Вы тут

Карона Вужынага Караля


Алёна Беланожка
нарадзілася 17 студзеня 1985 года ў Магілёве.



Змеі... Сімвал магічнай сілы, спакусы і прывароту, ахоўнікі сям’і і дабрабыту, валадары зямлі і вады. З даўніх часоў іх паважаюць і баяцца, ім пакланяюцца і робяць паднашэнні. Іх час — лета, калі зямля дыхае цеплынёй. Зімой паўзуны спяць, сняць свае белыя змяіныя сны... Але круглы год глядзяць на нас выявы змей з абярэгаў, засцерагаюць ад бяды, прыносяць удачу, і перадаюцца з вуснаў у вусны, з дому ў дом чароўныя паданні, а з імі — векавая мудрасць беларускага народа.


Карона Вужынага Караля

Карона Вужынага Караля

Восень па лесе пойдзе,
Будзе ўсміхацца шчыра.
Птушкі зляцяць на поўдзень.
Змеі ўпаўзуць у вырай.

Дзесь пад кустом ажыны,
Між каранямі клёна,
Горды Кароль Вужыны
Згубіць сваю карону.

Ён бедаваць не стане,
Голаў вышэй падыме:
«Вос-сень... час развітання
З рожкамі залатымі...»

І разаўецца кольца,
І праз бары, лагчыны
Вуж павядзе да сонца
Смелы народ змяіны.

Хай абміне ён лоўка
Пасткі, віры, парканы —
І па вяртанні зноўку
Будзе каранаваны.

...Кошык з грыбамі — поўны.
Спынішся ў пералеску.
Знойдзеш вянок цудоўны
—З золата. Каралеўскі!

Людзі ўздыхнуць: «Прыгожы!»
Не аддавай, як просяць!
Хай залатыя рожкі
Шчасце табе прыносяць.

 

* * *
А верасень мінае… Паглядзі:
Вакол заварушылася зямля.
На Здзвіжанне па садзе не хадзі,
Бо яблыкам частуецца змяя —

Схавалася за лісцем, на бяду,
Нагрэлася на сонцы, як паркаль.
Я ж яблычак пад дрэва пакладу:
«Прымі гасцінец ды людзей не джаль!

Быць можа, не надыдуць маразы
І не скуюць змяіныя ключы,
І птушкі ў гэты восеньскі прызыў
Не стануць адлятаць удалячынь.

То завітай у госці да мяне:
Табе варэння ў сподак я налью».
Змяя кіўне,
На яблычак зірне
І папаўзе ў раскрытую зямлю…

 

Дзядзька Мікалай і вужалкі

Неяк я вяртаюся з рыбалкі
—Нацягаў карасікаў для юшкі,
—На каменні грэюцца вужалкі,
Караля Вужынага дачушкі!

А вужалка — прыгажуня, панна!
Зверху ўсё як быццам у дзяўчыны,
Моцная плячамі, з тонкім станам...
Толькі ног няма і хвост змяіны.

А на іх — аздобы залатыя
Ды каралі з дзіўных самацветаў,
Валасы бліскучыя, густыя,
На руках — па локаць бранзалетаў!

Чэшуць яны косы грабянямі
І смяюцца, сонцу дужа рады!
А вакол ляжаць, пад прамянямі
Грэюць спіны вартавыя гады.

На вужалках гэтых — ні хусцінкі,
Ні сукенкі, ні якой кашулі...
Наступіў нагой я на галінку,
Хрупнуў суччам — а яны пачулі!

На мяне глядзяць, я абміраю,
Гэтак страшна, што вось-вось заплачу...
Чую: «Дай нам рыбкі, Мікалаю!
Ды зайграй, а мы табе аддзячым!»

Я павесіў рыбу на вярбіну,
Жахнуў польку — нашу, з падэбаскам!
Граў, і ўвесь той вывадак змяіны
Шавяліўся ды хвастамі ляскаў.

Раптам як бы хто мяне аклікнуў.
Павярнуўся: хто тут? Птушка, хіба.
А на камень зырк — ажно ўсё знікла
І няма ні паўзуноў, ні рыбы...

Ці быў гэта сон, ці тое мроя,
Толькі ўжо гадоў, напэўна, дваццаць
Паўзуны, сустрэўшыся са мною,
Нават і не думаюць кусацца!

