Вы тут

​Гомельшчына: пункты росту і каштоўныя рэзервы


За эканамічнымі паказчыкамі — якасць жыцця людзей, развіццё горада і вёскі, работа сістэм аховы здароўя, адукацыі, культуры і, што не менш важна, удасканаленне механізма кіравання. Намеснік старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Андрэй Канюшка аб дасягненнях і перспектывах рэгіянальнага развіцця.


Заробкі выраслі на чвэрць

Жыхары Гомельскай вобласці — гэта 15 працэнтаў насельніцтва Беларусі. Сёння ў рэгіёне пражывае каля 1 мільёна 388 тысяч чалавек, 60 % жыхароў вобласці — грамадзяне працаздольнага ўзросту. Гомельшчына — гэта таксама адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў, які дынамічна развіваецца і фарміруе больш за 10 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту нашай краіны (трэцяе месца пасля Мінска і Мінскай вобласці).

Эканамічная палітыка Гомельскай вобласці стала захоўвае курс збалансаванага развіцця, асноўная мэта якога — павышэнне якасці жыцця людзей. За пяць гадоў рэальная заработная плата ў рэгіёне вырасла больш як на чвэрць, а па выніках 2020 года і дасягнула 1100 рублёў. За гэты перыяд у вобласці было ўведзена ў эксплуатацыю 2 мільёны 400 тысяч квадратных метраў жылля.

Інвестыцыі ў асноўны капітал у 2016—2020 гадах перавысілі 8 мільярдаў долараў ЗША. Экспарт тавараў і паслуг павялічыўся на 14,2 %, ён склаў больш 20 мільярдаў долараў ЗША. Доля Гомельшчыны ў агульным аб'ёме экспарту тавараў Беларусі займае 13 %. Удзельная вага рэгіёна ў агульнарэспубліканскім аб'ёме інвестыцый у асноўны капітал — звыш 14 %. У развіццё вытворчасці і сферы паслуг інвеставана больш за 8 мільярдаў долараў ЗША. Замежныя інвестыцыі, прыцягнутыя ў эканоміку рэгіёна на працягу 2016—2020 гадоў, склалі больш як пяць мільярдаў долараў ЗША, звыш $500 млн — прамыя інвестыцыі на чыстай аснове.

Камбайны, нафта, цэлюлоза

У вобласці валавы рэгіянальны прадукт за мінулую пяцігодку склаў 61,4 мільярда рублёў. Між тым звыш 40 % гэтага паказчыка фарміруе прамысловы комплекс рэгіёна. За адзначаны час аб'ём прамысловай вытворчасці тут вырас на 5,5 % і склаў 102 мільярды рублёў. Гэта вынік работы больш чым 220 буйных і сярэдніх, а таксама больш чым тысячы малых прадпрыемстваў. Усе яны складаюць пятую частку індустрыяльнага патэнцыялу краіны. У Гомельскай вобласці здабываецца ўся беларуская нафта, газ, вырабляецца беларуская цэлюлоза, больш за палову камбайнаў, сталі і шмат іншай прадукцыі.

Унікальныя праекты

ААТ «Беларускі металургічны завод — кіруючая кампанія холдынга «Беларуская металургічная кампанія» рэалізаваны маштабны праект па павелічэнні магутнасцяў пазапечнай апрацоўкі сталі. ААТ «Гомельшкло» ў межах інвестпраекта асвоіла выпуск новых відаў і памераў шкла, у тым ліку з адмысловымі ўласцівасцямі. Была праведзена мадэрнізацыя ліній па вытворчасці паліраванага шкла і прамысловай перапрацоўцы шкла. ААТ «Мазырсоль» праведзена рэканструкцыя існуючых магутнасцяў з павелічэннем вытворчасці да 480 тысяч тон солі ў год. ААТ «Светлагорскі ЦКК» пабудаваны завод па вытворчасці бялёнай цэлюлозы магутнасцю 400 тысяч тон у год. Гэта абсалютна новы прадукт для нашай краіны, звыш 80 % якога пастаўляецца на экспарт, пры гэтым поўнасцю забяспечваюцца патрэбы айчынных прадпрыемстваў.

Маштабнае пераўзбраенне

У 2016 годзе ААТ «Рэчыцадрэў» рэалізавала мадэрнізацыю вытворчасці драўнянастружкавых пліт. ААТ «Гомельдрэў» выканана рэканструкцыя і развіццё вытворчасцяў з укараненнем комплексу энергазберагальных мерапрыемстваў, арганізавана вытворчасць драўнянавалакністых пліт. У наступныя пяць гадоў мы будзем працягваць работу над павелічэннем вытворчасці і экспарту высокамаржынальнай прадукцыі лесаперапрацоўкі.

Альтэрнатыўная энергетыка

За пяцігодку пабудаваныя тры сонечныя паркі ў Ельскім і Брагінскім раёнах, уведзены ў эксплуатацыю фотаэлектрастанцыі і гідраэлектрастанцыя на рацэ Іпуць у Добрушы. Сумарная магутнасць гэтых праектаў 95 МВт.

