Вы тут

Таямніцы і адкрыцці. Цікавыя навіны з вобласці навукі


Удала схаваўся

Знайшлі від хамелеонаў, які лічыўся вымерлым

На Мадагаскары выявілі хамелеона Furсіfеr vоеltzkоwі, які не трапляўся на вочы навукоўцам з 1913 года і лічыўся вымерлым. Пераадкрыць страчаны від атрымалася ў нямецкіх герпетолагаў. У спробе высветліць яго лёс апошнія адправіліся ў аддаленую частку вострава, а жывых Furсіfеr vоеltzkоwі знайшлі не ў глухіх лясах, а ў садзе пры атэлі. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Sаlаmаndrа.

Герпетолагі рэгулярна выяўляюць на Мадагаскары новыя віды і падвіды хамелеонаў. На жаль, з-за хуткага знішчэння лясоў многія з даўно вядомых і нядаўна адкрытых відаў гэтых рэптылій апынуліся на мяжы вымірання. А некаторыя і зусім лічацца вымерлымі. Адзін з іх — Furсіfеr vоеltzkоwі, якога ўпершыню апісалі ў 1893 годзе, а апошні раз сустрэлі ў 1913-м. У сярэдзіне ХХ стагоддзя Furсіfеr vоеltzkоwі пазбавіўся відавога статусу і зноў атрымаў яго толькі ў 2018 годзе. Да гэтага моманту навукоўцы не бачылі жывых асобін віду ўжо больш за сто гадоў і сур'ёзна асцерагаліся, што ён знік. Прыродаахоўная арганізацыя Glоbаl Wіldlіfе Соnsеrvаtіоn нават уключыла гэтага хамелеона ў топ-25 відаў, якіх шукаюць найбольш.

Каманда герпетолагаў на чале з Франкам Глау з Заалагічнай дзяржаўнай калекцыі Мюнхена вырашыла высветліць лёс названага віду. Вясной 2018 года яны адправіліся туды, дзе гэтыя хамелеоны ўпершыню былі знойдзеныя, — у правінцыю Махадзанга на паўночным захадзе Мадагаскара. Вывучыўшы шэсць пунктаў, уключаючы лясы і ўчасткі вакол выхадаў вапняку на паверхню, яны да свайго здзіўлення ўбачылі хамелеона ў вялікім садзе пры гатэлі ў паселішчы Кацепі. Усяго на вочы навукоўцам трапіліся тры самцы і пятнаццаць самак. Акрамя таго, ужо пасля вяртання з экспедыцыі даследчыкі выявілі здымкі Furсіfеr vоеltzkоwі, зробленыя яшчэ ў 2015 годзе, на партале іNаturаlіst.

Навукоўцы не проста пацвердзілі, што Furсіfеr vоеltzkоwі ўсё яшчэ існуе, але і ўпершыню апісалі самак гэтага віду. Аказалася, што яны драбнейшыя за самцоў і больш актыўна мяняюць колер: калі самцы падоўгу застаюцца зялёныя, то самкі часам набываюць вельмі яркую кантрасную афарбоўку.

Генетычны аналіз дазволіў разабрацца ў родавых сувязях ізноў знойдзенага хамелеона. Вывучыўшы ўзоры ДНК трох экзэмпляраў, аўтары пацвердзілі, што яго найбліжэйшы сваяк — Furсіfеr lаbоrdі, які жыве ў сухіх лясах на паўднёвым захадзе Мадагаскара. Сястрынскія віды адрозніваюцца памерамі (Furсіfеr vоеltzkоwі буйнейшы), дэталямі афарбоўкі і асаблівасцю нараста на носе.

Аўтары мяркуюць, што, падобна да Furсіfеr lаbоrdі, Furсіfеr vоеltzkоwі валодае вельмі кароткім жыццёвым цыклам працягласцю менш за год. Маладыя асобіны вылупляюцца з яек з прыходам сезону дажджоў (у кастрычніку-лістападзе), хутка растуць і прыступаюць да размнажэння. Да пачатку сухога сезону ўсе дарослыя хамелеоны паміраюць, пакінуўшы пасля сябе кладкі яек. Калі гэтая ідэя слушная, то лёгка зразумець, чаму Furсіfеr vоеltzkоwі так доўга «хаваўся» ад навукоўцаў: дарослых асобін гэтага віду можна сустрэць толькі на працягу некалькіх месяцаў у годзе, калі большасць дарог да месцаў іх пражывання размытыя дажджамі.

