Вы тут

Пасол Ірана ў Беларусі: Эканамічныя і гандлёвыя магчымасці Ірана і Беларусі ўзаемна дапаўняльныя


Размова — пра сучаснасць і перспектывы ў развіцці беларуска-іранскіх адносін. Карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ірана ў Рэспубліцы Беларусь спадаром Саідам Яры.


— Глыбокапаважаны спадар пасол, час бяжыць даволі хутка. Вы працуеце ў Беларусі ўжо не адзін месяц. Якія галоўныя ўражанні за гэты перыяд сфарміраваліся ў вас пра нашу краіну?

— Перш-наперш, хацеў бы падзякаваць вашаму аўтарытэтнаму выданню за ўвагу да Ірана і беларуска-іранскіх сувязяў. Прайшло, сапраўды, каля года з моманту пачатку маёй дыпламатычнай місіі ў дружалюбнай і прыгожай краіне Беларусь. Я прыехаў у Мінск 29 студзеня 2020 года.

Кажучы папраўдзе, без усялякага перабольшвання, за гэты час я пабачыў беларускі народ надзвычай культурным, добрым і шчырым. Наступнае, што прыцягвае маю ўвагу ў Беларусі — вельмі высокі ўзровень бяспекі ў краіне. Пытанне бяспекі і пачуццё абароненасці — адно з самых важкіх пытанняў для любога грамадства.

І яшчэ. Я знаходжу Мінск надзіва вельмі прыгожым і чыстым горадам з непадзельна сімпатычнымі і прыемнымі воку пейзажамі.

— Што вы ўжо паспелі адкрыць у нашай краіне? Дзе пабывалі за час кіраўніцтва дыпламатычнай місіяй Ірана ў Беларусі?

— Нягледзячы на ўмовы, выкліканыя эпідэміяй COVІD-19, я імкнуўся разам з сям'ёю наведаць усе прыкметныя мясціны Мінска. У межах сваёй місіі я таксама стараўся наведаць культурныя і мастацкія цэнтры Мінска. Мой першы афіцыйны візіт адбыўся ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Паважаны генеральны дырэктар бібліятэкі Раман Сцяпанавіч Матульскі цёпла сустрэў мяне і суправаджаў у час усяго візіту. Прыгожы будынак і яго ўнікальная архітэктура мяне вельмі ўразілі. Супрацоўнікі бібліятэкі паказалі мне старыя кнігі на персідскай мове. Не чакаў пабачыць такія адметныя творы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

У маіх планах было наведванне беларускіх ВНУ. Перш-наперш я наведаў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Там я добра пазнаёміўся з навуковым патэнцыялам, метадамі навучання, магчымасцямі лабараторый і абсталяваннем універсітэта. Паважаны рэктар універсітэта, яго прарэктар па міжнародных справах і дэкан факультэта замежных студэнтаў БДМУ суправаджалі мяне ў час майго візіту. Варта адзначыць, што многія іранскія студэнты, а гэта каля 400 чалавек, вучацца ў сучасны момант у гэтым універсітэце на такіх розных спецыяльнасцях, як медыцына, стаматалогія і фармацэўтыка.

Наступны візіт быў на факультэце філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе я сустрэўся з дэканам і прафесарамі ўніверсітэта. У нас дасягнуты добрыя дамоўленасці пра стварэнне кабінета ісламскай філасофіі і спадзяюся, што мы зможам гэта рэалізаваць. У час гэтага візіту я перадаў бібліятэцы факультэта ў падарунак каля 50 тамоў кніг іранскіх філосафаў і сацыёлагаў, перакладзеных на рускую мову.

