У Мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў чарговы раз прайшлі незабыўныя спеўна-музычныя Калядныя вечары.
Фестываль “Калядныя вечары на Залатой Горцы” ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы, які называюць і па-даўнейшаму касцёлам Святога Роха, ладзіцца з 2003 года. Заўсёды ў Калядныя дні ў каталіцкай святыні гучыць арган. Дарэчы, унікальны, чэшскай фірмы “Rіegerkloss”, устаноўлены ў алтарнай частцы храма ў 1986 годзе. І на гэты раз фестываль адкрыў канцэрт арганнай музыкі: на аргане іграла Кацярына Нікалаева, на трубе — Максім Шулепа. Гучалі творы Ферэнца Ліста, Іагана Себасцьяна Баха, Георга Фрыдрыха Гендэля, італьянскага кампазітара й арганіста Марка Энрыка Босі, французкіх кампазітараў і арганістаў Шарля Турнеміра і Луі Віктора Жуль Вьерна.
Перад самымі Навагоднімі святамі адбыўся канцэрт старадаўняй музыкі класа дацэнта Беларускай дзяржакадэміі музыкі Уладзіміра Неўдаха: на гэты раз побач з арганам была чуваць і скрыпка. У першыя дні Новага года ігралі на аргане й саксафоне. Лізавета Марозава (арган) і Павел Казак (саксафон) выканалі творы італьянца Джузэпэ Тарэлі, француза Габрыэля Фарэ, іспанца Пэдра Ітуальдзе, бразільца Эйтара Віла-Лобаса. Іншым вечарам перад слухачамі выступілі Калініка Мядзведзева (арган) і Аляксандр Ахрэмка (труба).
Напрыканцы фестывалю гурт “Ліцьвіны” ды Наталля Матыліцкая спявалі ў касцёле Калядныя песні, паказалі некаторыя зімовыя абрады беларусаў.
Ганна Лагун
Дарэчы. І ў Чырвоным Касцёле, як называюць вернікі мінскі касцёл святых Сымона й Алены, 23 снежня ўдзень ладзіўся канцэрт “Святло Каляднай зоркі”. Паўдзельнічалі ў ім вядомыя творчыя калектывы: фальклорны ансамбль “Вербіца”, хоры “Cantus cordіs” ды “Голас душы”, ансамбль украінскай песні й абрада “Ватра” ды іншыя.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.