Вы тут

Віктар Бабарыкін: Прапанову зрабіў у дзень закаханых


Віктар Бабарыкін 17 гадоў кіраваў Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі, які публіка ведае па цудоўных канцэртных праграмах. Статусная пасада, удзел у пратакольных мерапрыемствах не перашкаджалі Віктару, калі змаўкалі фанфары, захоўваць у сваіх паводзінах нешта хлапечае, як ён сам пра сябе кажа, «дырыжор-хуліган».


Мы даўно знаёмыя, і ў маэстра мне імпанавала тое, што ён мог папрасіць напісаць «пра вельмі здольнага маладога музыканта», але ніколі — пра сябе. Часам мы бачыліся на чужых канцэртах, на якія ён ходзіць разам з жонкай Вольгай. І трымаюцца яны заўсёды так, быццам і не сям'я з 12-гадовым стажам, а закаханая пара.

— Як вы пазнаёміліся?

Віктар Бабарыкін: — Не паверыце! У Нацыянальнай бібліятэцы. Оля ў той час была студэнткай гістфака БДУ і рыхтавалася да курсавой. А я ўжо шэсць гадоў кіраваў Прэзідэнцкім аркестрам і прыйшоў па нотны матэрыял. Убачыў прыгожую дзяўчыну і, вядома ж, запатрабаваў у яе нумар тэлефона.

Вольга Бабарыкіна: — Даволі доўга я не ведала, што Віктар музыкант, і больш за тое, галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра. Пытацца адразу ў лоб: «Кім працуеш?», мне было неяк няёмка. Некалькі разоў ён запрашаў мяне на канцэрты ў філармонію. Я заўважыла, што многія людзі з ім вельмі паважліва вітаюцца. Нарэшце, спытала: маўляў, усе цябе тут ведаюць, а дзе ты працуеш?

Віктар: — А я так бесклапотна адказаў: у Палацы Рэспублікі, займаюся сцэнічным асвятленнем. Я ўжо не быў наіўным хлопцам і ведаў, што многія дзяўчаты шукаюць выключна статусных жаніхоў. А хочацца ж, каб любілі мяне, а не маё становішча ў соцыуме.

— І як адбылося выкрыццё?

Віктар: — Оля ўбачыла нейкі канцэрт па тэлевізары. Тэлефануе мне: «Гэта быў ты? Па тэлевізары?» Кажу: «Так, я. А што?» Мяркуючы па тым, як развіваліся падзеі, Оля зла на мяне не трымала.

— А як яны развіваліся?

Віктар: — Сустракаліся мы прыкладна год, а 14 лютага вырашыў зрабіць прапанову Вользе. Запрасіў у кафэ, замовіў шампанскае, пірожныя, купіў кветкі. Міла размаўляем, а потым я дастаю скрыначку з пярсцёнкам. Дзяўчына пачырванела, але так вытанчана адказала: «Я падумаю». Не падганяў, але і думала яна хутка. Калі сказала «так», я са сваёй мамай паехаў знаёміцца з Олінымі бацькамі. Яна іх, вядома, падрыхтавала да нашага візіту. Вельмі добрыя, прыемныя, інтэлігентныя людзі, у той час абодва працавалі ў школе. Цешча і цяпер выкладае рускую мову, а цесць быў настаўнікам фізкультуры, але некалькі гадоў як памяняў работу.

— Аб вашым вяселлі шмат пісалі ў прэсе нават памятаю загаловак, накшталт «Віктар Бабарыкін ажаніўся на працоўным месцы».

Віктар: — Так, вяселле спраўлялі ў рэстаране Палаца Рэспублікі, дзе знаходзіцца рэпетыцыйная база аркестра. Як свайму работніку, зрабілі добрую зніжку. Дзень вяселля абрала Оля разам з нашымі мамамі — гэта было 8 жніўня 2008 года. Я сапраўды асабістае жыццё не імкнуся афішаваць. Таму было шмат сюрпрызаў. Потым ужо я даведаўся, хто іх рыхтаваў. Мы распісваліся ў Палацы шлюбаў. Я пад'ехаў на лімузіне, Оля — у джыпе, за рулём якога была дзяўчына. Мы выходзім і трапляем пад абстрэл фота- і тэлекамер. Адкуль? Аказваецца, мой сябар Слава Крымер паведаміў пра вяселле «па сакрэце» журналістам. Пасля роспісу нас чакаў яшчэ адзін сюрпрыз — прывезлі букет ад Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

