Вы тут

У беларускіх ВНУ плануюць ствараць і мадэрнізаваць навучальныя лабараторыі і STEM-цэнтры


Па ініцыятыве Міністэрства адукацыі ва ўзаемадзеянні са спецыялістамі Сусветнага банка распрацаваны інвестыцыйны праект мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі. У ім задзейнічаны 18 вышэйшых навучальных устаноў. Пра гэта расказала першы намеснік міністра адукацыі Ірына СТАРАВОЙТАВА. У ліку найбольш значных мерапрыемстваў — стварэнне і мадэрнізацыя больш як 120 навучальных лабараторый, STEM-цэнтраў, цэнтраў сумеснага карыстання абсталяваннем з мэтай падтрымкі практычных аспектаў навучання студэнтаў.

Па словах Ірыны Старавойтавай, беларускія ўніверсітэты працягваюць развіваць узаемадзеянне з рэальным сектарам эканомікі. Гэтаму спрыяе ў тым ліку спецыяльна створаны міністэрствам міжгаліновы задачнік, у адпаведнасці з якім ВНУ працавалі па больш чым 60 значных для прамысловых прадпрыемстваў тэхналагічных запытах у сферы машынабудавання, хімічнай прамысловасці, перапрацоўкі адходаў, металургіі...

У планах міністэрства — праектаванне адукацыйных стандартаў пакалення 3+ з улікам патрэбы працадаўцаў у выпускніках з унікальнымі і ўніверсальнымі прафесійнымі кампетэнцыямі, а таксама з'яўленне новых спецыяльнасцяў, арыентаваных на падрыхтоўку спецыялістаў для V і VІ  тэхналагічных укладаў.


Адметнасць універсітэцкіх тэхнапаркаў

Сёння ў ВНУ адточваюцца новыя падыходы па рабоце з адоранай моладдзю, схільнай да навуковай дзейнасці, ствараюцца ўмовы для таго, каб маладая асоба атрымала ўнікальныя кампетэнцыі, якія яна зможа выкарыстаць у дарослым жыцці.

— У прыватнасці, ВНУ ствараюць навуковыя падраздзяленні, што ў тым ліку займаюцца інавацыйнай дзейнасцю. У адным толькі Беларускім дзяржаўным універсітэце функцыянуе дзевяць навукова-даследчых цэнтраў і навукова-даследчых інстытутаў, — паведаміў падчас круглага стала ў БелТА начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі Алег БАРАНОЎСКІ. — Створана разгалінаваная сетка інавацыйных падраздзяленняў па рэгіянальных ВНУ — гэта тэхнапаркі, цэнтры трансферу тэхналогій, галіновыя лабараторыі. Студэнты могуць рэалізоўваць магчымасці цэнтраў калектыўнага карыстання, у якіх размешчана ўнікальнае навуковае абсталяванне.

Адметнасць універсітэцкіх тэхнапаркаў у тым, што яны ўключаны ў навучальны працэс,  кожны з іх мае сваю спецыялізацыю ў залежнасці ад таго, у якім рэгіёне ён знаходзіцца і якія навуковыя школы ў ім найбольш паспяховыя. У прыватнасці, тэхнапарк «Унітэхпрам БДУ» спецыялізуецца на вытворчасці ветэрынарных і фармакалагічных прэпаратаў, навукова-тэхнічны парк БНТУ «Палітэхнік» — на стварэнні і вытворчасці вырабаў медыцынскай тэхнікі. Дзейнасць тэхнапарка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта накіравана на стварэнне інавацыйнай вытворчасці ў лёгкай прамысловасці.

На 1 студзеня бягучага года ва ўніверсітэцкіх тэхнапарках краіны быў зарэгістраваны 61 рэзідэнт, і большасць з іх удзельнічае ў адукацыйным працэсе.

— Яшчэ адна адметнасць універсітэцкіх тэхнапаркаў — гэта стварэнне рэзідэнтаў супрацоўнікамі, выпускнікамі і студэнтамі ўніверсітэта, — падкрэсліў Алег Бараноўскі. — У прыватнасці, толькі ў ГрДУ імя Янкі Купалы заснавана шэсць малых інавацыйных прадпрыемстваў, якія атрымалі статус рэзідэнтаў РУП «Вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр «Тэхналаб», з іх чатыры заснаваныя студэнтамі ўніверсітэта.

