Вы тут

Шпакоўскі: Рынак «новых медыя», як і любы іншы рынак, мае пад сабой эканамічную аснову


У працяг тэмы ролі «новых» і традыцыйных медыя ва ўнутрыпалітычных працэсах у Беларусі, узнятай у мінулым нумары ў інтэрв'ю са старшынёй Беларускага саюза журналістаў Андрэем Крывашэевым, «Звязда» пагутарыла з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Шпакоўскім. Эксперт, маючы ўласны вопыт вядзення старонак у месенджарах, расказаў пра магчымасці гэтых медыя ў фарміраванні грамадскай думкі.


— Як дастукацца да людзей, выкарыстоўваючы магчымасці «новых медыя»?

— Так званыя новыя медыя, пад якімі маюцца на ўвазе віртуальныя суполкі, інфармацыйныя каналы ў сацыяльных сетках і месенджарах, паступова набываюць усё большую вагу ў якасці інструмента фарміравання грамадскай думкі.

Гэта не азначае, што «новыя медыя» выцясняюць традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі (тэлебачанне, радыё, друкаваныя выданні, інтэрнэт-рэсурсы). Аднак трэба прывыкнуць да таго, што побач з агульнапрынятымі крыніцамі ўжо існуе і працягвае развівацца сегмент іншых медыя, якія нярэдка маюць большую аўдыторыю. Пры гэтым, у адрозненне ад традыцыйнай прэсы, «новыя медыя» амаль не падпарадкоўваюцца ніякім правілам, акрамя нормаў сацыяльнай сеткі альбо месенджара, а праўдзівасць іх інфармацыі нярэдка залежыць толькі ад сумлення аўтара.

Аднак менавіта гэты фактар ілюзорнай незалежнасці ад закона, рэдакцыйнай палітыкі, а таксама аператыўнасць паведамленняў, якія імгненна трапляюць да падпісчыкаў у рэжыме рэальнага часу, прыцягваюць масавую аўдыторыю да рэсурсаў такога кшталту.

Чаму я кажу аб ілюзорнасці? Таму што, па-першае, рынак «новых медыя», як і любы іншы рынак, мае пад сабой эканамічную аснову, дзе ёсць попыт і прапанова, а гэта, у сваю чаргу, значыць, што многія «народныя» каналы насамрэч маюць свой кошт і абслугоўваюць пэўныя задачы. У адрозненне ад афіцыйных СМІ, з «новымі медыя» бывае цяжка зразумець, хто ўласнік рэсурсу і аўтар матэрыялаў, не кажучы ўжо аб тым, хто з'яўляецца сапраўдным замоўцам публікацый.

Па-другое, і гэта наглядна прадэманстравалі прэзідэнцкія выбары ў ЗША, апошняе слова на рынку «новых медыя» заўжды застаецца за ўласнікамі пляцовак — сацыяльных сетак ды месенджараў, дзе месцяцца гэтыя рэсурсы. Можна мець вельмі моцныя інструменты «новых медыя», як, напрыклад, у былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, але яны знянацку могуць быць заблакаваныя, бо ўласнікі «Твітэра» ці «Фэйсбука» маюць іншую палітычную пазіцыю.

Зыходзячы з вышэйсказанага, рызыкну прагназаваць, што ўжо ў хуткім часе рынак «новых медыя», як і агулам сацыяльных сетак, месенджараў і цалкам інтэрнэту, сутыкнецца са спробамі ўрадаў розных краін унесці элементы заканадаўчага рэгулявання ў гэтую галіну. Падобныя працэсы ўжо разгортваюцца на нашых вачах.

— Вы актыўна выкарыстоўваеце «новыя медыя», каб прадставіць свае думкі грамадскасці. На вашым тэлеграм-канале некалькі тысяч падпісчыкаў. Хто ваша аўдыторыя?

— На сёння я маю каля пяці тысяч падпісчыкаў на сваім тэлеграм-канале «Шпаковский. По существу». Прыкладна такая ж колькасць сяброў і падпісчыкаў на старонцы ў «Фэйсбуку», якую выкарыстоўваю ў асноўным дзеля прафесійнай камунікацыі. Насамрэч аўдыторыя яшчэ большая, бо трэба ўлічваць сумарныя прагляды постаў, якія могуць значна перавышаць колькасць падпісчыкаў.

Пры гэтым я імкнуся публікаваць розны кантэнт, пазбягаць дубліравання. Напрыклад, у «Фэйсбуку» ёсць уласныя фотаздымкі, элементы асабістага жыцця, я сам часам дыскутую ў каментарыях. У «Тэлеграме» змяшчаецца выключна аўтарская палітычная аналітыка, датычная да працэсаў у нашай краіне, на постсавецкай прасторы, а таксама актуальных падзей у свеце.

Аўдыторыя складаецца як з беларусаў, так і з замежнікаў. Прычым гэта людзі рознага ўзросту і сацыяльнага статусу: ад міністраў да студэнтаў. Аб'ядноўвае іх цікавасць да палітыкі і, напэўна, да майго меркавання аб актуальных падзеях нашага жыцця.

— Як, на ваш погляд, «новыя медыя» (і ў прыватнасці вашы публікацыі) могуць аб'ядноўваць людзей?

— Я імкнуся, каб мае публікацыі выхоўвалі ў людзей палітычную культуру ўзаемапавагі, непрымальнасць экстрэмісцкіх ідэалогій, любых праяў шавінізму, а таксама брудных палітычных тэхналогій, у прыватнасці «каляровых рэвалюцый». Адначасова, як аўтар, я імкнуся даносіць беларускім чытачам каштоўнасці патрыятызму, а замежнікам — павагу да беларускай дзяржавы, якая выбрала няпросты суверэнны шлях, імкнучыся заняць свой пачэсны пасад між народамі.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.