Вы тут

Творчая праўда Наталлі Матыліцкай


Аўтэнтык­-стыль займеў нямала прыхільнікаў па свеце. Фалькларыстка-­навукоўца і этна­спявачка Наталля Матыліцкая распавядае, як аўтэнтычная песня прабівалася на сцэнічныя пляцоўкі ў Беларусі.

Гэта параўнальна нядаўна, пачынаючы з 2000‑х, у галіне культуры пачалі ўсяляк спрыяць развіццю аўтэнтычных формаў фальклору. Раней жа імі займаліся навукоўцы-фалькларысты, этнамузыколагі, але на сцэне аўтэнтыка не віталася. Ды былі людзі, якія ўпарта прытрымліваліся такога кірунку на сцэне. Сярод іх Наталля Матыліцкая — фалькларыстка, якая спявае аўтэнтычныя песні. Наталля Віктараўна пасля філфака БДУ закончыла аспірантуру па спецыяльнасці фалькларыстыка ІМЭФ Акадэміі навук Беларусі. Яна выкладае беларускую міфалогію й фальклор на кафедры этналогіі ды фальклору Беларускага дзяржуніверсітэта культуры й мастацтваў. Зусім не аматар у гэтай справе — сур’ёзны даследчык. Наталля Матыліцкая спявае песні, якія сама й запісала ў часе фальклорных экспедыцый, найлепшым чынам даносіць іх каштоўнасць сучаснаму слухачу. Выступае сольна і ў складзе фальклорных гуртоў больш за 30 год.


З Наталляй Матыліцкай мы гутарылі пра тое, як цяжка аўтэнтычная песня прабівалася на сцэнічныя пляцоўкі, адваёўвала месца пад сонцам у нашым часе.

Наталля Матыліцкая ў Слуцкім строі

— Як здарылася, Наталля Віктараўна, што пачалі вы спяваць аўтэнтычныя песні?

— Любоў да аўтэнтычных спеваў адчула ў часе навучання на філфаку. Ладзілася ў нас фальклорная практыка: студэнты выязджалі ў вёскі ды запісвалі песні бабуль. Тады я іх пачула ўпершыню. У той час аўтэнтычныя песні не прынята было спяваць у канцэртных залах. Фальклор на сцэне выконваўся толькі ў апрацоўках — бо хацелі тады стварыць новы фальклор, сучасны. А класічны, аўтэнтычны, “ад бабулек”, перастаў быць запатрабаваным. У першай сваёй экспедыцыі я запісала вясельную песню “Каб я знала ды я ведала”: яна й сёння ў маім рэпертуары. Песню адзін у адзін паўтарыла за бабуляй. Дарэчы, на той практыцы было больш за сто будучых філолагаў, але ніхто з іх, здаецца, так і не заспяваў. Сяброўка мая ведала, што я захапілася аўтэнтычнымі песнямі, прапанавала паспяваць іх на яе вяселлі ў Мінску. Я й заспявала перад гасцямі, сярод якіх быў і Уладзімір Бярбераў. Ён якраз хацеў стварыць фальклорны гурт, шукаў салістку, якая магла б спяваць у такой манеры. А тут я! Можна сказаць, нас звёў сам лёс. Так мяне прынялі ў гурт “Ліцьвіны”.  

— Ці не бянтэжыла вас, што аўтэнтычны фальклор на той час быў не зусім “модным”?

— Я не ганюся за тым, што “моднае”. Люблю новае й цікавае, у дадзеным выпадку — незаслужана забытае. Хутчэй я з тых, хто запачаткоўвае новую “моду”. Гурт “Ліцьвіны” распачаў яе праз аўтэнтыку: адным з першых у Беларусі выйшаў з аўтэнтычнымі песнямі ды строямі на сцэну. Памятаю, як тыя, хто сёння тое спрабуе паўтарыць, гаварылі нам: “Злезьце, так спяваць нельга! Такім гукам, неапрацаваным, неакультураным, як “бабкі” спяваюць, ды яшчэ на сцэне, у Мінску!.. Ды хто вам дазволіў такое рабіць?” Але я ж фалькларыст! Верыла, што праўда на маім баку: нельга  ўзяць у бабулек фальклор, апрацаваць яго і лічыць, што толькі апрацоўка мае права на існаванне. Вось і вырашыла даказаць, што “песні бабулек”, у такім першародным стане, будуць гучаць нават на еўрапейскіх сцэнах. І мы з “Ліцьвінамі”, а я потым і сольна, тое даказалі. Але хто ў Беларусі адразу ўспрыняў этна-кірунак? Якраз музычнае асяроддзе прыняло яго ў штыкі! Таму што многія тады спявалі ў сваім рэчышчы апрацаванай песні. Ды былі ўпэўненыя: толькі так адзіна правільна! Але ж ідэі могуць быць памылковымі. І час тое паказаў.

