Вы тут

Хто каго? «...Збеглi двое на прыроду і назад — не клiчце iх!»


Чыстая праўда: адзiн мужчына (ды цi толькi адзiн?!.) за навагоднiм сталом загадаў жаданне, каб яго жонка ўрэшце стала эканомнай, а цешча — паразумнела.

I што вы думаеце? Усё збылося: як толькi гадзiннiк прабiў 12, жонка прыняла са стала каньяк, задзьмула свечкi i выключыла тэлевiзар, а цешча ў гэты ж час завяла размову пра камету Галея... Вось тады мужчына i не вытрымаў: узяў гармонiк i выйшаў на вулiцу.

Так было цi не так — справа цёмная, i асвятляць яе намераў няма. А вось расказаць, што было далей, на той самай вулiцы, прыйдзецца, бо здагадак у пошце, як заўжды, хоць вазамi вазi.


Пачнём здалёк: «Колькi ж успамiнаў, колькi розных пачуццяў абудзiў апошнi конкурсны здымак! — пiша спадар Iван Астроўскi з Мiнска. — Некалi ў нас на Вiцебшчыне падчас калядных свят Цярэшку жанiлi. З самых паважаных гаспадароў выбiралiся «бацька», «мацi» i «сваты», у хлапцоў ды дзяўчат з'яўлялася магчымасць падабраць сабе пару i для пачатку хай жартам, але ж справiць вяселле. Для гэтага пад спеўнае «Цярэшачка, чаху, чаху, а што ў цябе ў мяху, у мяху?..» сваты апытвалi маладых-несямейных i ў адпаведнасцi з iх пажаданнямi вялi перамовы з процiлеглым полам...

Калi пары ўжо неяк склалiся, хлопцам (а потым i дзяўчатам пад умольнае: «Ой, дзядулька, здайся...») трэба было паказаць свой спрыт — злавiць «нарачоную» альбо «нарачонага». «Старт» быў цiкавы: ходзiць тая ж дзяўчына, адну за адной выдае прыпевачкi, а як толькi збiлася цi запнулася, — усё: бяжы i ведай, што табе могуць даць падножку, затрымаць, затулiць у
абдымкi... А ўрэшце, як і належыць, «бацькi блаславяць» ды распачнуць застолле.

Неслi на яго — хто што мог. I выпiвалi — не без таго, — згадвае шаноўны чытач, — але ж галоўнае — спявалi, танцавалi аж да ранiцы!

А па вёсцы ў гэты час хадзiлi «чэрцi»: каму дровы раскiдвалi, каму вароты здымалi, каму на страху зацягвалi санi (гурбы вышэй вокнаў былi) цi кавалкам шкла закрывалi комiн... Потым расказаў ды рогату было — аж да наступных Каляд!..»

Што iншымi словамi, але тым жа аўтарам апiсана так:

Не ўспомнiць без усмешкi

Як жанiлi ў нас Цярэшку:

Уключалiся ў гулi —

Ад малых i да бабуляў:

Тады шмат было двароў,

А на iх — гаспадароў!

...Сёння — сум

i цiшыня:

Нi кароў там, нi каня —

Люд «тусуецца» абапал

Тэлевiзара з канапай.

«Абапал» гумнаў ды хлявоў, трэба разумець, ужо «адтусавалiся» — хапiла ў свой час. Трэба ж i адпачыць — дай бог, па-людску, але... Не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца. Вось i гераiня здымка (паводле спадара Вiктара Сабалеўскага з Узды) сведчыць:

Шмат што ў вёсцы зачынiлi:

Не хаджу на пошту я,

I «загклубам» скарацiлi,

Бо — аптымiзацыя...

Ды гармонiк як пачую,

Мне на месцы

не ўстаяць!

За ваколіццу гляджу я —

Кавалераў не вiдаць...

Хiба адзiн з iх застаўся (на думку спадара Мiкалая Старых з Гомеля) — музыкант:

Вельмi любiць цётка Волька

Пад гармонiк выдаць польку.

Няма хлопцаў нi пагудкi, —

Выпускае Жульку з будкi:

Можна з ёй i танцаваць,

I дыстанцыю трымаць.

Што, вядома ж, важна ў рамках барацьбы з паўзучай заразай... Асаблiва — на думку спадарынi Любовi Чыгрынавай з Мiнска — калi расслабiўся i не ўцёк, прычым — загадзя, як вось гэтыя двое:

Ад мiкробаў i хваробаў,

Ад мiтрэнгаў гарадскiх

Збегла пара на прыроду

I назад — не клiчце iх...

Будуць тупаць каля хаты,

Зрэдку —

граць ды танцаваць

I навошта iм дэбаты:

З-за кагосьцi сэрцы рваць?!

«На прыроду», трэба сказаць, уцякаюць не толькi ад «мiкробаў-хваробаў-мiтрэнгаў». З'язджаюць (паводле спадарынi Чыгрынавай) ад сямейных «разборак», ад зяцёў ды нявестак:

Цётка яўна не з вясковых,

З пасяленак, мусiць, новых?