Гасцей на вяселлі ў нас было шмат, сабралі разам сяброў і сваякоў. У Олі вялікая і вельмі моцная радня, мае сваякі таксама адгукнуліся — нават з Украіны прыехалі. Весці вяселле запрасіў свайго сябра Сяргея Краўца. Ён рыхтаваў і культурную праграму, але былі і нечаканыя падарункі. Прыехаў Тарыэл Майсурадзэ з грузінскім квартэтам, выканалі некалькі прыгожых песень. Ашаламляльнае грузінскае шматгалоссе! Салістка беларускай оперы Алена Шведава з мужам таксама павіншавала нас. Лёша Хлястоў, можна сказаць, забег — павіншаваў, праспяваў і далей панёсся.

Употайкі ад мяне рэжысёр Надзея Гаркунова напісала сцэнарый выкрадання нявесты, але я і мае сябры сарвалі гэтыя планы. Вяселле не проста было ў дзень трох васьмёрак — яно супала з адкрыццём Алімпіяды ў Пекіне, дык яшчэ і гэтую тэму абыгралі. Увогуле, прайшло ўжо колькі гадоў, а ўспаміны па-ранейшаму пра гэты дзень цёплыя. Я яшчэ запрасіў двух фатографаў за ганарар. А мэтр беларускай фотажурналістыкі Юрый Іваноў, вялікі сябар аркестра, зрабіў фотасесію па дружбе. І падарыў нам велізарны калаж з вясельных фота — тры на тры метры.

— Такое вяселле — гэта ваша агульнае жаданне? Бо як часам бывае, маладыя кажуць, што ім гэта не трэба, а бацькі настойліва патрабуюць...

Вольга: — У нас наадварот не абмяркоўваўся варыянт — пайсці і ціхенька распісацца. Усе выступалі за вялікую сямейную ўрачыстасць. Сяміюрадных цётак, якіх ні разу ў жыцці не бачылі, у нас дакладна не было. Мы запрасілі блізкіх людзей і проста дзяліліся з імі сваёй радасцю.

Віктар: — Не хачу нікога крытыкаваць, кожны сам вырашае. Але я рады, што ў нас было менавіта такое вяселле. Мы самі да яго актыўна рыхтаваліся. Заходзячы ў «Каравай», успамінаю, як заказваў там вясельны торт, а потым забіраў яго разам з цесцем. Ехаў у машыне, усю дарогу трымаючы яго амаль што на выцягнутых руках. І гэта не асацыюецца з нейкім дыскамфортам, наадварот, з прадчуваннем чагосьці радаснага.

— Сын у вас ужо вялікі. Вы абмяркоўвалі, калі заводзіць дзіця, або як атрымалася, так атрымалася?

Вольга: — Замуж я выходзіла на пятым курсе, таму планавалі так, каб скончыць універсітэт, уладкавацца на работу, а тады можна ... Мы хацелі дзіця, і лічу, што сын у нас з'явіўся своечасова. Мне пашанцавала, цяжарнасць і роды вялі добрыя ўрачы ў 1-м радзільным доме. Вельмі ўдзячная маёй маме і свекрыві — яны заўсёды дапамагалі, падстрахоўвалі.

Віктар: — Так атрымалася, што ў самы складаны перыяд, калі ў Лёшы рэзаліся зубкі, я быў у працяглай камандзіроўцы. Калі Лёша быў зусім малюсенькі, купаць яго дапамагалі бабулі. У жанчын свае рытуалы, а я ўключаў музыку. Асабліва запомнілася, калі ўключыў запіс оперы «Князь Ігар», а аркестрам дырыжыраваў Валерый Гергіеў. Жанчыны накінуліся на мяне: што ты ўсё са сваёй музыкай... А я ведаю, што дзецям карысна слухаць прыгожую музыку ў добрым выкананні.

— І колькі ў вас зараз музыкаў у сям'і?

Віктар: — Двое: я і Лёша. Часам гэта ўжо і шмат (смяецца). А вось жонку спецыяльна шукаў не ў музычным асяроддзі. Дома ўсё ж такі хочацца цішыні. І потым, я прытрымліваюся кансерватыўных поглядаў: у сям'і павінна быць адно прозвішча. А была б Оля, напрыклад, спявачкай, і пачалося б: я — зорка і на прозвішча мужа не перайду.

