Вы тут

Штурмуем рай


Штурмуем рай

«Войной на ангелов. Армии света и любви: мы разнесём всё на куски…» Люблю гэтую песню. Люблю з таго далёкага часу, калі цікавіўся філасофіяй/ ідэалогіяй/субкультурай (патрэбнае падкрэсліць, непатрэбнае выкрасліць, правільнае дапісаць) панка. Вера ў жыццё без іерархій, палітыкі, эканомікі, гвалту. У магчымасць анархіі як маці парадку, у адказнасць кожнага за ўсё чалавецтва. Вера ў мажлівасць казкі, наіўная, бязглуздая, дзіцячая. Я чытаў артыкулы цудоўных, светлых людзей, у якіх была мара і якія змянялі сябе для таго, каб змяніць свет, вызвалялі сябе для таго, каб вызваліць свет. Я чытаў і верыў ім, у іх, у сябе. Мне здавалася, што ўсё так проста, так магчыма. Вечная чалавечая праблема: дастаткова апынуцца ў коле пэўных людзей, каб паверыць, што іншага не бывае. Вечная чалавечая радасць: дастаткова апынуцца ў коле пэўных людзей, каб паверыць, што іншага не бывае.

Адказнасць… У маленькай вёсцы, дзе я нарадзіўся, жыў мужчына сярэдніх год з сям’ёй (жонкай і дачкой). Мужчына гэты акрамя асноўнай сваёй дзейнасці (мне невядомай) меў дадатковую. Ён гнаў самагон. Людзі да яго ішлі, ішлі ды ішлі. Хтосьці без грошай, каб пасля адпрацаваць у агародзе, ці на полі, ці яшчэ як. Хтосьці з апошнімі, якія не прынясе ў сям’ю, ці з апошнімі, сцягнутымі ў каго са сваякоў. Па-рознаму было. Здаралася і такое, што прыйдуць, купяць, вып’юць і памруць. Калі ёсць попыт, навошта думаць пра якасць? Калі ёсць дачка, якую патрэбна выгадаваць і вывучыць, то навошта думаць пра чужых, нават калі забіваеш іх? Часам да мужчыны наведваліся людзі з праваахоўных органаў, у якіх таксама былі сем’і, таму не было прычыны знішчаць такую чароўную пастаянную крыніцу даходу. Тым больш яны ж не павінны несці адказнасць за нейкую п’янь, якая не думае галавой, што і ў каго купляе. Якая наогул можа быць адказнасць за такіх людзей? Калі я быў яшчэ малым, не думаў, што маленькая вёска ў чымсьці адлюстроўвае вялікі свет. Мне здавалася, што гэты мужчына — проста кепскі чалавек, а не вынік нашага маўчання і безадказнасці, сцяна паміж намі і казкай, з якой я быў яшчэ незнаёмы.

Казка. Жылі-былі людзі. Было ў гэтых людзей усё. Не было толькі іерархій, палітыкі і г. д. Анархія як бы. Вось неяк сабралі яны ўраджай, падзялілі, а пэўную частку адклалі на сяўбу і на ўсялякі выпадак. Ну і зразумела, што гэты «ўсялякі выпадак» здарыўся. Толькі часткі той, што адкладвалі, ужо не было. Кожны думаў пра тое, што яго сям’я і дзеці важней, чым усе. Кожны сцягнуў крыху, бо астатнія ж сцягнуць. У выніку не засталося нікому і нічога і ўсе спакойна памерлі з голаду.

«Мои войска штурмуют рай. Войной на ангелов. Штурмуем рай».

Адказнасць. Не памятаю, ці расказваў вам, што ўсё маё дзяцінства прайшло на праглядзе амерыканскіх/кітайскіх баевікоў. Такое сабе мастацтва, але і гэтая форма мае права на жыццё. Толькі я зараз не збіраюся чарговы раз гаварыць пра якасць фільмаў ці глыбіню персанажаў. Я раскажу пра масоўку. Уявіце, як чарговы «вандам» бяжыць па гандлёвым цэнтры, а за ім нясуцца чарговыязладзеі. Чарговы «вандам» праштурхоўваецца праз натоўп, бо, зразумела, людзей вакол шмат. Зладзеі праштурхоўваюцца таксама, часам могуць нават стрэліць і выпадкова трапіць у каго-небудзь з натоўпу, каб той разышоўся. Разумееце, пра што я? Адзінокі герой, якога ніхто не падтрымлівае і не падтрымае. Сотні людзей побач і адначасова за нейкім туманам рэальнасці. Яны не ўдзельнічаюць у фільме. Яны нічога нікому не абавязаны. Нікому. Нічога. Нават калі куля праляціць ля самай галавы, яны праклянуць у душы гэтага аднаго і паспрабуюць за штосьці ці кудысьці схавацца. Сотні людзей паспрабуюць схавацца, пакуль за адным бягуць пяць ці шэсць. Вось такія фільмы. Глядач адначасова атаясамлівае сябе з галоўным героем, адзінокім, добрым, справядлівым, сярод шэрасці, маўчання, зла, і ў той жа час выштурхоўвае паводзіны гэтага героя за мяжу магчымых. «Гэта ж кіно». Такое маладушнае шкадаванне сябе і ўсяго свету. Гэта ж кіно. Чарговы «вандам» бяжыць ад чарговых зладзеяў і чарговы натоўп хаваецца пад чарговыя лавы, бо гэта ж галоўны герой, а яны ў эпізодах.