Трэнды харчовай прамысловасці

У 2019 ААТ «Тураўскі малочны камбінат» павялічыла вытворчыя магутнасці па перапрацоўцы сыравіны. ВУП «Калінкавіцкі малочны камбінат» асвоіла на базе Светлагорскага філіяла вытворчасць сычужных сыроў і малочнай канцэнтраванай сыроваткі. ААТ «Спартак» наладжана вытворчасць новых відаў вафельных вырабаў. На працягу 2016—2020 гадоў ААТ «Мілкавіта» ажыццявіла тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю асноўнай вытворчасці, рэканструкцыю кампрэсарнага цэха, будаўніцтва лакальных ачышчальных збудаванняў.

2,5 млн «квадратаў» жылля

На 1 студзеня бягучага года забяспечанасць жыллём насельніцтва ў рэгіёне перавысіла 27 квадратных метраў на чалавека. На будучую пяцігодку запланаваны ўвод 2 мільёнаў 500 тысяч квадратных метраў жылля за кошт усіх крыніц фінансавання. Па выніках мінулай пяцігодкі аб'ём будаўніча-мантажных работ у рэгіёне склаў больш за 9 мільярдаў рублёў. Аб'ём падрадных работ — больш за 6 мільярдаў рублёў. Экспарт будаўнічых, інжынерных і архітэктурных паслуг — 360 мільёнаў долараў ЗША.

Увага «сацыялцы»

У рэгіёне 18,5 тысячы шматдзетных сем'яў. За апошнія пяць гадоў было адкрыта звыш 15 тысяч дэпазітаў на сямейны капітал. У сферы аховы здароўя вобласці пачынаючы з 2015 года праведзены рамонтныя работы на агульную суму звыш 128 мільёнаў рублёў. Набыта медыцынскага абсталявання на 76,5 мільёна рублёў. З 2015 года ўзровень праводзімых складаных аперацыйных умяшанняў узрос на 43 %. Штогод у рэгіёне выконваецца звыш 7 тысяч высокатэхналагічных медыцынскіх умяшанняў.

У рэгіёне працуе 85 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў. За 2016—2020 гады падрыхтавана 475 майстроў спорту, 79 майстроў спорту міжнароднага класа. Спартсмены Гомельшчыны за апошнія 5 гадоў заваявалі на міжнародных стартах і спаборніцт-вах 532 медалі.

Арыенціры на пяцігодку

У фінальнай стадыі знаходзіцца будаўніцтва Петрыкаўскага горнаўзбагачальнага камбіната. Сёння практычна завершана будаўніцтва асноўных аб'ектаў — рудніка і абагачальнай фабрыкі, вядзецца мантаж абсталявання і пусканаладачныя работы. У бягучым годзе ААТ «Беларуськалій» рэалізуе прамысловую распрацоўку Петрыкаўскага радовішча калійных соляў з будаўніцтвам і ўводам у эксплуатацыю горнаўзбагачальнага комплексу магутнасцю 1,5 мільёна тон хларыду калію ў год.

ААТ «Мазырскі НПЗ» намечана будаўніцтва комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў. Як вынік, рэгіён атрымае вытворчасць і глыбіню перапрацоўкі нафты — 90 %, а доля светлых нафтапрадуктаў у агульным аб'ёме вытворчасці будзе даведзена да 70 %, што ў сваю чаргу прынясе дадатковую валютную выручку.

У 2021 годзе на базе філіяла «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Беларускія шпалеры» пройдзе тэхнічнае пера-
аснашчэнне з арганізацыяй вытворчасці мелаваных і немелаваных відаў кардону. На працягу наступных трох гадоў на ААТ «Гомельскі хімічны завод» запланавана рэалізацыя праектаў будаўніцтва, рэканструкцыі і тэхнічнай мадэрнізацыі існуючай вытворчасці.

Калі казаць пра рэалізацыю інвестпраектаў з прыцягненнем замежнага капіталу, то трэба адзначыць вытворчасць вырабаў медыцынскага прызначэння прадпрыемствам «Алкапак», будаўніцтва вытворчага корпуса па выпуску біяраскладальнага аднаразовага посуду з фармованай цэлюлозы на прадпрыемстве «Палікап», пашырэнне дзеючай вытворчасці і будаўніцтва вытворча-складскога комплексу ТАА «ДЭЛКАМ40», пашырэнне і будаўніцтва цэха металаапрацоўкі ЗВУП «Веза-Г», будаўніцтва дрэваперапрацоўчага завода прадпрыемствам «Мазырскі лесазавод».

Геаграфія — 110 краін

Геаграфія краін — знешнегандлёвых партнёраў вобласці ў 2020 годзе дасягнула 110. У дыверсіфікацыі наша задача была і застаецца: не дапусціць зніжэння прысутнасці на традыцыйных рынках і адначасова павялічваць аб'ёмы экспарту ў краіны дальняй дугі. Так, летась у краіны Еўрапейскага саюза экспартавана 29 % тавараў, Еўразійскага эканамічнага саюза — 41 %, у краіны далёкай дугі (Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі) — 30 %. Прычым доля апошняга напрамку вырасла за мінулае пяцігоддзе амаль удвая. Паспяхова асвойваюць прадпрыемствы вобласці рынак Кітайскай Народнай Рэспублікі. У 13 разоў за пяцігодку вырас экспарт у КНР. Летась на гэты рынак пастаўлена прадукцыі на амаль 90 мільёнаў долараў. Рост за мінулы год склаў 40 %.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».