Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі


Сын вярнуўся з рэпетыцыйнага тэсціравання па рускай. Жонка пытаецца:

— Ну як напісаў?

— Калі пяцьдзясят балаў са ста набяру, будзе добра.

Я:

— А калі шэсцьдзясят?

— Увогуле выдатна.

— А калі семдзесят?

— Калі семдзесят... значыць маю работу з чыёйсьці пераблыталі.

(Так, сынок, руская мова — гэта табе не фізіка, тут з наскоку здаць не атрымаецца.)


* * *

Распачалі днямі невялікую перастаноўку мэблі на кухні (усё яшчэ адаптуемся да новай кватэры). Вечарам прыйшоў з ліцэя сын, пытаюся ў яго:

— Ну як табе такая расстаноўка?

Ён паглядзеў і кажа:

— Такое.

Я, не разумеючы:

— Якое «такое»?

— Ну такое.

Кажу яму:

— А нармальна можна сказаць?

— Дык я табе і сказаў нармальна.

Каб разрадзіць абстаноўку, у размову ўмешваецца жонка:

— Гэта на іх жаргоне азначае штосьці накшталт «так сабе».

Кажу сыну:

— Ну так бы і сказаў: «Так сабе».

Сын яхідна:

— А «так сабе» гэта як сабе?

Спачатку я проста махнуў рукой, а потым задумаўся: а сапраўды, «так сабе» гэта як сабе? І прычым тут увогуле «сабе»?

Карацей, такое…


* * *

Перапіс праз пару дзён заканчваецца, а нас пакуль так і не перапісалі. Я ўжо пачаў рэальна хвалявацца.

І вось сёння вечарам нарэшце доўгачаканы званок у дзверы. Адчыняю, у тамбуры стаіць хлопец з кіпай лісткоў.

Хлопец дзелавіта:

— Добры дзень, гэта кватэра нумар..?

— Так.

— Колькі чалавек у кватэры пражывае?

— Сем.

— А колькі з іх карыстаюцца інтэрнэтам?

(Перапіс ХХІ стагоддзя! Пачынаюць не з імёнаў, а з колькасці інтэрнэт-юзераў.)

Адказваю:

— Чацвёра.

Хлопец:

— Ну што ж, можам прапанаваць вам тарыфны план «Дамашні 70», хуткасць 70 мегабіт у секунду, на вашу сям'ю будзе цалкам дастаткова.

Я збянтэжана:

— А вы хто?

— Інтэрнэт-правайдар «А1», былы «Вэлком», праводзім оптыку ў вашым доме.

Заслона.


* * *

Цікава ў нас малодшая дачка будуе фразы з адмаўленнем: спачатку гаворыць быццам бы сцвярджальную фразу, а потым дадае «не»: «Я хачу спаць не!» або «Я буду есці кашу не!»

Калі ты ёй гаворыш, напрыклад, «я табе не ўключу мульцікі» — яна проста хныча і просіць уключыць. Але калі будуеш фразу на яе манер: «Я табе ўключу мульцікі не!» (з націскам на «не») — у момант істэрыка, то-бок даходзіць значна хутчэй.

Я нават у дачыненні да старэйшых дзяцей стаў практыкаваць падобную пабудову сказаў: спачатку ты быццам бы пагаджаешся з іх просьбай «я вам дам пяць рублёў», а потым дадаеш «не!», і адразу сэнс мяняецца на 180 градусаў. Крута!

P. S. Цікава было б выпрабаваць гэты метад на дарослых, але, баюся, дарослыя гумару не зразумеюць. Для іх лепш «не», наадварот, наперад выносіць, каб адразу не было ніякіх ілюзій.


* * *

Прыйшоў дадому, адчыняе дзверы Поля:

— Прывітанне, як табе мая новая прычоска?

Я:

— Ваў, супер!

І потым ціха, каб ніхто не пачуў:

— А хто яшчэ, акрамя цябе, пастрыгся?

— Усе.

— І мама?

— Так.

— І Ксенія?

— Я ж сказала: усе.

Уваходжу ў кватэру і пачынаю па чарзе любавацца ўсімі прычоскамі — як-ніяк у доме пяць жанчын, і ўсе пастрыгліся!

(Гэта, дарэчы, зручна, калі ўсе адразу стрыгуцца — адзін раз пазахапляўся ад душы і некалькі месяцаў свабодны.)

P. S. Асобны дзякуй Полі, што падзялілася інфармацыяй, бо сам я толькі па сыне бачу, калі ён пастрыгся. Але ён чамусьці ніколі не пытаецца маёй думкі на гэты конт.

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.