Вы тут

Сучасныя праекты ў прасторы памяці


У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі прэзентаваныя інфаролікі пра саму гэтую ўстанову. А за мінулы год усяго зроблена ў музеі вельмі шмат!


Расказваць пра тое, што раней было прыхаванае за рознымі шырмачкамі — прыкмета часу. І ў Гістарычным музеі рэалізавалі цікавы праект: сумесна з даўнімі сябрамі Алегам Лукашэвічам і Аляксандрам Аляксеевым — вядомымі фотамайстрамі, тэлежурналістамі.

“Усяго знята было паводле праекта 11 ролікаў, кожны — на беларускай, рускай і англійскай мовах, — расказаў дырэктар музея Павел Сапоць-ка. — Ёсць агульны ролік пра Гістарычны музей, ёсць асобныя аповеды пра пяць філіялаў, зняты асобна ролікі пра калекцыі сакральнага мастацтва, этнаграфіі, археалогіі, нумізматыкі, зброі”. Усе ролікі з’явяцца на партале музея ў інтэрнэце.

Імпрэза стала й падвядзеннем вынікаў працы калектыву музея за год 2020‑ы. Як лічыць дырэктар, быў год асабліва багаты на розныя праекты. Згадвае Рэспубліканскі конкурс “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва” ў 2019–2020 гадах, Рэспубліканскую выставу “Трыенале сучаснага мастацтва” ў Палацы мастацтва ў Мінску. Цікавая навінка — Рэспубліканскі конкурс рэжысёрскіх эксплікацый. Нетрадыцыйная сфера дзейнасці для музея, і тым не менш! Рэалізавана інклюзіўная праграма “Уключыся ў Музей”: дзякуючы ёй музейная прастора стала цалкам даступнай для наведнікаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, часткова даступнай для наведнікаў з парушэннямі зроку. Праведзены Дні культуры Беларусі ў Султанаце Аман. Пра тое й мы пісалі: “Па адзенні сустракаюць… Выстава “Узоры й сімвалы: спадчына беларускага арнаменту” дэманструецца ў далёкай арабскай краіне”. — ГР, 18.04.2020.

Яшчэ, звяртае ўвагу дырэктар музея, цікавым атрымаўся дакументальны відэфільм “Музыка герояў. Мелодыі Перамогі”, створаны да 75‑годдзя Вялікай Перамогі рупліўцамі з Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі ў супрацы з калегамі з Расійскага нацыянальнага музея музыкі, пры падтрымцы кампаніі JTІ ды кампаніі RGB PRODUCTІON. Як вядома, у ваенны час былі створаны тысячы вершаў і песень, сотні з іх і па сёння помняцца, жывуць у нашай культурнай прасторы, у прасторы нацыянальнай памяці. Фільм расказвае, у прыватнасці, пра ваенных музыкантаў, адным з якіх быў Барыс Міхайлавіч Пянчук (дарэчы, удзельнік знакамітага Парада Перамогі ў Маскве ў 1945‑м) — ягоная дырыжорская палачка зберагаецца ў Музеі гісторыі музычнай і тэатральнай культуры (філіял Гістарычнага). У 2014‑м у Мінску адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар дырыжора. А ці ведалі вы, што ў Мінску нарадзілася ў 1940‑м мелодыя песні “Синий платочек”? Што менавіта Ленінградская сімфонія нашага знакамітага супляменніка Дзмітрыя Шастаковіча "зламала дух” некаторых захопнікаў, яны страцілі веру ў перамогу Германіі? Што ўсенародна любімая Ларыса Александроўская, адна з вядомых удзельніц франтавых агітбрыгад, спявала байцам Чырвонай арміі нават стоячы на танку? Вядзецца ж аповед пра тое, як мелодыі ваенных гадоў станавіліся мелодыямі Перамогі — з паказам экспанатаў, фотаздымкаў, кадраў кінахронікі. Відэафільм можна паглядзець на старонцы Гістарычнага музея ў Фэйсбуку.

Павел Сапоцька згадвае й выставу “Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі” на агароджы Парку культуры й адпачынку імя Чалюскінцаў у Мінску — мы пра той праект пісалі таксама. Як і пра І Рэспубліканскі краязнаўчы форум (прайшоў у плыні Трохгоддзя малой радзімы), пра выданне зборніка матэрыялаў форуму ў 2‑х тамах. І выйшлі ў свет чатыры нумары першага спецыялізаванага прафесійнага навукова-папулярнага часопіса “Беларускі музей”! Заслуга Гістарычнага і ў тым, што летась былі створаны Музей Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, Музей гісторыі ДТСААФ, Музей Беларускай універсальнай таварнай біржы. Была распрацавана й канцэпцыя віртуальнага Музея культурнай спадчыны дзяржаў-удзельніц СНД. “Мы зладзілі летась і міжнародную навуковую канферэнцыю “Экспедыцыя працягласцю ў жыццё. Актуальныя пытанні археалогіі ды нумізматыкі Беларусі, сумежных рэгіёнаў” — у памяць пра беларускага археолага й нумізмата Аляксандра Плавінскага, — пералічвае зробленае Павел Сапоцька. — Ажыццявілі тры выставачныя праекты дзякуючы грантам Прэзідэнта Беларусі ў культуры. І шмат яшчэ ўсяго цікавага паспелі зрабіць, нягледзячы на складанасці з‑за каранавіруса. Усяго Гістарычным музеем, філіяламі летась было зладжана каля 100 выстаў, каля 150 кінапаказаў, лекторыяў, прэзентацый, выпушчаныя ў свет 12 выданняў: альбомы, каталогі, зборнікі навуковых матэрыялаў”.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».