Аб'ём вырабленай у тэхнапарках прадукцыі склаў за мінулы год звыш за 17 мільёнаў рублёў, з іх інавацыйнай прадукцыі выпушчана на суму больш як 10 мільёнаў рублёў. Асаблівая роля адводзіцца галіновым лабараторыям, якія функцыянуюць у інтарэсах міністэрстваў прамысловасці, архітэктуры і будаўніцтва, аховы здароўя, эканомікі, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, канцэрна «Белнафтахім», іншых ведамстваў і міністэрстваў. Аб'ём работ, выкананых усімі галіновымі лабараторыямі, склаў за мінулы год больш чым 4,5 мільёна рублёў.

Знайсці і зацікавіць

— Далучэнне да навукі і падтрымка маладых людзей, якія абралі навуковы шлях, ажыццяўляецца па ўсім ланцужку: першая ступень вышэйшай адукацыі — магістратура — аспірантура. Калі на першай ступені студэнты галоўным чынам удзельнічаюць у канферэнцыях, выконваюць навуковыя даследаванні ў рамках студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый і навуковых таварыстваў, то ў аспірантуры суіскальнікі вучонай ступені, удзельнічаючы ў рэальных праектах дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, грантах Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, уносяць істотны ўклад у развіццё новых ведаў, распрацоўваюць карысныя тэхналогіі і аб'екты, — расказаў Алег Бараноўскі.

Вясной 2020 года пры Міністэрстве адукацыі быў створаны Савет маладых навукоўцаў. Гэта кансультатыўна-дарадчы орган для выпрацоўкі рэкамендацый і прапаноў па ўдасканаленні дзяржаўнай падтрымкі маладых людзей, якія займаюцца навукай, і прызнання іх дасягненняў у навуковай сферы. Савет павінен стаць пастаяннай пляцоўкай для актыўнага абмеркавання актуальных праблем.

— Наша задача — яшчэ з першага курса зацікавіць студэнта, замацаваць яго ў навуковай дзейнасці і выхаваць з яго ўжо самастойнага, дасведчанага навукоўца, — падкрэслівае старшыня Савета маладых навукоўцаў Аляксей ЕРМАКОЎ. — Трэба, каб як мага больш таленавітых маладых людзей заставалася ва ўніверсітэтах, займалася даследаваннямі, станавілася выкладчыкамі і вучонымі.

Паводле яго слоў, у савета два асноўныя кірункі работы: «Першы — прыцягненне моладзі ў навуку, зносіны са школьнікамі, папулярызацыя навукі і стварэнне іміджу маладога навукоўца. Другі кірунак — аказанне дапамогі аспірантам пры абароне кандыдацкіх работ. Задача Савета маладых навукоўцаў — кансультаванне моладзі, падрыхтоўка да абароны перад Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй, экспертным саветам. Я ведаю, што ў БДУ і БДПУ праходзяць «Тыдні аспірантаў». Мы хацелі б распаўсюдзіць іх станоўчы вопыт на ўсе ўніверсітэты краіны».

— Пошук перспектыўнай моладзі распачынаецца яшчэ ў школе, — падкрэслівае прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Васіль САФОНАЎ, — таму пры нашай ВНУ створаны «школы юных». Выкладчыкі працуюць з алімпіяднікамі, потым вызначаюць найлепшых, рыхтуюць іх для ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах. Затым, ужо прыйшоўшы ва ўніверсітэт, маладыя людзі далучаюцца і да навуковай дзейнасці. На розных факультэтах у нас працуе каля тысячы студэнцкіх гурткоў, дзейнічае больш за 40 навукова-даследчых лабараторый. І мы стараемся матэрыяльна падтрымліваць гэтыя даследаванні. Каля 600 студэнтаў і выкладчыкаў і шэсць навукова-даследчых лабараторый заахвочаны Спецфондам Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Прадугледжана сістэма грантаў і для аспірантаў. У тым ліку мы прадстаўляем нашых аспірантаў на конкурс Міністэрства адукацыі для атрымання грантавай падтрымкі. Акрамя таго, мы арыентуем моладзь на ўдзел у рэспубліканскіх конкурсах, дзе нашы маладыя навукоўцы паказваюць нядрэнныя вынікі.

