Вы тут

Выказванне: пазачасавае і своечасовае


У Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» працуюць адразу некалькі праектаў: выстаўка работ пераможцаў I Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў «VIVAT VITA» і выставачнага праекта «Графіка года», персанальны выставачны праект «Памежны стан» Кацярыны Сумаравай, а таксама персанальная юбілейная выстаўка Ларысы Журавовіч «Святло зямлі, святло нябёсаў…»


Ларыса Журавовіч падчас адкрыцця выстаўкі. Фота аўтара

Сума вынікаў

Першыя два праекты адбыліся ў межах міжнароднага фестывалю «Арт-Мінск», які праходзіў у снежні мінулага года. Гледачу былі прадстаўлены разважанні мастакоў на філасофскія і сацыяльныя тэмы: пераасэнсаванне важных вех у нацыянальнай і сусветнай гісторыі, культуры, роздумы над вечнымі пытаннямі светабудовы, праблемамі экалогіі. Велізарная колькасць аўтараў, розныя жанры, тэхнікі, спосабы і метады мастацкага даследавання жыцця, з якімі можна было пазнаёміцца на шматлікіх культурных пляцоўках выстаўкі, выклікалі сапраўдную цікавасць. Вынікі фестывалю і конкурсу падвялі ў Доме прэсы падчас прэсканферэнцыі, прысвечанай айчыннаму выяўленчаму мастацтву.

— Мы выбралі фармат трыенале, каб раз на тры гады прэзентаваць больш класічныя віды мастацтва, — заявіла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Між тым ужо мяркуем, што наступнае трыенале будзе прысвечана канцэптуальнаму мастацтву. Фестываль «Арт-Мінск» быў добра прыняты публікай. З гонарам можам сказаць, што наведвальнікі ацанілі фармат. Па нашых падліках, нягледзячы на складаныя пандэмічныя ўмовы, пляцоўкі наведвала каля 300 чалавек штодзень. Гэта сведчыць пра цікавасць: людзі засумавалі, ім хочацца гутарыць пра мастацтва і, відаць, ацэньваць яго. Фестываль аказаўся цікавы, гучны, выклікаў шмат размоў і спрэчак.

У асноўным у «Арт-Мінску» ўдзельнічала моладзь і сярэдняе пакаленне. Асобна былі прадстаўлены карціны сталых мастакоў: у мастацкай галерэi твораў Леанiда Шчамялёва мiнчане ўбачылі работы Iвана Мiско, Васiля Шаранговiча, Льва Гумiлеўскага, Уладзiмiра Тоўсцiка i самога Леанiда Шчамялёва. Экспазіцыя — даніна павагі патрыярхам, якія стварылі тую глебу, на якой зараз займаюцца жывапісам ці скульптурай маладыя мастакі. Але творчая мова сталых майстроў крыху адрозніваецца: яны не так хутка рэагуюць на тое, што адбываецца вакол. Многія пагодзяцца: маладзейшыя мастакі сталі вастрэй адчуваць час у яго зменлівасці. У работах узнікаюць пэўныя пытанні пра сябе, пра людзей, пра наваколле ўвогуле. Але гэта толькі пастаноўка пытанняў без спробы адказаць на іх.

Як адзначаюць арганізатары, выстаўка дапамагла заўважыць: у работах, асабліва жывапісных, раптам з’явіўся колер. Глядач заўжды ўспрымаў жывапіс — тут трэба згадаць Вітольда Бялыніцкага-Бірулю — як нешта мройнае, стрыманае і далікатнае. Але аказалася, што мастакі здольны гаварыць на больш рэзкай мове — у гэтым плане змянілася і скульптура. Самае важнае пытанне «Куды мы ідзём?», якое стаіць перад грамадствам, безумоўна, хвалюе і творцаў, лічыць Наталлі Шаранговіч.

Прайсці тэст Роршаха

З больш як 200 работ сяброў Беларускага саюза мастакоў, якія адначасова з экспазіцыяй удзельнічалі ў конкурсе па розных намінацыях, запрошаным журы з вядучых мастацтвазнаўцаў краіны былі адабраны найлепшыя. Так, Гран-пры І Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў атрымала мастак-жывапісец Кацярына Сумарава. Пераможцамі ў намінацыі «Жывапіс» сталі Васіль Касцючэнка, Таццяна Радзівілка і Аляксандр Даманаў. У намінацыі «Графіка» найлепшыя — Юрый Якавенка, Юрый Тарэеў і Уладзімір Шапавалаў. Першае месца ў намінацыі «Скульптура» атрымаў Канстанцін Селіханаў, другое — Сяргей Аганаў, трэцяе — Аляксандр Сакалоў.

