Вы тут

Натхненне ў спадчыну


Прыцягнуць увагу чытачоў да добрых кніг магчыма, ладзячы розныя конкурсы. Тым, у прыватнасці, даўно й вынікова займаецца з сябрамі з розных краін, паплечнікамі, аднадумцамі ды вучнямі настаўніца-беларуска Ніна Пээрна, кіраўніца Цэнтра нацыянальных меншасцяў “Радзіма” з Эстоніі. Пра тое быў яе тэкст “Даніна павагі класікам” (ГР, 29.12.2020). Ёсць такі досвед працы і ў Цэнтры беларускай культуры ў Даўгаўпілсе. Нам адтуль напісалі: у гонар 90‑х угодкаў класіка ладзіўся конкурс юных мастакоў. А 25 лістапада з захаваннем нормаў бяспекі з‑за каронавіруса ў Цэнтры адкрылася выстава малюнкаў па матывах ягоных “Казак янтарнай краіны”.


Лізавета Варажбіт з дыпломам

Арганізатары конкурсу адзначаюць: пісьменнік пакінуў значны след і на латвійскай зямлі: “Ён любіў гасцяваць у Латвіі, дзе ў яго было шмат сяброў, прысвяціў ёй “Казкі янтарнай краіны”. Гэта нарыс, лірычныя замалёўкі пра Латвію на аснове ўражанняў і рэальных гісторый, якія чаргуюцца з казкамі пра латышскую зямлю. Напісана ўсё паэтычна ды алегарычна, з гумарам і павагай да народа. Таленавіты, сяброўскі аповед пра суседнюю з Беларуссю краіну, пра тое, што любоў і дабро перамагаюць ліха”. У конкурсе паўдзельнічалі юныя мастакі ад 7 да 13 гадоў з Даўгаўпілса, Краславы й нават Вялікабрытаніі. Вынікі конкурсу падведзены, усе ўдзельнікі атрымаюць дыпломы й сувеніры, паглядзець малюнкі можна на сайце bkc.daugavpіls.lv.

А кіраўніца суполкі “Сябры” з украінскага Чарнігава Галіна Варажбіт напісала нам, што 26 лістапада падведзены былі вынікі Усеўкраінскага конкурсу дзіцячых малюнкаў па кнізе Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”. Конкурс да юбілею класіка ладзіў Цэнтр беларускай мовы й літаратуры імя Уладзіміра Караткевіча (дзейнічае ў Інстытуце філалогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі) з падтрымкай Амбасады Беларусі ва Украіне. Журы ацэньвала 53 дзіцячыя малюнкі, пераможцамі сталі Сафія Сцепанец, Арсен Міхальчук і Кацярына Зайцава (адпаведна 1, 2 і 3 месцы). А ганаровае 4‑е, што спадарыні Галіне вельмі прыемна, заняла Лізавета Варажбіт, яе ўнучка, з малюнкам “Ноч”. Ліза вучыцца ў 9‑й школе Чарнігава, удзельнічае ў імпрэзах Беларускага нацыянальнага культурнага таварыства “Сябры”, якім яе бабуля ад стварэння й кіруе. Журы ўшанавала 16 дзяцей-удзельнікаў конкурсу спецыяльнымі дыпломамі Мастацкай акадэміі сучаснага мастацтва імя Сальвадора Далі, і Ліза — у іх ліку.

“З беларускіх суполак Украіны — адна яна ў ліку пераможцаў, — рада за ўнучку Галіна Міхайлаўна. — Вучыцца ў 5‑м класе, прычым добра. З трох гадоў займаецца спартыўнай гімнастыкай: амаль на ўсіх гарадскіх спаборніцтвах заваёўвае першыя месцы. Маляваннем займаецца ў гуртку пры гарадскім Палацы моладзі й дзяцей. Да справаў суполкі далучана: выступае на розных імпрэзах. Чытае на памяць верш Петруся Броўкі “Пахне чабор”, урывак “Мой родных кут” з паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа”. У спадарыні Галіны тры ўнучкі, адзін унук: плануе, як падрастуць, іх таксама далучаць да беларускай мовы.

І сама Галіна Варажбіт паўдзельнічала 30 кастрычніка ў конкурсе чытальнікаў, які ладзіла Беларускае радыё да 90‑х угодкаў Уладзіміра Караткевіча. Чытала на памяць вершы “Лісце” і “На Беларусі Бог жыве”. Атрымала падзяку.

Як бачым, творчасць Уладзіміра Караткевіча — запатрабаваная, да яе звяртаюцца беларусы розных узростаў у розных краінах.

Іван Іванаў

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Пра кантроль за станам АЭС расказалі эксперты Дзяржатамнагляда.