У кастрычніку 2018 года БДУ запусціў свой першы ўніверсітэцкі спадарожнік. «У гэтым годзе да запуску рыхтуецца ўжо другі нанаспадарожнік. Такім чынам з'явіцца ўжо свая арбітальная групоўка. Гэта своеасаблівая лабараторыя, якая забяспечвае развіццё новых кірункаў у навучанні. Маладыя людзі, якія будуць вучыцца па кірунку «аэракасмічныя сістэмы», змогуць гэтыя спадарожнікі суправаджаць, змогуць атрымліваць ад іх інфармацыю, кіраваць імі. Студэнты таксама прыцягваюцца да стварэння нанаспадарожніка.

Камерцыялізацыя дзейнасці

Васіль Сафонаў падкрэсліў: складана назваць найбольш запатрабаваныя сферы навуковых даследаванняў. «Кожны чалавек сам вызначае для сябе, чым ён хоча займацца. Разам з тым добрыя вынікі ў нас ёсць у біятэхналагічнай і хімічнай сферах. Нашы маладыя навукоўцы займаюцца зялёнай хіміяй, распрацоўкай лекавых прэпаратаў. У нас ёсць маладыя хімікі, якія яшчэ ў студэнцкія гады ўдзельнічалі ў распрацоўцы медыцынскіх прэпаратаў, затым працавалі на іх апрабацыі, а цяпер удзельнічаюць у іх вытворчасці (размова ідзе пра супрацьпухлінныя і кардыятропныя прэпараты). Зараз працягваем работу над новай лінейкай прэпаратаў. Біятэхналагічны профіль — гэта распрацоўка ветпрэпаратаў. Нашымі біёлагамі распрацавана цікавая лінейка, звязаная з відавым лячэннем жывёл на аснове інтэрферонаў. Яны дапамагаюць актывізаваць імунную сістэму і паказваюць добрыя вынікі пры лячэнні жывёл. Усе гэтыя прэпараты распрацоўваюцца ў тым ліку з удзелам маладых навукоўцаў і вырабляюцца як на базе ўніверсітэта, так і з умовай перадачы па ліцэнзійных пагадненнях нашым партнёрам», — дадаў ён.

— Калі створана неабходная інфраструктура, малады вучоны зможа рэалізаваць свае ідэі, — такой думкі прытрымліваецца намеснік генеральнага дырэктара па інавацыйнай дзейнасці Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Павел ЛУШЧЫК. — Кожны малады навуковец хоча бачыць рэалізацыю сваіх навуковых ідэй і пачынанняў. І для гэтага неабходная інфраструктура. БНТУ развіваецца ў рамках канцэпцыі «Універсітэт 3.0», а гэта — не толькі адукацыйная і навуковая дзейнасць, але яшчэ стварэнне інавацыйных вытворчасцяў і камерцыялізацыя навуковай дзейнасці. За камерцыялізацыю навукі ў нашым універсітэце адказвае Навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік». На сённяшні дзень намі ўжо створана некалькі інавацыйных вытворчасцяў у медыцынскай галіне (траўматалогіі, артапедыі, кардыяхірургіі, сасудзістай хірургіі і анкалогіі), у нанясенні шматфункцыянальных пакрыццяў, у вобласці энергаэфектыўных тэхналогій, а таксама стварэнні ачышчальных збудаванняў. На такіх вытворчасцях мы якраз выкарыстоўваем распрацоўкі, якія выйшлі з нашага ўніверсітэта, якія былі прыдуманы нашымі маладымі навукоўцамі і ўжо вопытнымі выкладчыкамі, прафесарамі, дактарамі навук.

Штогод у тэхнапарк размяркоўваецца каля дзесяці маладых спецыялістаў. Больш як сто штогод праходзіць там пераддыпломную практыку.

— Асабліва часта праходзяць практыку студэнты з прыборабудаўнічага, механіка-тэхналагічнага, машынабудаўнічага і энергетычнага факультэтаў. На базе тэхнапарка створана лабараторыя хуткага прататыпавання. Акрамя таго, у БНТУ штогод праходзіць конкурс стартапаў, і на яго падставе выдзяляюцца гранты, — адзначыў намеснік гендырэктара. — Калі ёсць інфраструктура, дзе малады навуковец можа рэалізаваць свае ідэі, ёсць каманда і падтрымка, тады ўсё атрымаецца.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДУ

Загаловак у газеце: Інфраструктура, каманда, падтрымка

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.