Таксама былі вызначаны найлепшыя работы праекта «Графіка года». Пераможцамі ў намінацыі «Арыгінальная графіка» сталі Вера Каўзановіч, Уладзімір Рынкевіч, Андрэй Савіч. У намінацыі «Друкаваная графіка» першае месца ў Марыі Кошалевай-Ліхоты, другое — у Андрэя Басалыгі, трэцяе — у Марыі Мароз.

— Гэтая выстаўка паказвае высокі ўзровень айчыннай графікі, — адзначыў Андрэй Басалыга, намеснік старшыні па творчых і агульных пытаннях Беларускага саюза мастакоў, куратар праекта «Графіка года». — Беларуская графічная школа добра вядомая ў свеце. Кожны год майстры дэманструюць усё новыя поспехі. Трэба дадаць, што з кожнага праекта Нацыянальны мастацкі музей робіць закупы твораў графікі для сваёй калекцыі.

Дарэчы, выбар пераможцы ў намінацыі «Гран-пры» быў самы складаны, бо тут ацэньваецца не толькі прафесійнасць, але і грамадскі аспект, значнасць твора ды важнасць тэмы. Гэтым разам выбар журы быў аднадушны.

Як пераможца Кацярына Сумарава прэзентуе сваю творчасць у фармаце персанальнай выстаўкі, у экспазіцыі якой прадстаўлены работы з цыклаў «Суб’ектыўны краявід», «Памежны стан», «Рэзервуарыум», а таксама з новай нізкі-рэфлексіі «Плашчаніца». Работа Кацярыны Сумаравай «Плашчаніца», якая, па меркаванні мастацтвазнаўчага журы, стала вызначальнай для буйной мастацкай падзеі, адсылае гледача да знакамітага тэста Роршаха, па якім можна інтуітыўна аўтар. Творчы працэс Кацярыны Сумаравай ёсць перапрацоўка навакольнай рэчаіснасці і паглыбленне ва ўласную падсвядомасць з мэтай знайсці збалансаваны вобраз і выйсці з працы, нібы пасля медытацыі, абноўленай і моцнай. Творы аўтара яркія і стрыманыя, шматслоўныя і лаканічныя, экспрэсіўныя і плаўныя.

— Кацярына Сумарава, відаць, трапіла ў час, — заўважыла Наталля Шаранговіч. — Адразу згадваецца Уладзімір Караткевіч і яго «На Беларусі Бог жыве…» Тут не столькі аспект рэлігійнага, колькі сакральнага. Мастачка схапіла нейкія імгненні, адчула настроі — гэта сапраўднае мастацкае выказванне.

Кацярына Сумарава «Суб’ектыўны краявід», 2015 г.

У Палацы мастацтваў прадстаўлены не проста творы лаўрэатаў конкурсаў, але іх персанальныя міні-выстаўкі — глядач можа ўбачыць не толькі тыя работы, што былі прадстаўлены на трыенале ці іншых пляцоўках, але і новыя карціны.

Дарэчы, работы творцаў у межах фестывалю «Арт-Мінск» ацэньвалі гледачы. Па выніках галасавання пяцёрка пераможцаў выглядае так: Алеся Скарабагатая, Ганна Сілівончык, Антон Радыёнаў, Алена Чэпелева і Надзея Леановіч.

Натурныя ўражанні Ларысы Журавовіч

— Мастаку, усё жыццё якога праходзіць у правінцыі, вельмі важна мець магчымасць прэзентаваць свае творы на сталічных пляцоўках, — адзначыла падчас прэс-канфрэнцыі Ларыса Журавовіч. — У мяне такая магчымасць з’явілася дзякуючы Саюзу мастакоў. Юбілейная выстаўка звычайна прадугледжвае пэўную рэтраспектыву, своеасаблівую справаздачу, але ў мяне яна пабудавана крыху па-іншаму.