— Тое тычыцца, дарэчы, не толькі ідэй у мастацтве…

— Безумоўна! Увогуле пра барацьбу добрага старога з новым, пра пераемнасць традыцый можна шмат разважаць. Але ж факт: сёння аўтэнтычны фальклор гучыць на многіх сцэнах Беларусі. Прычым ад самага пачатку былі тыя, хто вітаў такі падыход, прыняў новую фальклорную стылістыку. Беларускія пісьменнікі былі ўзрушаныя: “Нарэшце сапраўдны фальклор пайшоў!”. Помніцца, народны паэт Ніл Гілевіч нават прысвяціў “Ліцьвінам” эсэ “Вольная песня «Ліцьвінаў »”. Гурт наш пачалі запрашаць выступаць на сцэне Дома літаратараў: тады вельмі часта ладзіліся музычна-літаратурныя вечарыны. На жаль, цяпер таго няма. Нас віталі й беларускія мастакі. Таму я люблю й мастацкае асяроддзе, якое адно з першых падтрымала нашу творчасць. Але мяне ніколі не пакідала мара паездзіць па вёсках і там паспяваць аўтэнтычныя песні. Бабулькі, якія іх ведалі, адыходзяць у Вечнасць, а маладзейшыя чулі фальклор толькі ў харавых апрацоўках. І мару мне ўдалося ўвасобіць на Случчыне, у вёсцы Гацук. Зладзіць канцэрт нам дапамагла выдатная жанчына, якая працавала ў мясцовым клубе. Гэта быў 1993 год, тады некаторыя не разумелі, навошта гэты аўтэнтычны фальклор, а яна ж тым цікавілася, збірала аўтэнтычныя рэчы, калекцыянавала слуцкае традыцыйнае адзенне. Таму й парупілася: знайшла для нас аўтобус, дамаглася, каб мясцовае кіраўніцтва аплаціла нам выступ. На канцэрт сабраліся вясковыя людзі, каб паслухаць свой “сапраўдны” фальклор. Таксама было прыемна, што прыехалі й мае бацькі з суседняй вёскі. Гурт “Ліцьвіны” на пачатку 90‑х на гастролі пачаў выязджаць і ў іншыя краіны. Першая паездка была на Украіну: там было на той час значна лепш з украінскім фальклорам і традыцыйнай культурай, чым у нас. Там нас вельмі цёпла сустрэлі, зладзілі для нас шмат незапланаваных выступленняў. Потым мы патрапілі на фэст “Wіelkіe Ksіȩstwo Lіtewskіe” ў Польшчу. Я да таго часу не была на фэстах такога ўзроўню: аўтэнтычны фальклор прадстаўлялі ўсе народы былога Вялікага Княства Літоўскага! У нас нічога такога й блізка не было. Потым быў фэст фальклорнай музыкі ў Літве “Звініце, звініце, гуслі!”. Там змаглі мы пачуць нават фальклорныя гурты з Афрыкі…

— У гурце “Ліцьвіны” вы адразу сталі салісткай — дзякуючы свайму прыроднаму дару. Але быў час, калі вы адтуль сыходзілі, каб спяваць сольна…

— Так, я ажыццявіла свой этна-праект “Наталля Матыліцкая”. Выступала на розных пляцоўках. Напрыклад, у 2008‑м спявала сольна ў Маскве на Міжнародным фестывалі фальклору “Еврофолк”: там былі спевакі й музыкі з 15 краін. Я прадстаўляла Беларусь у аўтэнтык-стылі, праграму спявала адна 40 мінут пад акампанемент дудара. Выступленне ў прамым эфіры транслявалася многімі радыёстанцыямі Еўропы. У мяне была мэта: паказаць, што наш аўтэнтычны фальклор можна спяваць сольна, не толькі гуртом. А гуртом спяваць, вядома ж, лягчэй, чым сольна: побач іншыя спевакі, шмат муз-інструментаў. Аднаму сабраць вакол сябе музыкаў, справіцца з вялікай праграмай — складаней. Фактычна ў аўтэнтык-стылі я заспявала сольна першай у Беларусі. Мой першы дыск “Пчолачка” таксама сольны. “Пчолачка”, дарэчы, — гэта веснавы Слуцкі карагод. Нашу Случчыну я ўсяляк “раскручваю”, бо, як кажуць, кожны кулік сваё балота хваліць: я ж адтуль родам, і вялікую прыхільнасць маю да малой радзімы. Для мяне, дарэчы, і сустрэчы з землякамі-слуцакамі заўсёды важныя. У многіх з іх я заўважаю адчуванне зямляцкасці.