— Але сына «на музыку» аддалі?

Віктар: — Ён у тры гады ўпершыню падышоў да піяніна і вельмі зацікавіўся. У першы клас Лёша пайшоў у звычайную агульнаадукацыйную гімназію. Тады ж хадзіў на хакей, год займаўся ў ХК «Юнацтва». Але, па-першае, гэта вельмі затратны від спорту — хакейная экіпіроўка, мякка скажам, нятаннае задавальненне. Па-другое, дзіця трэба адвезці-прывезці з гэтай цяжкай формай. Магчыма, з усім гэтым мы б і мірыліся, але калі Лёша атрымаў траўму, я катэгарычна сказаў «не» хакею. Ніхто не пярэчыў, сын перайшоў вучыцца ў гімназію-каледж пры Акадэміі музыкі, і яму там вельмі падабаецца. Праўда, спярша ён хадзіў на падрыхтоўчае аддзяленне. Вось там было весела — усе дзеці на занятках з бацькамі, інакш малыя сядзяць у смартфонах. Мы дарэчы, сур'ёзна абмяжоўваем карыстанне гаджэтамі. Сам не любіў у музычнай школе сальфеджыа і вельмі разумею сына. Але яму пашанцавала — у іх выдатны выкладчык, які гэты сумны прадмет праводзіла ў гульнявой форме. Цяпер Лёша займаецца па класе харавога дырыжыравання і ўзмоцнена фартэпіяна. У будучыні яму гэта вельмі дапаможа ў рабоце...

— Гэта значыць, вы ўжо ўсё вырашылі: сын будзе дырыжорам!

Віктар: — Не, нічога я не вырашыў. Прафесію ён абярэ сам. Я яму і зараз кажу, што нават калі ты не станеш прафесійным музыкантам, гэты багаж не будзе лішні ў жыцці. Сыграеш на піяніна прыгожую мелодыю для дзяўчыны — і ў цябе больш шанцаў, чым у іншых хлопцаў. Але паколькі я разумею, на што важна звяртаць увагу, то падказваю. Натуральна, я бачыў дзяцей, якія займаюцца з-пад палкі. Наўрад ці з іх атрымаюцца класныя музыканты. Лёшу падабаецца, з хорам ліцэя ён шмат канцэртуе. У нас цяпер тры піяніна — дома, на дачы і ў бабулі. Вядома, як нармальнае дзіця, ён трошкі лянуецца, і трэцяму інструменту — у бабулі ў Маладзечне — не моцна ўзрадаваўся.

Вольга: — Лёша — такі цэнтр прыцягнення ў нашай радні. Англійскай мовай з ім дадаткова займаецца мая сястра, бабулі і я кантралюем агульнаадукацыйныя прадметы, тата — галоўны па музыцы.

Віктар: — І пакуль мы перамагаем: па музыцы ў Лёшы толькі «дзясяткі»!

У руках у Віктара той самы букет.

— А хатнія абавязкі ў вас неяк падзелены ў сям'і?

Віктар: — Мабыць, не вельмі. Часцей за ўсё нешта патрэбнае робіць той, у каго ёсць час. У нас ёсць пасудамыечная машына, Оля і нашы мамы на яе не нарадуюцца, я люблю мыць посуд па-старому — рукамі. Жонка сочыць, каб мы з сынам хадзілі ў напрасаваных кашулях, я гляджу за абуткам усёй сям'і па прынцыпе: новыя набойкі лепш паставіць на тыдзень раней, чым на два дні пазней. Уборку ў кватэры робім усе ўтраіх.

Цяпер вяду аўтарскую праграму на радыё Мінск «Вечар у мажоры», у якую запрашаю цікавых суразмоўцаў са свету музыкі. Пасля запісу іду дадому пешшу, калі трэба, заходжу ў краму па прадукты. Оля выдатна гатуе, але і я часам магу пакулінарыць.

Мой фірменны абавязак — гуляць з сабакам. Першае, што я зрабіў пасля звальнення з аркестра, — купіў сабаку. Даўно марыў пра гэта, але разумеў, што часу ў мяне на гадаванца няма. Вядома, калі вернемся да нармальнага жыцця, без ковіду, пачнуцца гастролі, таму ўжо дамовіліся, што Лёша мяне падменіць.