Найперш Ларыса Журавовіч прадстаўляе серыю «Вяртанне», якую стварыла практычна за паўтара года. Назву не трэба ўспрымаць літаральна — творцу хвалявала тэма духоўнага свету. Гэта тонкая матэрыя, якую мастаку вельмі складана перадаць. Абраная тэма прымусіла зрабіць экскурс у гісторыю малой радзімы. Найперш аўтара цікавіла хрысціянскае жыццё Бялыніччыны 100 гадоў таму. У выніку доўгіх пошукаў высветлілася, што з 16 храмаў сёння засталося толькі два ў перабудаваным выглядзе, пра астатнія ці мала вядома, ці невядома нічога. Разам з мужам мастачка аб’ездзіла амаль усе вёскі раёна, сустракалася з многімі сталымі людзьмі, шукала іх і ў гарадах. Вынікам стала рэканструкцыя 14 храмаў па ўспамінах гэтых людзей, якім, як правіла, ужо больш за 90 гадоў. Два помнікі ўзнавіць не ўдалося.

Усё гэта толькі частка шматтэматычнай выстаўкі. У экспазіцыі прадстаўлены серыі «Землякі», «Вясновыя дні», а таксама шматлікія нацюрморты. Такія розныя творы аб’ядноўвае погляд мастачкі на свет, яе роздум пра духоўную сувязь паміж нябесным і зямным у жыцці чалавека. Ларыса Журавовіч бачыць паэзію ў надзённым, адкрывае глыбокі сэнс у бытавых рэаліях паўсядзённага жыцця, яна малюе тое, што ёй блізка і зразумела. Як лічаць арганізатары, кожная яе праца — нацюрморт, пейзаж або партрэт — вынік сінтэзу філасофскіх разваг і непасрэдных натурных уражанняў. На карцінах — і вясковы побыт, і прадметы ўжытку, якія здаюцца нязвыклымі жыхару горада, але не перастаюць быць гарманічнымі і значнымі пры натуральным укладзе жыцця, які яшчэ захаваўся ў беларускай глыбінцы.

Пастка для маладых і ўпэўненасць геніяў

Многія праекты таго ж «Арт-Мінска» грунтаваліся на супрацоўніцтве з рознымі пляцоўкамі сталіцы. Гэта робіцца для таго, каб у краіне з’явілася паняцце вялікага арт-фестывалю, асабліва ў перыяд адасобленасці паміж дзяржавамі. Сёлета разам з Музеем гісторыі горада Мінска, Гарадской мастацкай галерэяй твораў Л. Шчамялёва, Арт-гасцёўняй «Высокае месца», Мемарыяльным музеем-майстэрняй З. Азгура, Нацыянальным гістарычным музеем Беларускі саюз мастакоў абяцае зрабіць шэраг цікавых выставак. Так, анансаваны чатыры маштабныя праекты: фестывалі скульптуры, жывапісу, манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і Трыенале канцэптуальнага мастацтва. Такім чынам Беларускі саюз мастакоў імкнецца ахапіць усе кірункі і жанры, у якіх працуе тысяча мастакоў суполкі. Нягледзячы на тое, што саюз сам генерыруе некаторыя ідэі, шмат ініцыятыў сыходзіць ад творцаў.

— Прадстаўнікі старэйшага пакалення не столькі рэагуюць на нешта, колькі працягваюць сваю гісторыю, што, дарэчы, нядрэнна, — лічыць Канстанцін Селіханаў, пераможца ў намінацыі «Скульптура». — Я, напрыклад, прадстаўляў работы не 2020 года, бо працую над пэўнай тэмай з пачатку 2000-х. Але час апярэджвае мастака. Многія з творцаў не гатовы да нейкіх сур’ёзных змен. Ды і немагчыма так хутка на нешта рэагаваць. Мастацтва заснавана на пэўных правілах, якія робяць яго творчасцю, а не лозунгам ці плакатам, хоць гэта часам аказваецца мацнейшым за мастацтва. Падчас «Арт-Мінска» заўважыў: вельмі часта маладыя і не вельмі ўпэўненыя ў сабе мастакі жадаюць спадабацца, але гэта своеасаблівая пастка. Можна быць геніем і не выходзячы з майстэрні, але такія буйныя выстаўкі даюць магчымасць даследаваць і аналізаваць.

Арганізатары падзялілі праект на дзве ўмоўныя часткі, якія будуць дэманстравацца на розных пляцоўках Беларусі. Адну з іх неўзабаве прадставяць у Полацкай мастацкай галерэі (адкрыццё 20 лютага), а пасля ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва. Другую плануюць паказаць у выставачных залах Гродна (11 лютага) і Брэста. Пакуль толькі абмяркоўваецца варыянт з экспазіцыяй ў Гомелі і Магілёве. А вось выстаўкі ў Палацы мастацтва будуць працаваць толькі да 7 лютага.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.