...Сціх Мікола і з кішэні моўчкі
Выняў чарацяную жалейку
Ды схаваў пад рукавом сарочкі
Залатую тоненькую змейку...

 

Гадзюка ў лёдзе

Мароз па начах накрывае.
Замерзла гадзюка ў вадзе.
Зямля паўзуна не прымае,
Калі той кусае людзей.

Жыццё паварочвае крута.
Не кожны патрапіць у рай.
Калі ты струменіш атруту,
Яе пры сабе лепш трымай.

Нянавісць і злоба — пакута.
Успомніш на старасці год:
Калі тваё слова — атрута,
То сэрца чужое — як лёд.

 

Гаспадар

У дзеда пад ложкам жыў вуж,
Начамі па хаце гуляў,
На пах пераспелых ігруш
Заўсёды да нас выпаўзаў.

Лякалася бабка спярша,
Хрысцілася вольнай рукой.
Баялася вельмі вужа,
З пярыны ўначы — ні нагой!

Ён жаб адганяў і пачвар,
Багацце прыносіў у дом,
А дзед яго зваў: «Гаспадар!»
— І шчодра паіў малаком.

Аднойчы ж бабулі маёй
Дзед мовіў (змагла я пачуць):
«Вуж знае хады пад зямлёй,
Якія да скарбаў вядуць!»

Няпрымхлівай бабка была,
А неяк прыйшла з канапель
І ў крынцы малочнай знайшла
Пярсцёнак і срэбны рубель...

Бывала, блісне на двары
Манетка — капейка ці дзве,
Здавалася б: сам падбяры,
А дзед ужо ўнукаў заве:

«Вось, вам Гаспадарык прынёс,
А разам — пакінуў загад:
Не бегаць купацца на плёс,
Не крыўдзіць малых вужанят!»

Калі ж наступала зіма,
Мы ведалі: вужык наш спіць.
А зараз і дзеда няма,
І бабка з ім побач ляжыць...

Не свеціць над ганкам ліхтар,
Свяча не гарыць на Дзяды,
І з хаты сышоў Гаспадар
— Напэўна, ужо назаўжды...

 

* * *
Прасіла вужыная матка:
«Бусел,
Не еш вужанятка!
Ён адважны, па лесе вандруе!
З буслянятамі ён пасябруе
І пакажа, дзе жабкі жывуць,
Дзе бліскучыя рыбкі плывуць,
Дзе люстэркі гаючых ключоў,
Дзе сцяжынкі драпежных звяроў.
На Купалле, пад сонца заход,
Прынясе ён траву-пералёт,
Каб тваім буслянятам было
Станавіцца лягчэй на крыло...
Бусел,
Вярні мне дзіцятка!
— Прасіла вужыная матка.
— Не нясі яму раннюю згубу!
Ты раскрый сваю вострую дзюбу,
Нахілі да зямлі галаву,
Адпусці майго сына ў траву!
І няхай ён жыве і расце
Ды пабачыць, як жыта цвіце,
Спеюць яблыкі ў росных садах,
Скачуць конікі ў свежых лугах!
Хай пад коўдрай засне снегавою
І прабудзіцца цёплай вясною,
Прыгажуні аддасць сваё сэрца...
Хай жа род яго не перарвецца!»

Бусел выслухаў.
Бусел здзівіўся,
Да вужыхі з павагай схіліўся
І ціхутка сказаў вужаняці:
«Ты, малеча, вяртайся да маці
Ды жыві і лічы свае поўні.
Гэты дзень назаўсёды запомні!
Немагчымае маці змагла:
Ад цябе яна смерць адвяла!»

 

* * *
Чалавек чалавеку — гад.
Чалавек чалавеку — крыж.
Што такое ты кажаш, брат?
Лепей будзе, як памаўчыш!
Чалавек чалавеку — свет,
Поўны радасці і прыгод.
На зямлі незабыўны след,
Што не змыецца з цягам год.
Чалавек чалавеку — час,
Вымярэнне жыццёвых спраў,
Той агмень, што ўначы не згас
І дадому здалёк пазваў.
Чалавек чалавеку — сцяг,
Што вядзе ў пераможны бой.
Чалавек чалавеку — шлях...
Ты мяркуеш, што ты — герой?
На вяршыні жыве арол,
Каласы — у тугім снапе.
А калі гадаўё вакол,
Ці не трэба пачаць з сябе?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».