Вы тут

У вечнай стыхіі свята


Вялікі тэатр Беларусі прысвяціў балет «Дон Кіхот», які паказалі 20 студзеня, 85-годдзю народнай артысткі Беларусі Клары Малышавай. Як адзначылі ў тэатры, балерына шырокага творчага дыяпазону валодала высокай тэхнікай, экспрэсіўнай, энергічнай манерай танца. Сярод яе найярчэйшых роляў  — Кітры ў «Дон Кіхоце» Людвіга Мінкуса.


Сцэна з балета «Дон Кіхот». Фота з сайта Вялікага тэатра Беларусі.

«Дон Кіхот»: сіла і хараство

У аснове сюжэта спектакля, прэм’ера якога адбылася 2 чэрвеня 1989 года, — адзін з устаўных эпізодаў рамана Мігеля дэ Сервантэса «Дон Кіхот». Гэта гісторыя кахання і прыгод дачкі карчмара Ларэнца прыгажуні Кітры і беднага цырульніка Базіля. З-за таго, што бацьку галоўнай гераіні не падабаюцца заляцанні маладога чалавека (ён марыць выдаць дачку за багатага двараніна Гамаша), закаханыя вырашаюць збегчы. З гэтага і пачынаецца іх падарожжа, у выніку якога маладосць, любоў і высакароднасць перамагаюць.

Лібрэта ў свой час напісаў Марыус Петыпа, ён жа — адзін з харэографаў нараўне з Аляксандрам Горскім і Касьянам Галяйзоўскім. Над харэаграфіяй беларускага «Дон Кіхота» працаваў народны артыст СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянцін Елізар’еў, які выступае пастаноўшчыкам балета ў трох дзеях. Дырыжор-пастаноўшчык — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка, мастак-пастаноўшчык — народны мастак Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Окунеў, мастак па касцюмах — Ірына Прэс. Дырыжорамі сталі Алег Лясун і ўладальнік медаля Францыска Скарыны Вячаслаў Чарнуха-Воліч. У складзе выканаўцаў — Ірына Яромкіна (Кітры), Марына Вежнавец (Мерсэдэс), Ігар Артамонаў (Эспада), Канстанцін Геронік (Базіль), Кірыл Фурман (Дон Кіхот), Канстанцін Кузняцоў (Санча Панса), Александр Смалякоў (Ларэнца), Іван Савянкоў (Гамаш), Людміла Уланцава (Дульцынея).

Перавага яркай музыкі, імклівая плынь падзей, багацце і разнастайнасць танцаў, кідкія, маляўнічыя касцюмы ператварылі гэты балет у святочную феерыю. Сіла і чароўнае хараство «Дон Кіхота», які больш за 150 гадоў пануе на сцэнах свету, — менавіта ў своеасаблівай атмасферы свята і шчасця.

Джульета, Папялушка, Аўрора…

Ад класічных да гратэскавых — рэпертуар Клары Малышавай ахопліваў разнапланавыя ролі. Артыстка выканала каля двух дзясяткаў вядучых і сольных партый. Самымі яркімі творчымі дасягненнямі балерыны лічацца ролі Джуліі і Няўзіры ў «Альпійскай баладзе» і «Выбранніцы» Яўгена Глебава, Доўрскай дзяўчыны ў «Пер Гюнце» на музыку Эдварда Грыга і, вядома, Кітры ў «Дон Кіхоце» Людвіга Мінкуса. У творчай скарбонцы Клары Малышавай таксама балеты «Спартак» (Эгіна і Фрыгія), «Папялушка» (Папялушка), «Рамэа і Джульета» (Джульета), «Спячая прыгажуня» (Аўрора), «Пасля балю» (Дзяўчына) і многія іншыя.

Будучая балерына нарадзілася ў 1935 годзе ў Расіі. Пасля вайны яна паступіла ў Горкаўскае харэаграфічнае вучылішча, дзе правучылася тры гады. Пасля таленавітую вучаніцу перавялі ў Пермскае харэаграфічнае вучылішча. Са 150 чалавек тады адабралі 15. Яе выкладчыкам была выдатная балерына і таленавіты педагог, заснавальнік пермскай харэаграфічнай школы Кацярына Гейдэнрэйх. Пасля заканчэння вучылішча Клара Малышава працавала ў Горкаўскім тэатры оперы і балета, а затым пераехала з сям’ёй у Беларусь. Яе мужа Атара Дадзішкіліяні запрасілі ў Вялікі тэатр харэографам, сама ж балерына стала вядучай салісткай балетнай трупы.

Развітаўшыся са сцэнай, на працягу 15 гадоў Клара Малышава была мастацкім кіраўніком харэаграфічнага вучылішча ў Мінску (цяпер Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж). Сёння яна па-ранейшаму выкладае ў гімназіі-каледжы. Многія артысты і  салісты беларускага балета апошніх 40 гадоў — вучні Клары Малышавай. Так, сярод яе выхаванак нямала выдатных актрыс, імёны якіх добра вядомыя і ў нас, і за мяжой. Напрыклад, Людміла Кудраўцава стала народнай артысткай Беларусі, а Любоў Андрэева цяпер адна з вядучых салістак Санкт-Пецярбургскага тэатра балета Барыса Эйфмана.

Дзеці балерыны таксама сталі артыстамі. Дачка Натэла Дадзішкіліяні была вядучай салісткай тэатра і мае званне заслужанай артысткі Беларусі. Сёння працуе за мяжой. Сын Дзяніс Дадзішкіліяні выступаў на сцэнах Вялікага тэатра Беларусі і Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Ён, як маці і сястра, стаў педагогам.

 З 1988 года народная артыстка па запрашэнні японскіх улад праводзіла балетныя майстар-класы ў розных гарадах Японіі. Яна падрыхтавала больш за тысячу артыстаў балета для японскай сцэны. За заслугі перад мастацтвам гэтай краіны Клара Малышава ўзнагароджана ордэнам Узыходзячага сонца. Гэта найвышэйшая ўзнагарода Японіі для дзеячаў мастацтва.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?