Каб зяцьку не замiнаць,

Хатку мусiла прыдбаць.

Ад'язджала

без аглядкi...

Даглядала летам градкi,

А зiмой — палёгка ручкам —

Вальс-бастон вучыла з Жучкам.

Ну чаму б i не, калi сабакi i сапраўды чуюць у дзесяць разоў лепей за людзей, могуць распазнаваць чалавечыя эмоцыi, разам з намi перажываць...

Гэта, што называецца, навукай засведчана, а ўжо вiдавочцамi...

У пiўной, кажуць, мужчыны сваiх гадаванцаў расхвальвалi: маўляў, мой сабака ключы ад машыны прыносiць, мой газету падае, мой дзверы адчыняе, а мой... размаўляе!

Вось тут прысутныя не паверылi. Чалавек — у заклад. Прывёў сабаку. А далей... I загадваў яму, i просам прасiў, той... нават не гаўкнуў!

«Ну што ж ты мяне так падвёў?! — наракае мужчына па дарозе дамоў. — Дурнем выставiў, на грошы кiнуў...» Сабака ў адказ:
«Не бядуй, гаспадар! Уяўляй, колькi заўтра падымем!»

Згадзiцеся: разумны сабака — умее выгаду шукаць, а ўжо прадбачыць... Паводле спадарынi Зоi Наваенкi з Глыбоччыны:

Гаспадыню Рэкс раўнуе:

Адпусцi ў клуб такую, —

Стопудова — быць бядзе,

Нехта возьме i звядзе.

Той жа Янка сёння рана

Ужо ля лавачкi

з баянам....

Умее iграць! I каб толькi! На думку спадарынi Валянцiны Гудачковай з Жыткавiч,

Гарманiст вясковы Ясь

Развучыў «сабачы вальс»,

Ён жа выдумаў фiгуры...

Добра выйшла —

у натуры!

Уся вулiца гудзе —

Рэпетыцыя iдзе!

А можа, i зусiм не яна: мо, героi падчас здымкi

Не вяселле сустракалi,

Не гасцей з замежжа —

Дзетак з горада чакалi

Цэлы доўгi снежань.

А яны усё не едуць,

Бо пытаецца дачка:

«Як вы там, бабуля з дзедам,

Цi калолi парсючка?»

Рацыянальны, цвярозы падыход — уласцiвы сучаснай моладзi, што заўважана не толькi спадаром Сабалеўскiм з Узды, але i спадарыняй Соф'яй Кусянковай з Рагачоўшчыны, якая пiша (пра сябе, не пра сябе — справа дзясятая):

Палюбiла я Iвана —

Добра польку танцаваў!

Толькi вось адна загана:

Кожны вечар выпiваў...

А з п'яным якiя скокi?

Хіба толькi «Пайдзі спаць»...

Ну й паслала...

Недалёка:

Лепей з цюцькам танцаваць!

Кожны выбiрае па сабе — i, дай бог, не п'янку! А то — у адной вёсцы казалi — мужчына ў студню ўвалiўся. Пяць сутак шукалi — думалi, загiнуў. Аж не: знайшлi, дасталi... Той паверыць не мог, што пяць дзён не пiў!.. I пасля гэтага, думаеце, ні-ні? А як жа: «Ён кiнуў пiць, бо спiць» — ёсць такi надпiс на помнiку.

А вось той, хто спаць не ўлёгся, хто жывы i больш-менш здаровы, — чаго толькi не зробiць! Альбо не вытварыць. Ну вось, напрыклад (паводле той жа спадарынi Кусянковай):

Бравы дзядзька Феакцiст —

Самы лепшы гарманiст!

Калi «Барыню» зайграе, —

Нават Жулiк падвывае!

I жанкi наперабой

Запрашаюць на пастой...

Кожнай

дзядзька адмаўляе:

«Жонка, бачыш, не пускае».

(Адзiн такi ж — да слова — з санаторыя вярнуўся, дома расказаў, як яго лячылi-кармiлi, а потым жонцы па сакрэце: «I ты без мяне туды не паедзеш, i сябе больш нiколi не пушчу»).

Карацей, яно файна, калi ў чалавека нейкi тормаз ёсць, а то ж, паводле спадара Аляксандра Матошкi з Расоншчыны,

Ноты —

птушкамi ў нябёсы

Пасылае гарманiст!

Нават цюцька —

вось дзiвосы —

Можа лёгка выдаць твiст...

Хоць...

З напарнiцай такою

Грэх i мне б не вальсаваць...

Шкода,

ў жонкi пад пятою:

Цяжка потым

«адграбаць».

Хоць тут, магчыма, i нiякай рэўнасцi: бо на здымку (што заўважана спадарыняй Наваенкай), муж i жонка, у якiх

Хоць не тая маладосць, —

Цуд,

якая прыгажосць!

Выступаць сужэнцы рады:

Ну яшчэ б — прыйшлi Каляды!

I ўжо тады:

Не гадамi маладыя,

А пявучаю душой...

Калi сэрцайка заные

З iмi крышачку пастой.

