Прысунулася пазаўчора даволі позна ўвечары дадому і, замест таго каб павячэраць ды адпачыць пасля работы, палезла на цёмны балкон шукаць... пластыкавыя накрыўкі ад малочных бутэлек. Спытаеце, навошта? Кроў з носу трэба было замачыць у растворы ўгнаення насенне перцаў, бо назаўтра, згодна з месяцавым календаром, іх належала сеяць. Каб не паблытаць сарты (а сёлета купіла «ўсяго» сем), трэба замачыць іх асобна ў чым-небудзь не вельмі ёмістым. Вось тут шырокія «малочныя» накрыўкі вельмі добра падыходзяць. Калі хтосьці не ведаў — з ахвотай дзялюся ўласным вынаходствам. Карыстайцеся, калі ласка, мне не шкада.
Карацей, пракалупалася я з тым насеннем добрыя паўгадзіны. Нібы гуляеш у лялечны домік — дробныя зярняткі акуратна, па адным (бо ў адным пачку з надпісам «Залатая калекцыя» пляскатых бляклых семачак і было ўсяго шэсць штук) дастаеш, кладзеш у тыя накрыўкі, са шпрыца, каб не пераліць, дабаўляеш тое разбаўленае ўгнаенне. Адно з шасці «залатых» зярнят звалілася-такі на падлогу, давялося літаральна поўзаць, шукаючы яго. Добра, што сведкай гэтых «практыкаванняў» была адно кошка, і тая пазірала на мяне з непрыхаванай пагардай і нават здзекліва...
Назаўтра, калі пачала сеяць, паўгадзінай не абышлося. І зноў — гульня ў гномікаў. Зямлю ў ёмістасці для расады насыпаеш сталовай лыжкай. Мокрае насенне, якое трэба садзіць па два калівы ў касету, бярэш пінцэтам (пальцамі ніяк, насенне да іх ліпне, прычым усё адразу). Засыпаць, паліць яшчэ зверху, накрыць цэлафанам, паставіць на падлозе пад батарэю... Усё. Можна з адчуваннем выкананага абавязку адпачываць...
Можна. Дні тры. Да таго часу, пакуль не заўважыш пад цэлафанам бляклыя нітачкі парасткаў. Тады аперацыя «Расада» ўвойдзе ў сваю актыўную фазу, і спакою ўжо не будзе аніводнага дня. Скрыначкі з парасткамі пераедуць у вялікі пакой на стол каля акна. Кожная раніца будзе пачынацца з «Прывітанне, як вы тут, мае маленькія?» (Калісьці я смяялася з мамы: як можна размаўляць з расадай? А цяпер сама тое ж раблю, прычым яе словамі, і гэта здаецца абсалютна нармальным.) «Гуканне» будзе суправаджацца пільным аглядам: ці не пажаўцеў дзе лісток, ці не пахілілася якое каліва? Увечары, прыйшоўшы ўжо зацемна, толькі паспеўшы распрануцца і памыць рукі, зноў будзеш спяшацца да іх — хутчэй запаліць на стале лямпу з «цёплым» святлом (ім жа, бедным, цёмна!), перакруціць скрыначкі на 180 градусаў, бо за дзень парасткі амаль паляглі, так хіліліся да акна.
У суботу з ранку — асаблівы клопат. Усе пасадкі пераносяцца на вялікі кухонны стол. І пачынаецца: агледзець, падкарміць, падперці асабліва слабенькія (тут зубачысткі ў дапамогу), падсыпаць зямлі (чайнай лыжкай), прычым вельмі асцярожна, ледзь не затаіўшы дыханне, бо ўсё яшчэ такое кволенькае, адзін неасцярожны рух — і няма парастка (а некаторых з іх, калі памятаеце, будзе толькі шэсць у самым лепшым выпадку)...
У пачатку сакавіка клопатаў дабавіцца: па той жа схеме трэба будзе пасеяць памідоры. Яны пасля будуць расці з перцамі навыперадкі, і гэты расадны штоднёвы і штотыднёвы марафон крыху сцішыцца толькі бліжэй да сярэдзіны красавіка, калі дні стануць даўжэйшыя, сонца — цяплейшае, а сама расада будзе ўжо трывала стаяць на моцных сцяблінах і хоць трохі нагадваць тыя кусты, якімі яна ўрэшце павінна стаць. Тады можна будзе выставіць яе на падаконне на балконе, два разы на тыдзень паліваць са звычайнай палівачкі і хутчэй ужо па прывычцы пытацца: «Як вы тут, мае маленькія?», злёгку праводзячы далонню па крамяных лісціках і ўдыхаючы ледзь улоўны смачны водар свежых памідораў. Пасля ў адзін з майскіх дзён скрыначкі з добрым ужо «гушчаром» пагрузяцца ў багажнік машыны і паедуць у вёску. Там з пачаткам аперацыі «Цяпліца» аперацыя «Расада» паспяхова закончыцца...
...Я вось уяўляю, як многія з вас чытаюць гэтыя разважанні на тэму «Не мела баба клопату...» і задаюць аўтарцы напісанага пытанне, якое нярэдка, калі пра гэта ж заходзіць размова, чую ад калег і знаёмых: «Навошта?» А і праўда — навошта? Каб сказаў не было чым заняцца ў жыцці або каб грошай не хапала. Дык жа не! Шчыра скажу, калі не стала мамы, якая ўсе агародна-насенныя клопаты брала на сябе, я напачатку ўзялася за гэта дзеля яе памяці. Але на наступны год ужо са студзеня, як спрактыкаваны дачнік, пачала заглядаць у месяцавы каляндар: калі там сеяць перцы? Бо гэта для чалавека, які пастаянна працуе ў шалёным рытме, а манітор камп'ютара бачыць больш, чым твары людзей, — такі рэлакс, такі выдатны адпачынак!
Сядзіш сабе, засяроджана калупаешся з насеннем, пасля з кволымі парасткамі — развіваеш дробную маторыку, якая, як вядома, уплывае і на памяць, і на складнасць мовы, і на логіку мыслення. Можна, канешне, дзеля гэтага і пазлы складаць, але тут зусім не тое, не ідзе ні ў якое параўнанне, бо тут ты маеш справу з жывым, і тое жывое абсалютна ад цябе, ад тваёй асцярожнасці ці нязграбнасці залежыць. Пэўна, з-за гэтага ўсведамлення ні пра што лішняе не думаеш, і рухі твае плаўныя і спакойныя, а на душы і ў галаве таксама спакойна і ад гэтага хораша, бо калі яшчэ ў наш шалёны час ды яшчэ ў вялікім горадзе зловіш такі «дзэн»?..
...А можа, гэта проста вясковыя карані аб сабе нагадваюць. Ну і добра, ну і хай сабе. Без іх, без каранёў, як на гэтай зямлі ўтрымацца?..
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Узрасце хуткасць узвядзення жылля.
Легендарны мастак, беларускі патрыёт, ён помніцца ўсім.
Пра кантроль за станам АЭС расказалі эксперты Дзяржатамнагляда.