Вы тут

Пасля снежнага «Зігберта» — сапраўдныя маразы


Гэтымі днямі на паўднёвыя раёны Беларусі выйшаў цыклон, які атрымаў у нямецкіх сіноптыкаў імя «Зігберт» — менавіта ён прынёс у нашу краіну добрую порцыю снегу. Па меры прасоўвання цыклону ва ўсходнім напрамку ў нашу краіну пачне паступаць халодная няўстойлівая паветраная маса з паўночнага захаду. У гэты час тэмпературны фон пачне паніжацца, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


А сёння ўдзень будзе воблачна з праясненнямі. У многіх раёнах пройдзе невялікі снег. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночна-заходні, заходні ўмераны, па паўднёвым усходзе месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра будзе ад мінус 4 да 10 градусаў ніжэй за нуль.

У выхадныя чакаецца далейшае ўзмацненне маразоў. У суботу ўначы і раніцай месцамі па краіне пройдзе невялікі кароткачасовы снег, удзень будзе пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночна-заходні, паўночны ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе 13—18 марозу, месцамі — да мінус 20 градусаў, па поўдні краіны — мінус 10—12 градусаў. Удзень будзе 7—14 градусаў ніжэй за нуль.

У нядзелю будзе пераважна без ападкаў, толькі ўдзень месцамі па Брэсцкай вобласці пройдзе кароткачасовы снег. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Вецер прагназуецца няўстойлівы слабы, удзень у паўднёва-заходніх раёнах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 15—22 марозу, месцамі — да мінус 23—25 градусаў. Удзень таксама будзе злёгку «кусаць за вушы» — мінус 7—14 градусаў ніжэй за нуль.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, на пачатку наступнага тыдня захаваецца падобнае марознае надвор'е.

А цяпер некалькі слоў аб мінулым студзені. У другім месяцы зімы ў сярэднім па краіне выпала 73,2 мм ападкаў, што складае 183 % кліматычнай нормы. Па ўсёй тэрыторыі краіны за месяц выпала 1,5—2 нормы. Ападкі былі ў выглядзе дажджу, снегу і мокрага снегу. Вышыня снежнага покрыва на апошні дзень месяца знаходзілася ў межах ад 5 см да 44 см.

Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра ў студзені склала мінус 4,1 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 0,3 градуса. Тэмпературны рэжым на працягу месяца быў неаднародны. Вельмі цёплымі былі першая і трэцяя дэкады з сярэдняй тэмпературай паветра на 3,8 і 4 градусы вышэй за норму адпаведна. Другая дэкада была вельмі халодная (на 7 градусаў ніжэй за норму).

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».