Вы тут

Закадзіраваная эстэтыка. Якая розніца паміж традыцыйным і нацыянальным касцюмам?


Што складала аснову гардэроба нашых далёкіх продкаў? Якія колеры часцей за ўсё выкарыстоўваліся для вышыўкі на адзенні і ў якой тэхніцы яна выконвалася? Пра што трэба памятаць сёння дызайнерам, каб ствараць сучасныя мадэлі, якія разам з тым нясуць магутны этнічны пасыл?

Пра гэта гутарым са старшым навуковым супрацоўнікам аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдатам мастацтвазнаўства Марыяй ВІННІКАВАЙ.


— Марыя Мікалаеўна, чаму спецыялісты лічаць, што словам «вышыванка», якое трывала замацавалася ў лексіконе беларусаў, няправільна вызначаць адзенне з нацыянальным каларытам?

— У народнай беларускай культуры традыцыйнае адзенне ніколі не называлі «вышыванкай». Гэтае слова ідэнтычнае такім вызначэнням, як «маляванка», «пісанка» і, верагодна, запазычана з украінскай мовы. Калі яго ўжываюць, нярэдка маюць на ўвазе адзенне з вышыўкай «крыжыкам». Але гэтая тэхніка з'явілася ў нас толькі ў сярэдзіне XІX стагоддзя. Датуль ў нацыянальным строі вышыўка калі і прысутнічала, то зусім іншая. Напрыклад, у Кобрынскім раёне мясцовая жыхарка паказвала мне старыя сарочкі, якія захаваліся ад яе бабулі, і называла іх «нацяганыя», гэта значыць вышытыя «нацягам» — швом «наперад іголку» па ліку нітак палатна, які ўтварае палосы геаметрычнага арнаменту. На мой погляд, у дачыненні да сучаснасці правільна казаць пра касцюм з нацыянальным каларытам. Таму што паміж традыцыйным і нацыянальным касцюмам ёсць пэўная розніца. Традыцыйны — гэта сельскі касцюм, які адказвае ўмовам жыцця на дадзенай тэрыторыі: яго стварылі, развілі карэнныя жыхары, ён адпавядае нашым прыродна-геаграфічным умовам. А «нацыянальны» — больш шырокае паняцце, яно адносіцца да адзення розных слаёў насельніцтва. Заможныя грамадзяне замаўлялі прадметы гардэроба з-за мяжы або шылі іх па агульнапрынятых еўрапейскіх узорах, таму іх касцюм больш зазнаў уплыў моды.

— Як вызначыць, якое адзенне адпавядае народнай традыцыі, а якое — не?

— Перш за ўсё — па кампазіцыйным вырашэнні. Вышыўка ў беларусаў служыла абярэгам і размяшчалася ў месцах, якія адкрывалі доступ да цела: па каўняры, абшэўках, па нізе спадніц. У жанчын дзетароднага ўзросту багатым быў арнамент на рукавах сарочкі і фартуху: лічылася, што ён абараняў іх ад сурокаў.

Сучасная льняная сукенка з вышыўкай. РУП «Скарбніца», Мінск.

— Якімі былі галоўныя элементы беларускага традыцыйнага касцюма?

— Асноўны кампанент жаночага, мужчынскага, дзіцячага касцюма — гэта сарочка, якая абавязкова павінна была закрываць шыю, локці і калені. Яна была прамой, без вытачак, свабоднай; падганялася па постаці за кошт зборкі па каўняры, нізе рукавоў і падпярэзвання па таліі. У гардэроб беларускіх сялянак уваходзілі таксама спадніцы, фартухі, галаўныя ўборы, камізэлькі. Улетку жанчыны насілі простую спадніцу з лёну, зімой — са шчыльнай (часам у палоску, клетку) ваўнянай тканіны, якая называлася андарак. У Маларыцкім раёне распаўсюджаны быў аналаг андарака — бурка, якая адрознівалася багатым тканым ромбагеаметрычным арнаментам.

Увесну і ўвосень паверх кашулі жанчыны апраналі світу (світку) — доўгую расхінную суконную вопратку, якую падпярэзвалі тканым або плеценым поясам. Абавязковым атрыбутам жаночага касцюма лічыўся фартух. Яго насілі не толькі ў будні, але і на святы. Прычым не для таго, каб не запэцкаць спадніцу, а перш за ўсё як абярэг для жаночага ўлоння. Выходзіць на людзі без фартуха лічылася непрыстойным. На поўдні Беларусі ў некаторых регіёнах спадніц не надзявалі наогул, а павязвалі два фартухі — спераду і ззаду. У Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці дзяўчынкі насілі калышку — фартушок, які павязвалі ззаду на кашулю. Ва ўсходніх раёнах Беларусі распаўсюджана была такая парадная паясная адзежына, як панёва, якая складалася з двух кавалкаў ваўнянай саматканкі, сшытых толькі да сярэдзіны. Панёва драпіравалася вакол таліі і сцёгнаў і мацавалася шырокім плеценым поясам.