— Ці пыталіся ў вас калі-небудзь пра вашу музычную адукацыю?

— Памятаю, прыйшла ў “Ліцьвіны”, дык Уладзімір Бярбераў адразу спытаў, ці вучылася дзесьці музычнай грамаце. На жаль, кажу, не. А ён мне ў адказ: “Дзякуй Богу”. Я нават сумелася. А справа ў тым, што навучаным спяваць у пэўнай манеры, з пастаўленым голасам, цяжэй асвойваць аўтэнтычны стыль. Гэта перашкаджае, а не дапамагае: іх даводзіцца перавучваць. Я сама перавучвала такіх. Найбольш таленавітыя адразу “пераключаюцца”, іншыя — даўжэй. У вёсцы Грэск, дзе я заканчвала сярэднюю школу, была і музычная, і я туды пайшла: узялі на акардэон. Але ж маці-інжынер мяне ў тым не падтрымала. “Ты ж добра вучышся, то навошта табе распыляцца?” — разважала яна.  А я сапраўды вучылася на выдатна і яе паслухалася. Пазней музычная грамата асвоілася ў часе рэпетыцый. Акрамя “Ліцьвінаў”, я спявала ў гурце “Юр’я”: там амаль усе прафесійныя музыканты. Яны дзяліліся са мной сваім досведам. А яшчэ раней, калі жыла на кватэры ў Заслаўі, сальфеджыо ды ігры на піяніна вучыла мяне гаспадыня, бабуля Ганна, у мінулым выкладчыца ў музычнай школе. Так што я маю ўяўленне пра ноты, інтэрвалы, танальнасці… Усе такія веды скарыстоўваю ў спеўна-канцэртнай дзейнасці.

— Цяпер ёсць нямала гуртоў, якія хочуць спяваць, выконваюць аўтэнтычныя песні. Як да іх ставіцеся?

— Станоўча. Памятаю, гадоў 13 таму да мяне прыйшоў Васіль Грынь, ён разам з сябрамі задумаў стварыць этна-гурт і прасіў мяне дапамагчы парадамі. Ва ўсіх тых хлопцаў былі “немузычныя” прафесіі. Я пагадзілася. І ўзнік гурт “Рада”, я ў ім была кіраўніцай па вакале й вакалісткай. Наш першы кампакт-дыск з “Радай” мы назвалі “Пяршак”: гэта мая назва, прычым з падтэкстам. Бо ён не толькі першы, але й моцны, як пяршак — моцны самагон.

— Вы спявалі ў розных гуртах. Чаму?

— Прычына была адна: калі адчувала, што не маю магчымасці развівацца далей у межах гурта, то сыходзіла ў “сольнае плаванне”. Так было з “Ліцьвінамі”, з гуртом “Рада”… Апошні быў навічком у музычнай справе. Быў гурт “Юр’я”, найбольш прафесійны, ён спалучаў аўтэнтычны вакал з гучаннем сучасных музінструментаў. Заснавальнік “Юр’я”, таленавіты кампазітар Юра Выдронак, быў калісьці адным са стваральнікаў гурта “Палац”, надзвычай папулярнага на пачатку 90‑х. Гурт “Юр’я” ў яго быў трэцім праектам. Я сама прыйшла туды, папрасілася спяваць, і мне далі магчымасць развівацца. Ды мяне ўсё роўна не пакідала жаданне выступаць сольна. І Юра Выдронак мяне ў тым падтрымаў: я сольна спявала на яго аўтарскім фэсце “Таўкачыкі”, які ён ладзіў на працягу 10 гадоў. Адначасова з выступленнямі ў розных гуртах і сольна я працавала ў дзяржаўных культурных установах. Спачатку гэта быў Гістарычна-культурны запаведнік “Заслаўе”, потым — Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры й побыту, пазней — Беларускі пед-універсітэт імя Максіма Танка, цяпер — Беларускі ўніверсітэт культуры й мастацтваў. Займацца толькі спевамі без адчувальнай фінансавай падтрымкі не атрымоўваецца. Але калі ты ідзеш наперадзе, робіш нешта важнае, як сам лічыш, то ўжо не да развагаў: падтрымліваюць цябе ці не. Важна ж для мяне вось што: вярнуць традыцыйнае спеўнае мастацтва беларусам, сцвердзіць сваю творчую праўду. І, тым не менш, падтрымка ўсё ж неабходная. Калі прапануюць — не адмаўляюся.