Пакуль невядома, як шырока распаўсюджаны Furсіfеr vоеltzkоwі. Глау і яго калегі лічаць, што арэал гэтага віду можа распасцірацца мінімум на 100 кіламетраў уздоўж узбярэжжа правінцыі Махадзанга. Аднак незразумела, гаворка ідзе аб адзінай папуляцыі або некалькіх ізаляваных. Улічваючы цяжкае становішча з аховай прыроды на Мадагаскары, аўтары рэкамендуюць прысвоіць пераадкрытаму хамелеону статус віду пад пагрозай знікнення (Еndаngеrеd).


«Паліва» для нейронаў

Дыетолаг назвала карысныя для мозга і памяці прадукты

Некаторыя з іх аказваюць дабратворны ўплыў на нервовыя клеткі чалавека і перадачу сігналаў паміж імі. Пра гэта распавяла выканаўчы дырэктар Расійскага нацыянальнага даследчага цэнтра «Здаровае харчаванне» Зінаіда Мядзведзева.

Паводле яе слоў, тлустая рыба з паўночных мораў — селядзец, скумбрыя, палтус, камбала, кета, нерка — валодае ненасычанымі тлустымі кіслотамі Амега-3, якія арганізм не можа выпрацоўваць самастойна, і, такім чынам, апошнія могуць паступіць толькі з ежай.

«Амега-3 паскарае рэгенерацыю нейронаў і перашкаджае акісленню, разбурэнню клетак, зніжае хранічнае запаленне ў цэнтральнай нервовай сістэме», — цытуе Мядзведзеву сайт kр.ru.

Для ўмацавання памяці спецыяліст параіла ўжываць ільняны алей халоднага адціскання. Для работы мозга таксама карысная мука з цэльнага зерня, якая ўтрымлівае большую колькасць клятчаткі, чым звычайная. Дыетолаг таксама парэкамендавала ўключыць у рацыён яечны жаўток і горкі шакалад.


Утаймаваць маланку

Навукоўцы стварылі здольны кіраваць ёю лазер

Міжнародная група даследчыкаў зрабіла лазер, які зможа кіраваць маланкай, змяняючы яе траекторыю і прыцягваючы ў патрэбны пункт. Пра гэта паведаміў тэлеканал РЭН ТБ.

Для стварэння макета навальніцы навукоўцы выкарысталі дзве плоскія паралельныя пласціны, на якіх назапашваецца электрычны зарад. Пры дасягненні апошнім прабойнага значэння маленькая маланка ўзнікала на выпадковым участку адной пласціны і ўдарыла ва ўчастак на другой.

У мадэлі даследчыкі выкарысталі часціцы графену, якія накіроўваліся лазерам. Лазерны прамень нагрэў мікрачасціцы і стварыў канал з высокай праходнасцю, па якім пачаў ісці электрычны разрад. Падчас эксперыменту фізікі прымусілі маланку рухацца па дакладнай траекторыі.

На думку спецыялістаў, іх адкрыццё дапаможа кантраляваць шлях электрычнага разраду ў паветры з вялікай дакладнасцю. Навукоўцы мяркуюць, што кантроль над маланкай будзе карысны для кіравання надвор'ем, у прамысловасці або медыцыне.


Замест свінцу і бетону

Распрацаваны новы матэрыял для засцярогі ад радыяцыі

Гэта шкельцы, якія ўтрая больш эфектыўныя за існуючыя аналагі, паведамляе часопіс Jоurnаl оf Mаtеrіаls Rеsеаrсh аnd Tесhnоlоgу.

Спецыялісты Уральскага федэральнага ўніверсітэта імя Б. М. Ельцына правялі даследаванне радыяцыйнай стойкасці шкла перспектыўнага складу, якое паказала яго высокую ступень экраніравання.

Так, масавы каэфіцыент аслаблення, даўжыня вольнага прабегу, пласт дзесяцікратнага аслаблення і іншыя характарыстыкі пераўзыходзяць параметры матэрыялаў, якія традыцыйна выкарыстоўваюць у радыяцыйнай засцярозе, — бетону і свінцу.

«Наш матэрыял аказаўся ўтрая больш эфектыўны пры паглынанні фатоннага выпраменьвання, чым распаўсюджаныя сёння аналагічныя «цяжкія» шкельцы. Адпаведна, выконваючы супастаўную задачу, ён можа быць утрая танчэйшы. Гэта дае цэлы шэраг пераваг, сярод якіх і прыкметная эканомія», — распавяла навуковы супрацоўнік кафедры эксперыментальнай фізікі УрФУ Марыя Пышкіна.

Па словах навукоўцаў, уздзеянне іанізавальнага выпраменьвання з'яўляецца выпадковым працэсам, таму пры распрацоўцы выкарыстоўвалася мадэляванне выпадковых працэсаў метадам Монтэ-Карла, а таксама іншыя метады камп'ютарнага мадэлявання.

Даследаванні ў гэтым кірунку будуць працягнуты.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».