I тады сплывуць памалу

Крыўда, боль i каламуць,

Схлыне чорная навала,

Струны сэрца ажывуць!

З таго самага канверта, ад спадарынi Чыгрынавай, i кароткi заклiк:

Грай, музыка мой, iграй,

Праганяй самоту!

Ўспамiнай,

мой любы край,

Як жылi ў ахвоту:

Як масцiлi мы дарогi,

Не баялiся пагроз,

Працавалi да знямогi

I смяялiся да слёз.

Зрэшты, пра гэта, як лiчыць спадар Сабалеўскi, варта не толькi ўспамiнаць:

Меней клубаў i людзей,

Чым было калiсьцi?

Многа страчаных надзей?

Але ж знойдзем выйсце!

Жытка часта — не мядок,

Ды гармонiк грае!

Гэта вёска Новы год

Зноўку сустракае!

I, дасць бог, будзе сустракаць! Можа, нават з гармонiкам i з прыпеўкамi. Ну вось як вам (ад спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў):

Гэта, дзеўкi, не падман,

Гэта ўжо традыцыя

Расцягнуў баян Раман —

Будзе рэпетыцыя.

***

Танцавала я з Валерам, —

Ногi потым — не пазнаць.

Чым такiя кавалеры,

З цюцькам буду танцаваць!

***

Нам прышчэпкi ад «кавiд»

Раiць медыцына.

Але й танцы пад баян —

Файная вакцына!

***

Каля хаты новы плот,

Каля плота — лавачка...

Як зайграе Ясь факстрот,

Мiгам выйдзе Клавачка!

***

Запрашаем мы суседзяў

На Каляды ў хату,

Хто не хоча пiць гарэлку,

Будзе пiць гарбату!

Не адстала па колькасцi прыпевак i спадарыня Гудачкова:

Рады, рады, што Каляды

I сняжку падсыпала.

Мы зайграем-заспяваем

I станцуем «лысага».

***

Каля дома цётка Стася

З Рэксам танчыць узялася...

Значыць, з вёскi не цяпер

Збег апошнi кавалер.

***

Не глядзiце вы праз вокны,

Не сядзiце ў хатах!

Разам добра пагуляем

На зiмовых святах!

I, нарэшце (з даўняга, з народнага, але ж тут сапраўды дарэчы!):

Iграй, iграчу,

Я табе заплачу.

Як сучку прадам,

Тады грошы аддам...

Так, на ўсялякi выпадак: абяцанка цацанка, а дурню...

Працяг тэмы ў спадара Сабалеўскага:

***

На Каляды — першы снег,

Што сабаку ў свята.

Усiм здароўя цэлы мех

I ў дом — дастатак!

***

Музыкант харошы з Колi

Граць пачне — сапраўдны ас...

Нават Шарык з цёткай Поляй

Выдае «сабачы вальс».

Гэта — ад спадарынi Наталлi Шкут са Светлагоршчыны.

Эх, гады мае гады!

Так здаўна вядзецца,

Як пабачыш маладых, —

Маладосць прачнецца!

***

Грай, гармонiчак, iграй —

Лепей не спыняцца!

Ў новым годзе будзем жыць,

Лiху не здавацца!

Вось на гэтых апты-мiстычных нотах (ад спадарынь Зоi Наваенкi i Таццяны Новiк з Клецка) можна было б паставiць кропку, але ж, па традыцыi, трэба падвесцi вынiкi папярэднiх «баталiй». Такiм чынам, на здымку (гл. нумар «Звязды» за 9.12. 2020) быў мужчына з нагружанай тачкай, следам за якiм iшла група юных таварышаў.

Дык вось, паводле мер-каванняў вялiкага чытацкага журы, найлепшыя радкi пра гэты «калектыў» склалi спадарынi Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, Зоя Максiмава з Вiцебска, Валянцiна Гудачкова з Жыткавiч, Любоў Чыгрынава з Мiнска, спадары Вiктар Сабалеўскi з Узды, Мiкалай Старых з Гомеля, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Iван Астроўскi з Мiнска.

Iншымi словамi, малайцы ўсе! Маленькаму рэдакцыйнаму журы зноў давялося паспрачацца i... Прыз у выглядзе падпiскi на дарагую сэрцам газету «Звязда» на другi квартал 2021 года застаецца ў сталіцы, у сужэнцаў Астроўскіх.

Вы таксама хацелi б пяць разоў на тыдзень атрымлiваць «родную газету на роднай мове»? Тады варыянтаў два: альбо своечасова афармляць падпiску, альбо ўважлiва паглядзець на новы конкурсны здымак i прыдумаць да яго найлепшы подпiс — не больш чым з васьмi радкоў.

Поспехаў!

Валянцiна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ад iх жа шчырыя пра-бачэннi ўсiм, чые творы не прайшлi строгага конкурснага адбору  — на гэты раз. Затое ў наступны...

Шанцы ёсць у кожнага. Пiшыце! I помнiце: «Пакуль мы смяёмся — з намi ўсё ў парадку», бо «Смех — гэта сонца: яно праганяе зiму з чалавечага твару».

Да сустрэчы вясной!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.