школа цяпер адна з найлепшых такіх устаноў у вобласці. Цяпер там будзе новы камп'ютарны клас... Прыемным дадаткам да гэтага для вучняў у пачатку чарговай чвэрці сталі па-сучаснаму абсталяваныя класы біялогіі, хіміі і фізікі — нават не ва ўсіх віцебскіх школах створаны такія ўмовы. І гэты факт пацвярджае правільнасць абранага курсу на развіццё малых гарадкоў.

Праведзеная аптымізацыя ўстаноў адукацыі дазволіла знайсці неабходныя сродкі не толькі на ўтрыманне школ і дзіцячых садкоў, але і на рашэнне шэрагу іншых праблемных пытанняў, у тым ліку і камп'ютарызацыі, тлумачыць начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома.

За пяцігодку на ўмацаванне ўсёй мясцовай матэрыяльна-тэхнічнай базы сістэмы адукацыі было накіравана больш за 170 мільёнаў рублёў. У Дуброўне, Верхнядзвінску, Талачыне, Браславе паспяхова рэалізуецца праект «Школа будучыні». І ён будзе працягнуты сёлета і ў наступныя гады ва ўсіх рэгіёнах вобласці.

У Віцебску днямі ў СШ № 40 імя М. М. Громава (адной з самых вялікіх па колькасці школьнікаў — тут іх прыкладна 1700) устанавілі новыя «інтэлектуальныя настольныя машыны».

Нядаўна ў кабінеце інфарматыкі СШ № 6 запусцілі трынаццаць камп'ютараў.

А да гэтага ў СШ № 29 імя В. В. Піменава замянілі тэхніку ў аналагічным кабінеце. Таксама трынаццаць новых, як кажуць дзеці, кампоў цяпер выкарыстоўваюць там «па поўнай». Як адразу адзначылі вучні, якія апрабавалі падарунак ад дзяржавы, камп'ютары па аператыўнасці і хуткасці значна апярэджваюць сваіх «папярэднікаў».

А раней старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў уручыў кіраўніцтву віцебскай СШ № 4 сертыфікат на камп'ютарны клас (13 апаратаў). Вучэбная ўстанова для паляпшэння тэхнічнага забеспячэння вучэбнага працэсу была выбрана невыпадкова. Менавіта яна — адна з самых вялікіх па колькасці вучняў у горадзе. Іх тут каля 1,1 тысячы. Для параўнання, прыкладна столькі ж вучыцца ў адну змену ў новай школе, якая адкрылася ў верасні ў спальным мікрараёне «Білева».

У віцебскай СШ № 4 школьнікі актыўна ствараюць і прасоўваюць розныя вэб-праграмы і праекты віртуальнай рэальнасці. І некаторыя добра вядомыя далёка за межамі Віцебшчыны. Разам з новымі ў школе цяпер каля шасцідзесяці камп'ютараў. Кіраўнік аблсавета выказаў упэўненасць, што апошнія будуць запатрабаваныя заўсёды, і нават падчас канікул. Пахваліў педагогаў за тое, што тыя з захапленнем раскрываюць хлопчыкам і дзяўчынкам камп'ютарны свет. У сваю чаргу, настаўнікі і дзеці раскрылі тое, што зрабілі і яшчэ толькі плануюць. Іх напрацоўкі могуць выкарыстоўвацца ў сферах адукацыі, рэкламы, забаў...

Менавіта набліжэнне да патрэб рэальнасці — сусветны адукацыйны трэнд, алгарытм і вектар у прафесійнай падрыхтоўцы айцішнікаў яшчэ са школьнай парты.

Нягледзячы на не самыя лёгкія ў эканамічным плане мінулы і бягучы гады, дзяржава працягвае клапаціцца пра тое, каб беларускія школы па сваім «тэхнічным начынні» не адставалі ад часу.

У Падзвінні распачалі рэалізоўваць інавацыйны пілотны праект «Укараненне бесперапыннай сістэмы адукацыі «Школа — універсітэт — вытворчасць». Так, у Віцебску ў дзвюх сярэдніх школах і дзвюх гімназіях сфарміравалі ІT-класы. Ініцыятары і каардынатары праекта — Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава і найбольш вядомыя беларускія ІT-кампаніі. З часам гэты вопыт будзе распаўсюджвацца і на перыферыі — бо і там нямала адораных і мэтанакіраваных хлопчыкаў і дзяўчынак.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Алега Клімовіча

Загаловак у газеце: «Лічба» ў глыбінцы не адстае

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.