— Замужнія жанчыны ў традыцыйнай культуры абавязкова павінны былі насіць галаўны ўбор?

— Так. Уступіўшы ў шлюб, жанчыны заўсёды хавалі валасы пад намёткай або хусткай, пад якімі абавязкова быў чапец. Намётка была характэрная для ўсіх рэгіёнаў Беларусі, але ў кожным склаліся свае асаблівасці яе завівання на галаве. Дзяўчаты маглі хадзіць з непакрытай галавой, або насіць арнаментаваныя на канцах палатняныя галаўныя павязкі-«скіндачкі», ці абцягнуты каляровай тканінай абруч — «чылку» і іншае. У вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці існаваў дзявочы галаўны ўбор «кубак». Асновай для яго служыла паласа лубу (або кардону) шырынёй 12-15 см, на якую нацягваліся рознакаляровыя стужкі. Гэты галаўны ўбор надзявалі ў тых выпадках, калі дзяўчына хацела паказаць, што гатовая выйсці замуж.

— А што ўваходзіла ў мужчынскі традыцыйны гардэроб?

— Акрамя сарочкі (кашулі), у мужчынскі традыцыйны сялянскі касцюм уваходзілі штаны, часам камізэлька з даматканага сукна або палатна. Абавязковым кампанентам быў пояс. Ён меў практычнае значэнне (кашуля прылягала да цела і не замінала працаваць), разам з тым быў яркім дэкаратыўным акцэнтам і лічыўся моцным абярэгам. Халасцякі завязвалі яго з левага боку, а жанатыя — пасярэдзіне, прычым вузлу аддавалася асаблівая ўвага — лічылася, што ён надае моц і абараняе ад сурокаў.

Святочныя летнія ўборы сялянак. Пачатак ХХ стагоддзя. Тэрыторыя Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Без пояса нельга было выйсці за парог сваёй хаты. Світку (цёплую вопратку з валянага сукна) мужчыны насілі на працягу стагоддзяў, як і кажухі, пашытыя з аўчыны. Узімку галаву ад холаду абараняла шапка-вушанка з аўчыны або заячага, лісінага футра, пакрытая зверху цёмным сукном. Галаўныя мужчынскія ўборы — магеркі — валялі з воўны. Улетку насілі шапкі капелюшы з саломы: у некаторых рэгіёнах яны называліся брылі.

— Якія колеры былі найбольш папулярныя ў традыцыйным беларускім адзенні?

— Паколькі адзенне выраблялася, як правіла, з лёну або шэрсці, то пераважалі белы, шэры, карычневы, чорны колеры. Узоры ткалі і вышывалі ў асноўным чырвонымі ніткамі. У мужчынскім касцюме пояс быў заўсёды чырвонага колеру, а ў спадніцах па прыполе часта праходзіў дадатковы чырвоны канцік. Круг — гэта абярэг. Чырвоны — колер свята, сонца. Часам у вышыўцы выкарыстоўваўся і сіні колер, які ўвасабляў сум, смутак. У Брэсцкім раёне ўжывалі і чорныя ніткі для арнаменту. Святочны ўбор паўсюдна ўпрыгожваўся больш багата, чым штодзённы.

— Пра што павінны памятаць сёння дызайнеры, каб правільна актуалізаваць нацыянальныя матывы ў адзенні? Што можа стаць, на ваш погляд, брэндам у гардэробе сучаснага беларуса?

— Сучаснае адзенне можа мець ярка выражаны нацыянальны стыль, здольны перадаць вобраз народа. Важна, каб яно стваралася з веданнем традыцый. Гэта не выключае наватарскіх дызайнерскіх пошукаў. Прадметам натхнення для сучасных мадэльераў, якія працуюць у этнастылі, могуць стаць як характэрныя матывы традыцыйнага беларускага арнаменту, так і агульнае сілуэтнае і каларыстычнае вырашэнне касцюма, спалучэнне тканіны прамысловага і ручнога вырабу з іх асаблівай фактурай і дэкорам, асаблівасці народнага крою і ручнога пашыву (напрыклад, выкарыстанне фігурнай зборкі, дэкаратыўных злучальных швоў і іншае). Сучасны модны вобраз у этнастылі можа быць таксама створаны праз увядзенне ў касцюмны комплекс асобных аксесуараў, выкананых у традыцыйных тэхніках ручнога ткацтва і вышыўкі. На мой погляд, нашым брэндам можа стаць лён. Невыпадкова яго называлі «божая свечка». Ён асацыяваўся з божым святлом, ласкай. Сяляне самі яго вырошчвалі, апрацоўвалі, пралі, ткалі ды шылі з яго адзенне, упрыгожвалі арнаментам. Лён экалагічны, не выклікае алергію, ён грэе ўзімку, у ім не горача летам. Але да яго патрэбен адмысловы падыход: лён вымагае простыя лініі крою. Рэчы з яго павінны быць зручныя і рацыянальныя.

Вольга Паклонская, фота дадзены суразмоўніцай

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.