Вы тут

Фільм «Людзі на балоце» пакажуць 8 лютага


У эфіры тэлеканала «Беларусь 3» 8 лютага пакажуць экранізацыю першай часткі эпапеі «Палеская хроніка» — фільм «Людзі на балоце» па аднайменным рамане беларускага класіка Івана Мележа.


Кінастужку ў 1981 годзе зняў рэжысёр Віктар Тураў. Асноўная сюжэтная лінія ў фільме — гэта прыход савецкай улады ў вёску, што існуе сярод палескіх балот. І на фоне гэтага ўжо паўстаюць перад намі і раскрываюцца вобразы герояў Васіля Дзятліка, Ганны Чарнушкі, Яўхіма Глушака, іх сем'яў і аднавяскоўцаў... Вясковае жыццё з яго клопатамі і руцінай, а часам і з рамантыкай, размовамі пра надзённае і важнае — кожны з такіх эпізодаў дазваляе ўбачыць грані характараў, узаемаадносіны і пачуцці дзеючых асоб, паназіраць за іх жыццём і развіццём драматычных падзей... Сярод акцёраў, якія ўвасобілі герояў, можна ўбачыць Алену Барзову, Барыса Няўзорава, Юрыя Казючыца, Стэфанію Станюту, Генадзя Гарбука і многіх іншых. Хоць, напрыклад, у ролі Васіля мы маглі б убачыць Аляксандра Галібіна, але з-за таго што акцёр не змог сысціся ў поглядах з рэжысёрам, атрымалі мы іншага выканаўцу. А вось што да ролі Гарбука (ён у фільме іграе бацьку Ганны), то ў ранняй экранізацыі акцёр выконваў ролю Васіля. Актрысу ж на ролю Ганны шукалі сярод 22 прэтэндэнтак.

Першую экранізацыю рамана здзейснілі ў 1965 годзе рэжысёры Аляксандр Гутковіч і сцэнарыст Эдуард Герасімовіч. Яны зрабілі трохсерыйную тэлевізійную карціну «Людзі на балоце», якая была заснавана на асноўных сюжэтных лініях літаратурнага твора. Пасля была спроба экранізаваць раман у рэжысёра Уладзіміра Забелы ў 1979 годзе.

Што да кінаверсіі Віктара Турава, то яе рэжысёр ствараў, пачынаючы ад напісання сцэнарыя да будучай карціны. А жонка рэжысёра потым расказвала, як падчас работы над фільмам ён пазнаёміўся з доктарам-псіхіятрам, які прапанаваў зрабіць месцам творчасці палату ў адной сваёй клініцы. Там была поўная ізаляцыя, ніхто не перашкаджаў, што дазваляла цалкам паглыбіцца ў матэрыял. Вытворчасць кінастужкі ажыццяўлялася на кінастудыі «Беларусьфільм» Творчым аб'яднаннем мастацкіх фільмаў. З пошукам месца здымак давялося паездзіць — шукалі натуру і на Гомельшчыне, і на Віцебшчыне, разглядалі варыянт нават у Львове і Латвіі, але ў выніку часткова адзнялі ў Бешанковічах, а самі Курані — у Бярэзінскім запаведніку ў наваколлі Домжарыц. Таксама дзеля камфорту артыстаў, бо на момант, калі ў канцы кастрычніка выпаў снег, а некаторыя сцэны яшчэ не даздымалі, рэжысёр звярнуўся па дазвол выехаць у Ялту, каб давесці справу да заканчэння. Падчас гэтай творчай камандзіроўкі і знялі некалькі сцэн.

«Людзі на балоце» — фільм, які лічыцца хрэстаматыйнай экранізацыяй рамана класіка. Кінастужка мае і працяг пад назвай «Подых навальніцы», які з'явіўся ў 1982 годзе. Пасля рэжысёр зняў яшчэ тэлевізійны фільм «Апейка». Яго ў 1985 годзе аб'ядналі з першымі дзвюма кінастужкамі ў тэлевізійную эпапею «Людзі на балоце» працягласцю восем серый.

Не прапусціце фільм «Людзі на балоце» ў панядзелак на тэлеканале «Беларусь 3». Яго будуць трансліраваць як у ранішнім, так і ў вячэрнім эфіры. Пасля паказу кінастужкі гледачоў чакае фільм «Іван Мележ: перарваныя хронікі» з дакументальнага цыкла «Заметкі на палях».

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».