Вы тут

Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. «Белая цэркаўка тоненькай свечкай...»


Сёння мы пачынаем незвычайнае падарожжа па нашай Беларусі. Падарожжа, шлях якога будуць пазначаць храмы... Тыя, якія былі ў жыцці кожнага з нас. Бо, дзе б ты ні нарадзіўся — у горадзе, мястэчку, вёсцы, — у цябе знойдуцца ўспаміны, звязаныя з храмамі, альбо з іх руінамі, ці хаця б легендамі пра іх, што распавядалі бабулі, дзядулі, суседзі…

«Але дзень настае, калі раптам

На світанні, нібыта праз сон,

З даляў блакітных мы чуем

Ціхі падводны звон.

Гэта значыць,

што з вежаў нябачных,

Праз світанак

над мокрай лазой

Клічуць жывых супакутваць

Званы ў прадоннях азёр...» —

так пачынаў Уладзімір Караткевіч эсэ «Званы ў прадоннях азёр», галоўным вобразам абраўшы зніклыя, забытыя беларускія храмы, якія берагуць гістарычную памяць.

А гісторыя наша адметная і тым, што Беларусь заўсёды была мультыкультурнай, шматканфесійнай.

У адным мястэчку тут можна было сустрэць і касцёл, і царкву, і сінагогу, і мячэць, і пратэстанцкі збор. Месцічы розных вераванняў прыходзілі на адзін кірмаш на цэнтральным пляцы, разам бараніліся ад нападаў ворагаў і разам працавалі дзеля дабрабыту гэтай зямлі.

Беларускія храмы адлюстравалі мудрасць нашых продкаў, іх пачуццё прыгожага і імкненне да святла... Беларускія храмы падзялялі трагічны лёс народа. Іх руйнавалі, іх палілі, мянялі іх прызначэнне... І зноў аднаўлялі.

У новай рубрыцы «Храмы маёй Радзімы» беларускія літаратары падзеляцца сваімі ўспамінамі, разважаннямі, паведамяць цікавыя факты пра храмы свайго жыцця... А мы з вамі атрымаем магчымасць наведаць розныя куточкі нашай Бацькаўшчыны, убачыць іх вачыма незвычайных апавядальнікаў, зрабіць шмат адкрыццяў.

Запрашаем далучыцца да гэтага праекта ўсіх ахвотных, хто мае чым падзяліцца пра храмы сваіх родных мясцін. Чакаем вашых аповедаў. А пакуль — у добры шлях!


Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, г. Полацк

«Белая цэркаўка тоненькай свечкай...»

Проста за нашай хатай было поле. Па шырокай сцяжыне праз яго можна было дайсці напрасткі амаль да самай брамы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Сілуэты купалаў цэркаўкі Спаса і Крыжаўзвіжанскай царквы можна было бачыць у добрае надвор'е. Але калі ісці «цывільным» шляхам — па дарозе, дзе ходзяць людзі і машыны, трэба было прайсці праз наш Шосты завулак Фрунзэ, павярнуць налева і далей, міма ляснога тэхнікума, проста пад арку, каб можна было трапіць на тэрыторыю манастыра.

У гады майго дзяцінства ніякага манастыра там не было. У завулку яшчэ можна было ўбачыць манашак, што не паехалі разам з усімі, калі манастыр ліквідавалі. Гэта былі старыя жанчыны, і кватаравалі яны ў такіх жа бабулек, што жылі тут. Непадалёк жыў у сваім доме святар, унук якога быў маім равеснікам. Дзе ён вучыўся, я не ведаў, бо нашы сцежкі ніколі не перасякаліся, і я практычна быў, як і мае сябры, з ім не знаёмы.

Увогуле, і манастыр, і царква, у якую хадзілі вернікі з усяго горада, для нас былі тэмай забароненай, як і ўсё, што звязана з рэлігіяй. Памятаю, як перад дзіцячым сеансам у кінатэатры паказвалі дакументальны фільм са страшнымі чорнымі папамі і манахамі, якія рабілі нешта нядобрае. А ў лясным тэхнікуме, які стаяў побач з манастыром (дарэчы, у наш час мы даведаліся, што гэта было калісьці епархіяльнае вучылішча), рэгулярна праводзіліся антырэлігійныя мерапрыемствы.

Таму калі сябрук дзяцінства Лёшка, які жыў зусім побач з манастыром, аднойчы, па-загаворніцку падміргнуўшы, прапанаваў схадзіць паглядзець, што ж там робіцца, я пачаў аднеквацца. Але сябрук угаварыў, і мы не праз браму, а з боку рэчкі Палаты прабраліся да самага царкоўнага пляца. Гэты быў летні дзень, і каля царквы Спаса проста на зямлі сядзелі паломнікі. Пазней мы даведаліся, што яны прыйшлі і прыехалі сюды ў дзень памяці святой Ефрасінні Полацкай. Гэта былі ў асноўным старыя людзі, небагата апранутыя, з катомкамі і валізкамі, што выдавала іх дальнюю дарогу. Некаторыя расклалі на траве няхітрыя ссабойкі — вараныя яйкі, сала, свежую цыбулю. Лёшка ўхітрыўся сцягнуць у некага пару яек, я на яго насварыўся, і мы ўцяклі адтуль.

Неўзабаве нам з мамай ад нашага прыгараднага саўгаса далі кватэру, і мы перасяліліся пад самы манастыр, насупраць ляснога тэхнікума. Дарэчы, яшчэ бліжэй да брамы жыла сям'я Пятра Васючэнкі, з якім нас потым звёў жыццёвы і творчы лёс.