Наталля Матыліцкая ў Ляхавіцкім строі на фестывалі песні ды конкурсе народнага касцюма “Этнобазар” у Астрахані (Расія)

— Сёння вы працуеце на кафедры этналогіі й фальклору Беларускага дзяржуніверсітэта культуры й мастацтваў. Дзе знаходзіце ахвочых вучыцца ў вас?

— Фальклорнаму руху ў аўтэнтычнай стылістыцы ў Беларусі больш за 30 гадоў, ён займеў сваіх прыхільнікаў. Ёсць спеўныя асяродкі, у якіх выхоўваюць, развіваюць такія таленты. Быў заснаваны Рэспубліканскі фэст фальклорнага мастацтва “Берагіня”: кожныя два гады збірае на Гомельшчыне, у гарпасёлку Акцябрскі маладых пераемнікаў і носьбітаў традыцыйнай народнай культуры. Фэст заснаваны дзякуючы Міколу Козенку, вядомаму збіральніку й даследчыку беларускай народнай танцавальнай культуры, этна-харэографу. Не адно пакаленне моладзі пабывала на Купаллі ў Ракаве са сваімі танцамі ды спевамі. Сёння многія ведаюць пра нашу кафедру этналогіі й фальклору. Я ва ўніверсітэце не толькі чытаю лекцыі па міфалогіі й фальклоры. У 2004‑м у нас адкрылася інавацыйная спецыялізацыя этнафоназнаўства: мы навучаем аўтэнтычным спевам. У мяне быў і аўтарскі курс: пяць гадоў выкладала вакал у плыні гэтай спецыялізацыі. Мае вучні атрымалі дыпломы й раз’ехаліся на працу ў розныя куткі Беларусі. Цяпер калегі прадаўжаюць гэтую справу. А спецыялістаў, якіх рыхтуе наша кафедра, не рыхтуюць больш нідзе ў Беларусі! Пра нас ведаюць і ў замежжы. Нашы студэнты заваёўваюць першыя месцы на конкурсах і ў Санкт-Пецярбурзе! Кафедра больш за 10 гадоў праводзіць Міжнародную навуковую канферэнцыю “Аўтэнтычны фальклор: праблемы вывучэння, захавання, пераймання”. Паўдзельнічаць у ёй едуць навукоўцы з Расіі, Украіны, Славакіі, Польшчы, Літвы, Латвіі…

— Выканаўцы аўтэнтычных песень сёння — не рэдкасць, і слухачы прывыклі да іх з’яўлення на сцэне. А што далей?

— Такіх выканаўцаў значна больш, ды яны ўсё ж рэдкасць у нашым часе. Мяркую, варта прадоўжыць развіваць нашу традыцыйную культуру не толькі ў Мінску, але й на месцах. Яна там была, цяпер яе варта туды вярнуць. Сёння да таго заахвочваюць на дзяржаўным узроўні. У Беларусі больш за 15 гадоў дзейнічае Канвенцыя ЮНЭСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Але я бачу часам культработнікаў з глыбінкі на сваіх лекцыях, калі ладзяцца курсы павышэння кваліфікацыі, якія пра тое нават не ведаюць. І на Случчыне, дзе я нарадзілася, адзінкі людзей збіраюць і зберагаюць традыцыйныя строі, адшукваюць у архівах старадаўнія песні, развучваюць іх з моладдзю. Цягам 15 гадоў я выступаю ў традыцыйным Слуцкім строі: калісьці зрабіла яго рэканструкцыю за свае грошы. У мяне й Ляхавіцкі строй ёсць: аўтэнтычны, тканы на кроснах. У Ляхавіцкім жа раёне такі ёсць толькі ў краязнаўчым музеі. На некаторых раённых фальклорных святах рэжа слых: прадаўжае гучаць апрацаваны фальклор — песень аўтэнтычных не пачуеш… І гэта праблема не асобных раёнаў, а ўсёй Беларусі. Таму працы яшчэ шмат.

Ганна Лагун

Фота з архіва Наталлі Матыліцкай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».