Вы тут

Якое ноу-хау ўкараняюць на Салігорскай птушкафабрыцы


Адкрытае акцыянернае таварыства «Салігорская птушкафабрыка» — адно з самых вялікіх і паспяховых у краіне. Невыпадкова яго дырэктара ААТ Іну Талкачову абралі дэлегатам на Усебеларускі народны сход. Але, як прызнаецца кіраўнік, на прадпрыемстве хапае і праблем.


— Між іншым, мы не спыняемся, рухаемся наперад. Купляем новае абсталяванне за кошт уласных сродкаў — ніхто нам не дапамагае. За ўсю гісторыю існавання прадпрыемства, а ў лютым яму спаўняецца 50 гадоў, толькі аднойчы выдзелілі льготны крэдыт для будаўніцтва птушніка для маладняку. Усё астатняе ўзвялі за свой кошт без дзяржаўнай падтрымкі. І калектыў гэтым ганарыцца, таму што такіх прадпрыемстваў не так шмат у краіне, — кажа Іна Талкачова.

За 11 месяцаў мінулага года фабрыка спрацавала з чыстай рэнтабельнасцю ў 6 %. Гадавы баланс па канчатковым фінансавым выніку яшчэ падводзіцца. У 2018-м гэты паказчык склаў 5,4 %, у 2019-м — 5,7 %. Здавалася б, мінулы год складаны для ўсіх вытворцаў, але харчавікі ўсё ж такі аказаліся ў больш выгадных умовах. Як той казаў, не было б шчасця, ды няшчасце памагло — птушкафабрыка адкрыла новыя рынкі збыту. Справа ў тым, што Беларусь у савецкія часы мела сельскагаспадарчы профіль. Таму і птушкафабрыкі будаваліся з перспектывай на павелічэнне выпуску прадукцыі. Іх стала вельмі шмат, і сёння забяспечанасць беларусаў яйкамі складае прыблізна 130 %. Натуральна, лішак трэба прадаць. Расійская Федэрацыя была і застаецца асноўным спажыўцом дадзенай прадукцыі. На жаль, па цане сёння ёсць вялікае пытанне. Пры пастаўцы на замежныя рынкі беларускія вытворцы нясуць страты.

— Выключэннем можна назваць толькі гэты год, таму што цэны з улікам недахопу яек крыху павысіліся. Перад нашымі спецыялістамі была пастаўлена задача шукаць новыя рынкі збыту, з тым, каб выйсці на прыбытковую работу. Адыграла сваю ролю і пандэмія. У 2019-м рост экспарту да ўзроўню 2018-га быў 53 %. У 2020-м мы прыраслі да гэтага яшчэ сямю працэнтамі. Сёлета пашырылі геаграфію паставак. Нашымі новымі спажыўцамі сталі Кіргізія, Казахстан, Азербайджан, Узбекістан, краіны Персідскага заліва, Афрыкі. Там задаволены нашай прадукцыяй, таму што мы карпатліва сочым за якасцю, рацыёнам птушкі, асартыментам, — лічыць Іна Талкачова. — Усё, што з'яўляецца на рынку з новага, — гэта наша ноу-хау.

У прыватнасці, на птушкафабрыцы запускаюць новы праект — «Экаферма». Яйкі будуць атрымліваць ад дамашніх парод курэй з розным апярэннем.

Тыя будуць даваць яйкі ад светла-зялёнага колеру да ружовага і цёмна-карычневага — амаль шакаладнага. Птушка будзе мець магчымасць выгулу ў летні час. Зразумела, што ў яе будуць іншы рэжым і рацыён, курам будуць даваць травяную муку, каб максімальна наблізіць іх утрыманне да хатніх умоў. Сёння ва ўсім свеце распаўсюджана тэндэнцыя да правільнага, экалагічнага харчавання, здаровага спосабу жыцця.

Па ўзроўню зарплаты Салігорская птушкафабрыка на шостым месцы ў раёне сярод прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці. За 2020 год сярэдні заробак склаў 1809 рублёў. А ад кожнай нясушкі атрымана па 330 яек. У сярэднім па краіне паказчык усіх узятых разам птушкафабрык — 299,7. Таксама на прадпрыемстве расход корму на дзясятак атрыманых яек — 1,28 адзінкі, пры сярэднім агульнарэспубліканскім — 1,41. Гэтыя паказчыкі ўплываюць на эканоміку прадпрыемства і даюць магчымасць не спыняцца, развівацца далей. Першае месца ў краіне займае фабрыка і па вытворчасці перапяліных яек. Тут утрымліваецца 350 тысяч перапёлак-нясушак, а з улікам маладняку — паўмільёна.

Што датычыцца мадэрнізацыі, то яна ідзе пастаянна і скіравана на выпуск новай прадукцыі. У 2003 годзе абагацілі селенам яйкі, якія ідуць пад брэндамі «Маладзецкія». Затым ад «Санта-Брэмар» паступіў запыт на вараныя яйкі для дабаўлення ў салаты. У 2006 годзе на фабрыцы купілі спецыяльную машыну еўрапейскай вытворчасці для гэтых мэт. Ды кампанія адмовілася ад задумы — канчатковы прадукт атрымліваўся дарагі. Але спажывец быў гатовы да такога прадукту. У 2019-м набылі другую машыну, якая варыць 20 тысяч яек у гадзіну. Для лепшага захоўвання яны знаходзяцца ў марынадзе. 85 % гэтай прадукцыі ідзе на экспарт. Салігорская птушкафабрыка — яшчэ і адзіны вытворца вэнджаных яек. Тут пачалі варыць і вэндзіць і перапяліныя, пакуль на прыстасаваным абсталяванні. У планах на гэты год — пакупка спецыяльнай машыны па ачыстцы і варцы перапяліных яек, таму што попыт на іх расце. У асноўным прадукцыю пастаўляюць за мяжу. Выпускаюць яе ў пластыкавых вядзерцах, ва ўпакоўцы, маленькіх шкляных слоіках.

На прадпрыемстве працуюць 424 чалавекі. Сацыяльны пакет тут адзін з найлепшых. Работнікам гарантаваныя грошы на аздараўленне, гэта, лічы, яшчэ адны «адпускныя». Другі год дзейнічае медыцынская страхоўка за кошт прадпрыемства, любы ахвотны можа прайсці медыцынскае абследаванне. Кожныя паўгода тут праводзяць ушанаванне юбіляраў вытворчасці. Людзі трымаюцца сваёй работы — умовы добрыя, зарплата дастойная. Ёсць таксама свой медпункт з сучасным абсталяваннем. На тэрыторыі працуе сталовая, для работнікаў ёсць скідка на харчаванне — 45 %. Пропуск з'яўляецца адначасова і разліковай карткай, на якую бухгалтэрыя залічвае пэўную суму. Ёй можна разлічыцца і ў фірменнай краме, што знаходзіцца на тэрыторыі птушкафабрыкі. Гэта вельмі зручна — тут пасля работы чалавек можа купіць дадому неабходныя прадукты.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: «Экаферма» і каляровыя яйкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».