Вы тут

Андрэйчанка: Вынікі Усебеларускага народнага сходу скарэктуюць заканадаўчую дзейнасць Палаты прадстаўнікоў


Працу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў частцы заканадаўчых ініцыятыў неабходна будзе аператыўна скарэктаваць з улікам выніковых дакументаў VI Усебеларускага народнага сходу. Пра гэта заявіў сёння старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на пасяджэнні Савета, перадае БЕЛТА.


«Несумненна, вынікі Усебеларускага народнага сходу будуць фарміраваць парадак дня заканадаўчай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў. І на бліжэйшы год, і на перспектыву. Нам трэба будзе аператыўна скарэктаваць яе з улікам даручэнняў Прэзідэнта і выніковых дакументаў, якія будуць выпрацаваны на УНС», — сказаў Уладзімір Андрэйчанка падчас адкрыцця пасяджэння. Так, да прыкладу, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з’яўляюцца ініцыятарамі карэкціроўкі закона «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». І па выніках УНС ім трэба будзе працаваць над гэтым праектам з улікам прапаноў грамадзян, якія паступілі падчас сходу і перад ім.

Сёння ў Палаце прадстаўнікоў адбылося пасяджэнне Савета. Разгледжаны пытанні падрыхтоўкі законапраектаў на будучую вясновую сесію, а таксама план міжнароднага супрацоўніцтва Палаты прадстаўнікоў на 2021 год. У прыватнасці, на вясновую сесію будзе вынесены праект кодэкса аб адукацыі. «Трэба падрыхтаваць комплексны, вывераны дакумент, які можа забяспечыць баланс інтарэсаў педагогаў, вучняў і бацькоў», — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. І падкрэсліў, што неабходна забяспечыць шырокае абмеркаванне кодэкса з грамадскасцю, спецыялістамі, практыкамі і правесці ў чэрвені парламенцкія слуханні па гэтай тэматыцы.

Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце трэба завяршыць працу на вясенняй сесіі над законапраектам аб дзяржаўнай службе. Закладваюцца новыя падыходы да падрыхтоўкі кадраў, распрацаваны патрабаванні службовай этыкі, прадугледжваецца ўзмацненне дысцыпліны і адказнасці службоўцаў. Дэпутатам прапанавана абмеркаваць гэтыя моманты ў сваіх акругах.

«Нам неабходна ў бліжэйшы час прыняць шэраг заканадаўчых ініцыятыў на апярэджанне. Сітуацыя, якая склалася ў Беларусі, абвастрыла важнасць забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, абароны звестак асабістага характару ад незаконных замахаў. Таму Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы варта аператыўна, у лютым, завяршыць працу над законапраектам аб абароне персанальных дадзеных», - дадаў Уладзімір Андрэйчанка. І ў самы кароткі тэрмін павінны быць падрыхтаваны змены ў крымінальнае, крымінальна-выканаўчае заканадаўства і шэраг іншых.

Сёння на Радзе была сфарміравана працоўная група з ліку дэпутатаў пад кіраўніцтвам старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Святланы Любецкай для падрыхтоўкі законапраекта да вясенняй сесіі.

Сама Святлана Любецкая падкрэсліла, што фіксуецца ўсё больш выпадкаў, калі грамадзяне становяцца ахвярамі махляроў, якія выкрадаюць грошы з банкаўскіх картак, альбо падвяргаюцца ціску з выкарыстаннем іх асабістых персанальных дадзеных. «Праект, які выпрацоўваецца, будзе змяшчаць пытанні, якія тычацца як забеспячэння правапарадку, так і інфармацыйнай бяспекі і абароны персанальных дадзеных, прыцягнення да крымінальнай адказнасці асоб, якія здзяйсняюць правапарушэнні ў гэтай сферы», — удакладніла яна. Святлана Любецкая дадала, што акцэнт робіцца на абароне правоў асобы, абароне чалавека ад замахаў на яго персанальныя дадзеныя, ад несанкцыянаванага ўварвання ў яго прыватнае жыццё. «Хутчэй за ўсё, пашырыцца спектр адказнасці за такія дзеянні», — сказала дэпутат.

Яна канкрэтызавала, што ёсць паняцце апрацоўкі персанальных дадзеных — гэта можа быць капіраванне, перадача, зняцце з рознага тыпу крыніц персанальнай інфармацыі пра чалавека. «А парушэнне парадку апрацоўкі персанальных дадзеных і пацягне адказнасць у залежнасці ад наступстваў, надыходу шкоды. Заканадавец прапануе ўсе гэтыя пытанні ўрэгуляваць», — скончыла Святлана Любецкая.

Таксама дэпутатамі ініцыявана распрацоўка законапраекта аб недапушчэнні гераізацыі нацызму.

Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, дакумент неабходна падрыхтаваць да пачатку сакавіка гэтага года.

«У бліжэйшыя месяцы мы чакаем унясення цэлага блока пытанняў у эканамічнай сферы, якія запатрабаваны бізнес-супольнасцю. Гэта праекты законаў аб унясенні змяненняў у банкаўскі кодэкс, у закон аб рынку каштоўных папер, аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання, аб ліцэнзаванні, аб інвестыцыях, аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)», — звярнуў увагу Уладзімір Андрэйчанка і папрасіў дэпутатаў узяць гэтыя пытанні на сур’ёзны кантроль у частцы ўзгаднення змяненняў з праграмным дакументам на пяцігодку.

Прапановы па карэкціроўцы заканадаўства, забеспячэнне патрыятычнага выхавання, ўзняцце ўзроўню прававой і палітычнай культуры грамадзян — усё гэта павінна стаць акцэнтамі мерапрыемстваў Палаты прадстаўнікоў у першым паўгоддзі, у тым ліку ў межах абвешчанага Года народнага адзінства. Уладзімір Андрэйчанка выказаў упэўненасць у тым, што парламентарыі могуць іграць больш істотную ролю і ў інтэграцыйных працэсах Саюзнай дзяржавы, адстойваючы прасоўванне ўзгодненай палітыкі ў прамысловай сферы, паглыбленні кааперацыі, стварэнні роўных умоў для суб’ектаў гаспадарання. А таксама назваў дарэчным правядзенне сумесных семінараў па супрацьдзеянні гераізацыі нацызму, захаванню правоў чалавека ў еўрапейскіх краінах і іншых актуальных тэмах.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».