Жылі-былі людзі. Было ў гэтых людзей усё. Не было толькі іерархій, палітыкі і г. д. Анархія як бы. Толькі неяк пачаў прыходзіць да іх у паселішча дзік: таптаў агароды, псаваў дарогі, дзяцей калечыў. Знайшоўся чалавек на паселішчы, які сказаў, што пераможа дзіка, і пайшоў перамагаць. Аднак нічога не атрымалася, дзік толькі раз’юшыўся і забіў чалавека. З той пары хаваліся па сваіх хатах ад дзіка, а пасля і ад статку дзікоў, пакуль не памерлі.

«Все в крыльях встать! Все в кайданы! Во имя Света и Любви!»

Адказнасць. Мне было 19, калі на чэмпіянаце свету па футболе апынулася зборная Украіны з маім любімым на той час гульцом Андрэем Шаўчэнкам. Усёй сям’ёй мы былі за «нашых». Праз колькі год раптам для маёй і не толькі маёй сям’і ўкраінцы перасталі быць нашымі. Я не буду тут пісаць зараз пра прапаганду і ёй падобнае. Я скажу пару слоў пра эмігрантаў. У сувязі з цяжкімі палітычнымі і эканамічнымі ўмовамі ў некаторых краінах людзям прыходзіцца шукаць магчымасць жыць у іншых месцах…

— Казлы яны ўсе. Куды яны пруць? — гаворыць чарговы чалавек ля тэлевізара.
— Трэба закрыць для іх усе межы! — кажа чарговы высокапаважаны палітык.

А я зноў згадваю свайго любімага П’еро — Вярцінскага, якога б не было, калі б перад ім закрылі ўсе межы. Я думаю пра Халакост і ўсіх тых яўрэяў, якія не паспелі выратавацца. Я думаю пра войны, якія працягваюцца і сёння. Пра тое, што сёння людзі не перастаюць забіваць людзей, а іншыя людзі моўчкі глядзяць і раскрываюць раты, толькі калі якая-небудзь ахвяра выбежыць за межы той тэрыторыі, дзе яе могуць гвалціць. Людзі забіваюць людзей. Астатнія ж лічаць сваім абавязкам не ратаваць, бо сярод выратаваных могуць быць кепскія людзі. Згодна са Святым Пісаннем, каб выжыў Ісус, Марыі таксама патрэбна было ўцякаць чым далей. Але вы разумееце, што мне адкажуць на гэтыя прыклады. Што адзінкавыя выпадкі нічога не вартыя. Сапраўды. Так атрымалася, што адзінкавыя выпадкі нічога не вартыя. Чалавецтва не складаецца з «чалавекаў», а з кожнага асобнага чалавека, які дбае толькі пра сябе і сваю сям’ю, наколькі гэта магчыма, каб чарговыя зладзеі, якія бягуць за чарговым «вандамам», не заўважылі цябе.

Жылі-былі адны людзі. Побач жылі іншыя людзі. Жылі яны мірна і дружна. Адкрытыя адно аднаму. Было ў іх усё. Не было толькі іерархій, палітыкі і г. д. Анархія як бы. Толькі пачалася ў адных людзей эпідэмія. Пачалася нейкая хвароба дзіўная. Адразу іншыя людзі зачынілі перад імі брамы, заплюшчылі вочы на іх цяжкасці, абвінавацілі, ператварылі ў ворагаў, ненавідзелі праз шчыліны ў агароджы самі і вучылі дзяцей ненавідзець. А пакуль яны сачылі за смерцю кепскіх суседзяў, выпадкова пачаўся вялікі пажар, які спаліў амаль усё паселішча. І не было добрых суседзяў, якія б дапамаглі.

«Войной на ангелов…» Люблю гэтую песню Матвея Огулава. Ёсць у ёй нейкая шчымлівая разгубленасць ад таго, што запускаеш пальцы ў далоні ў пошуках сваёй дзіцячай наіўнасці, а там толькі дзіркі.

Дзмітрый ШУЛЮК

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.