Цяпер я часта хадзіў да Палаты, на падвесны масток праз гэту вірлівую рэчачку, з якога цэркаўка Спаса была як свечачка ў зеляніне дрэў, і нейкае дзіўнае святло ішло ад яе, і хацелася ўсё глядзець і любавацца гэтай прыгажосцю.

Спаруда Крыжаўзвіжанскага храма была скалечана і ззяла расколінамі і пустымі званіцамі. А вакол, у манастырскіх пабудовах, жылі людзі, проста перад храмам стаялі хлеўчукі для парсючкоў, з калонкі насілі ваду.

Гэта быў так званы маласямейны інтэрнат. Добра памятаю вайсковага старшыну дзядзю Мішу, які, падпіўшы, з нязменнай цыгарэтай у зубах, выходзіў з гармонікам на пляц і спяваў пахабныя прыпеўкі.

Не ведаў я яшчэ тады, што ў адной з келляў паселіцца на кватэру мая будучая жонка, якая прыехала з «Артэка», дзе працавала піянерважатай, да сяброўкі ў госці, ды так і засталася ў Полацку. Цяпер, калі я гляджу на адну з манастырскіх пабудоў, успамінаю вузкі калідор, дзверы, невялікі пакойчык, у якім разам з пажылой гаспадыняй кватаравала мая Марыя Іванаўна.

Але гэта было пазней, а тады мяне, дзевяцікласніка, усё больш цягнула да бялюткай цэркаўкі, да дзівоснай цішыні, дзе чуваць было толькі, як віруе палатоўская жоўтая вада. Нядаўна адна з чытачак запытала, чаму, калі я пішу пра Палату, заўсёды называю яе ваду жоўтай. Адказ вельмі просты: пясчанае дно, пясчаны бераг, таму і жоўтая вада. Сёння маю ўлюбёную рэчачку, як той казаў, верабей можа перайсці, а мы ж у ёй нават купаліся.

Атэістычная прапаганда вяла бязлітасную барацьбу з «цемрашальствам». На ўсе святы на тэрыторыі былога манастыра дзяжурыў камсамольскі патруль. Асабліва пільна ён углядаўся ў тых, хто прыходзіў сюды ў Велікодную ноч. Гэта надавала нам пэўнага драйву, і мы прызначалі спатканні менавіта там. Аднойчы нас «засеклі», бо мы нават зайшлі ў царкву, назаўтра былі размова і «сяброўскае ўшчуванне».

Пазней, калі я працаваў карэктарам у полацкай газеце, наш намеснік галоўнага рэдактара, будучы пісьменнік Герман Кірылаў напісаў невялікую нататку пра Ефрасінню Полацкую, адзначыўшы яе асветніцкую ролю.

Падняўся такі вэрхал у мясцовых чыноўніцкіх колах!.. Германа нават хацелі звольніць з работы, толькі калі за яго заступіліся аднакурснікі па ўніверсітэце, прыйшоў ліст з Акадэміі навук, «справу» спусцілі на тармазах.

Хто мог тады ўявіць, што мая родная вуліца будзе насіць імя Ефрасінні Полацкай, што яе імя зазіхаціць яснай зоркай для ўсіх беларусаў!

І вось прыйшоў той памятны семдзесят пяты год, калі я амаль кожны вечар праходзіў паўз маўклівы жах Крыжаўзвіжанскай царквы, паўз свечачку цэркаўкі Ефрасінні, адкуль прывяду ў хату да бацькоў сваю маладую жонку.

Ці не цуд гэта? Аднойчы мы з сям'ёй стаялі на службе ў адноўленым Крыжаўзвіжанскім храме, і да мяне падышла адна з царкоўных жанчын.

— Мы ведаем вас, мы памятаем вас, чытаем вашы вершы. Вы ж наш, полацкі.

Гэта былі адны з самых кранальных слоў, якія я чуў у свой адрас. І тады я пайшоў у суседнюю, маленькую, але заўсёды жывую цэркаўку Спаса, закладзеную яшчэ па волі самой Ефрасінні.

Што я шаптаў тады, гледзячы на купал, пад якім была яе маленькая келля, пад позіркамі старажытных фрэсак, якія прыйшлі да нас праз напластаванні вякоў, аж з дванаццатага стагоддзя, не скажу нікому. Але прызнаюся, што сярод гэтых шчырых слоў была і згадка з майго даўняга верша:

Веі замружу,

і ўбачыцца вечар —

Белая цэркаўка

тоненькай свечкай.

Гнёзды шпачыныя

над Палатой.

Цені дубоў над халоднай

вадой.

А за стагоддзямі

ў прыцемку сінім

Вочы зямлячкі маёй,

Еўфрасінні.

Цьмяна бялее

на кнізе рука,

Б'ецца аб шыбу

агонь матылька.

Полацк драўляны,

малінавы звон...

Хто ты? Ці мроя, ці ява,

ці сон?

Можа, твой майстар

на холад муроў

Выплеснуць здолеў

гарачую кроў,

Позірк праменны,

дыханне надзей,

Каб засталося святло

для людзей?

Што ты хацела

на роднай зямлі?

Ды цішыня. І стагоддзі

прайшлі.

Толькі вось цэркаўкі

белы пажар.

Толькі аблокаў

павольных цяжар.

Толькі прымроіцца

ў прыцемку сінім

Позірк зямлячкі маёй,

Еўфрасінні.

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Храмы маёй Радзімы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».