Вы тут

Алеся — родная душа


У ліку верных сяброў беларусаў Еўпаторыі даўно значыцца й кіраўніца горада Еўпаторыі Алеся Харытоненка, якая нядаўна ўвайшла ў склад Дзярж­савета Расійскай Федэрацыі.


Алеся Харытоненка і Дзіна Шаўчэнка. З архіва Дзіны Шаўчэнкі

Напрыканцы года, перад Калядамі радасцю сваёй з намі падзялілася Дзіна Шаўчэнка, кіраўніца суполак “Крым — Беларусь” і “Беларускі Крыму” імя Еўфрасінні Полацкай. Беларусы Еўпаторыі, як кажуць, па гарачых слядах і павіншавалі Алесю Віктараўну, калі Указ Прэзідэнта Расіі аб яе зацвярджэнні на высокай і ганаровай пасадзе быў апублікаваны. Дзіна Рыгораўна праінфармавала нас, што ў кіраўніцы горада — дзве вышэйшыя адукацыі: закончыла Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт унутраных спраў ды Харкаўскі рэгіянальны інстытут дзяржкіравання пры Прэзідэнце Украіны. А яе кар’ера ў Крыме пачалася ў 2002‑м, калі выбралі яе дэпутаткай Заазёрненскага пасялковага савета. Заазёрнае — прыморскі курорт за 8 кіламетраў ад Еўпаторыі. Тады ж, дарэчы, і Дзіна Шаўчэнка, якая жыве ў пасёлку, пазнаёмілася й пасябравала з энергічнай дэпутаткай. “Я самая маладая дэпутатка пассавета!” — з годнасцю прадставілася Алеся ў іх першую сустрэчу.

Кар’ера ж Алесі Віктараўны, якой сёлета споўніцца 40 гадоў, была імклівай: восенню 2014‑га яе абралі старшынёй Еўпатарыйскага гарсавета, і ўжо ў снежні — старшынёй Асацыяцыі савета муніцыпальных утварэнняў Крыма. З лета 2019‑га кіраўніца Еўпаторыі працуе і ў складзе прэзідыума савета пры Прэзідэнце Расіі па мясцовым самакіраванні. Цяпер вось — новы кар’ерны ўзлёт, інакш і не назавеш, бо за 6 гадоў пройдзены шлях ад кіраўніцы звычайнага пассавета да Дзяржсавета Расіі.

“Еўпаторыі вельмі пашанцавала з кіраўніцай!” — лічыць Дзіна Шаўчэнка. — А сардэчнага цяпла ў Алесі хапае й для актывістаў беларускіх суполак, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць у Еўпаторыі. Яна шмат гадоў побач з намі ў справах, удзельнічае ў нашых імпрэзах, падтрымлівае словам і дзеяннем”. Спадарыня Дзіна падлічыла: 15 разоў была на прыёмах у кіраўніцы горада! Дзялілася планамі, атрымлівала падтрымку, чула словы падбадзёрвання. І пра тое, дарэчы, не раз ужо згадвала няштатная карэспандэнтка ў допісах у рэдакцыю. З публікацый у “ГР” пра жыццё беларускай дыяспары ў Еўпаторыі, Крыме Дзіна Шаўчэнка ўклала, звярстала, падрыхтавала да друку кнігу “Беларусь — наша Радзіма, Крым — наш дом”. У ёй больш за 20 тэкстаў, ілюстрацыі. Не раз там згадваецца, ёсць на здымках і Алеся Харытоненка, родны па духу чалавек для мясцовых беларусаў. Якая ведае й пра 500‑годдзе беларускага кнігадрукавання, якое святкавалася ў свеце ў 2017‑м, і пра вершы Максіма Танка — ягоную кнігу падарыла Дзіна Шаўчэнка. Прычым адзін з вершаў еўпатарыйскую кіраўніцу настолькі ўразіў, што мела намер Алеся Віктараўна вывучыць яго на памяць. Адным словам: родная душа!

У адным з матэрыялаў, які быў змешчаны на старонках “ГР” (“У Еўпаторыі — свая”, 19.07.2018) ідзе гаворка пра тое, што Алеся Харытоненка ўручыла дыплом кіраўніцы суполкі “Крым — Беларусь” Дзіне Шаўчэнцы: аб занясенні яе імя на Дошку гонару за важкі ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё муніцыпальнага ўтварэння. Яшчэ, ведаем, прывезла Дзіна Шаўчэнка еўпатарыйскай Алесі ў падарунак з Беларусі кампакт-дыск ансамбля “Сябры” з песняй “Алеся”, і песня пра дзяўчыну беларускую крымчанцы даспадобы. Як і дэкаратыўны кошык з лазы, прывезены з Беларусі, набыты на выставе, зладжанай Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці.

Віншуем, Алеся Віктараўна! Спадзяемся, што плённая ваша супраца з беларусамі Крыма будзе доўжыцца на карысць абодвух народаў.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?