— Хто ў вас галоўны бухгалтар у сям'і?

Віктар: — Ведаеце анекдот? Жонка кажа мужу: «Мой заробак — гэта мой, а твой — гэта наш агульны». Таму галоўны бухгалтар — я. Праўда, у першую хвалю каранавіруса так атрымалася, што ўсе мае кантракты як запрошанага дырыжора былі прыпыненыя, і «нашымі» былі грошы Вольгі.

— З якога ўзросту даяце сыну грошы на кішэнныя расходы?

Віктар: — Пакуль мы не прыйшлі да такой сістэмы, каб выдаваць дзіцяці штотыдзень пэўную суму. Цяпер ён атрымлівае «мэтавыя ўзносы». Неяк я заўважыў у яго заплечніку абгорткі ад шакаладных батончыкаў. Усё разумею, сам быў такі... Але з сынам дамовіўся, што ён прыносіць чэк са сталовай. У Лёшы навучальны дзень, як у дарослага: а 8-й раніцы з'язджае ў гімназію, у пяць вечара вяртаецца. Таму важна, каб ён нармальна харчаваўся, а не любімымі салодкімі прысмакамі.

— Вы строгія бацькі?

Віктар: — Напэўна, розныя, у залежнасці ад сітуацыі. Наогул, я з сынам сябрую, у нас агульны інтарэс — музыка, мы разам ходзім у басейн, глядзім спартыўныя перадачы.

Вольга: — Бацькам трэба старацца быць цікавымі для дзіцяці як асобы, тады з'яўляецца шчырая павага. Бываюць сітуацыі, калі трэба праявіць строгасць, але рабіць гэта вельмі далікатна, так, каб дзіця не замкнулася, каб не страціць яго давер. У дзяцей жа таксама бываюць складаныя моманты, таму вельмі важна так пабудаваць адносіны, каб сын мог прыйсці да нас і падзяліцца сваім праблемамі або сумненнямі.

— Як вы любіце адпачываць?

Віктар: — У даковідны час ездзілі на мора. Выбіралі тур «усё ўключана», каб бесклапотна бавіць час. Калі шчыра, я не самы вялікі прыхільнік пляжнага адпачынку, але калі сям'і падабаецца... Раней заўважаў за сабой, а мінулым летам дакладна зразумеў, што люблю адпачываць на лецішчы — там ты ўвесь час у руху, то газон косіш, то нешта майструеш. Перад закрыццём сезона трэба было ўстанавіць ралеты на вокны. Думаў, што гэта вышэйшая матэматыка для музыканта, але справіўся. У некаторай ступені і жыццё прымусіла: даходы знізіліся, таму даводзілася асвойваць тое, што раней рабілі нанятыя людзі. Але ў выніку ўсе гэтыя клопаты мне вельмі спадабаліся.

Вольга: — Канешне, мы асцерагаемся ковіду, выконваем усе меры засцярогі. Але нават у такой сітуацыі можна знайсці станоўчыя моманты. Даволі доўга я працую дыстанцыйна, і ў Віктара аказалася больш вольнага часу. Для нас гэта залаты перыяд, таму што мы значна больш бываем разам, чым раней.

— А хто ў вас у сям'і галоўны дырыжор?

Віктар і Вольга разам: — Я!

— Па чарзе дырыжыруеце? Як удаецца дамаўляцца?

Віктар: — Дзіўна, але ў нас атрымліваецца, хоць я па характары вельмі выбухны — такі ўраган, а Оля — вельмі спакойная і разважлівая... дзяўчына з характарам.

Вольга: — Напэўна, таму нам і цікава разам.

— Віктар, 13 лютага адбудзецца ваш дэбют як дырыжора Белдзяржфілармоніі. Вы запрашаеце публіку на сваю аўтарскую праграму, прысвечаную Дню закаханых, «Мужчына & Жанчына». Чаму менавіта з гэтым канцэртам вяртаецеся на беларускую сцэну?

Віктар: — Сваю ролю адыграла дата. Я шчыра перакананы, што такіх канцэртаў, на якіх камфортна менавіта парам, у нас няшмат. Сябе ўспамінаю: куды пайсці з дзяўчынай — выбар невялікі. Таму хачу падарыць публіцы прыгожую музыку і прадчуванне таго, што вясна не за гарамі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з архіва сям'і Бабарыкіных і Юрыя ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.