Вы тут

Холад і цеплыня Самары


Хоць анамальна магутныя снегапады замялі гэты горад, аднак беларускае жыццё ў ім прадаўжаецца


Са СМІ многія ведаюць: Самару пасля Новага года замяло так, як не было амаль паўстагоддзя. Але паспелі яшчэ да снегападаў актывісты Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” ў святочных імпрэзах паўдзельнічаць. Скажам, у Доме культуры “Заря” праходзілі навагоднія спектаклі, на якія запрошаныя былі й дзеці з творчых калектываў, нядзельных школ нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў, якія ўдзельнічаюць у іх творчых імпрэзах, канцэртах. Там ім яшчэ й салодкія падарункі ўручылі. Добрая самарская традыцыя — і міжнацыянальная ёлка “Огоньки дружбы”, на якую запрашаюць дзяцей з нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў. Ладзіць яе Цэнтр сацыяльнага й міжкультурнага партнёрства “Содружество”. На абедзвюх святочных імпрэзах дзякуючы спрыянню “Руска-Беларускага Братэрства 2000” пабывалі дзеці з нядзельнай школы “Родны кут”, салісты дзіцячых беларускіх вакальных і харэаграфічных калектываў.

І прыкладна ў тыя ж дні па даручэнні прэзідэнта суполкі Ірыны Глускай актывістка Таццяна Даутава сустракалася ва Уфе з Артурам Карповічам: гэта новы дарадца-кіраўнік Уфімскага аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі. Таццяна — адміністратар і салістка беларускага вакальнага ансамбля “Каданс”, яна расказала пра планы суполкі, творчага калектыву, перадала віншаванне дыпламату ад праўлення “Руска-Беларускага Братэрства 2000” у сувязі з прызначэннем яго на пасаду. Артур Карповіч выказаў свае прапановы па наладжванні ўзаемадзеяння.

А яшчэ традыцыйная сустрэча беларускага актыву ў адзін з дзён Святак прайшла ў Самары. Гэта заўсёды, нагадаю, не проста пагружэнне ў традыцыі беларускага народа па святкаванні Калядаў, але й “каардынацыя сіл” на далейшыя справы. Цікавую, насычаную святочную праграму падрыхтавалі кіраўніца моладзевага аддзялення Юлія Цяплянская з мужам — адным з намеснікаў па грамадскай працы Георгіем Курмаковым. Калядныя гісторыі, віктарыны й конкурсы, карагоды й Калядныя песні — шмат чаго было. І, вядома ж, святочны стол з 12 стравамі беларускай кухні: куцця і адвар у цэнтры, бульбяная бабка й дранікі, смажанікі, цыбрыкі, бліны й блінчыкі з рознымі начынкамі, свіныя каўбаскі ды рулеты, саленні й хатняя выпечка, а пад святочным абрусам паслалі сена. Віншавалі сяброў-беларусаў з Навагоднімі й Каляднымі святамі Заграб Мірзаян, старшыня Армянскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “НАИРИ”, творчыя партнёры з 77‑й мінскай сярэдняй школы, з самарскага Цэнтра пазашкольнай адукацыі “Творчество”.

Мікалай Бойка, г. Самара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.