Я таксама наведаў факультэт міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і цэнтр іраназнаўства і персідскай мовы на факультэце. Там я сустрэўся з дэканам і прафесарамі факультэта, а таксама са студэнтамі і адказаў на мноства іх пытанняў. Сустрэча і стасункі з выкладчыкамі персідскай мовы і студэнтамі, якія вывучаюць персідскую мову, былі для мяне надзвычай цікавымі і пакінулі вельмі добрыя ўспаміны. Абсталяванне і падтрымка цэнтра іраназнаўства кафедры мовазнаўства і краіназнаўства Усходу ФМА БДУ з'яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці нашага пасольства.

— Сённяшні стан беларуска-іранскіх адносін... На чым асабіста вы сканцэнтраваны ў іх умацаванні ў цяперашні час?

— Ісламская Рэспубліка Іран разглядае магчымасць усталявання ўсёабдымных і збалансаваных адносін з Беларуссю. Таму мы аддаём увагу развіццю і ўмацаванню ўсіх аспектаў адносін. Аднак максімальнае пашырэнне эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі з'яўляецца першачарговай задачай пасольства. Эканамічныя і гандлёвыя магчымасці Ірана і Беларусі ўзаемна дапаўняльныя. Беларусь з'яўляецца членам Еўразійскага эканамічнага саюза, а Іран падпісаў з ЕАЭС прэферэнцыяльнае гандлёвае пагадненне, якое ўступіла ў сілу 27 кастрычніка 2020 года. ЕАЭС — вельмі важная платформа для павелічэння гандлю паміж дзвюма краінамі. Абапіраючыся на гэта, мы можам думаць пра вялікія і дальнабачныя мэты ў галіне гандлю. Канешне ж, аднаго гэтага недастаткова. Мы павінны падрыхтаваць неабходную інфраструктуру. Наладжванне прамых рэйсаў паміж дзвюма краінамі і спрашчэнне візавага рэжыму для дзелавых людзей, а таксама механізмы банкаўскага абмену тут вельмі важныя.

Таксама пасольства аддае асаблівую ўвагу развіццю адносін дзвюх краін у сферы гуманітарных сувязяў, умацаванню навукова-акадэмічнага і культурна-мастацкага ўзаемадзеяння паміж імі. Вельмі важна павышаць веданне двух народаў адзін пра аднаго. Гэта фундаментальная і карпатлівая праца.

— У многім характар адносін дзвюх краін вызначаецца ўзроўнем эканамічных сувязяў. Як вы ацэньваеце іх сучасны стан? У чым бачыце рэзервы для павелічэння гандлёвага абароту паміж Беларуссю і Іранам?

— Існуе велізарны патэнцыял для павышэння ўзроўню эканамічных і гандлёвых адносін паміж дзвюма краінамі. На вялікі жаль, гэты патэнцыял пакуль што яшчэ не рэалізаваны. Аб'ём гандлёвага абароту паміж Іранам і Беларуссю вельмі нізкі. Развіваючы супрацоўніцтва ў галіне прамысловасці, высокіх тэхналогій, энергетыкі і сельскай гаспадаркі, мы можам спадзявацца на павелічэнне гандлёвага абароту паміж нашымі краінамі. Справа ў тым, што ўзровень эканамічных і гандлёвых адносін дзвюх краін далёкі ад узроўню палітычнага супрацоўніцтва. Асабіста я лічу, што ўзровень гандлёвага абароту можна павялічыць да 200 мільёнаў долараў у год.

— І відавочнымі тут падаюцца згаданыя вамі раней крокі — і авіярэйс, і іншыя міжбанкаўскія стасункі, і іншая візавая палітыка...

— Так. І гэта першачарговыя прыярытэты. Для дасягнення гэтых важных мэт былі зроблены многія крокі і праведзены розныя сустрэчы, сярод якіх хацелася б адзначыць наступныя: праведзены сустрэчы з паважанымі міністрамі прамысловасці, энергетыкі, сельскай гаспадаркі Беларусі, на якіх мы абмеркавалі шляхі ўмацавання супрацоўніцтва; я двойчы сустракаўся са старшынёю Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. У рамках гэтых сустрэч мы абмеркавалі, як актывізаваць узаемадзеянні паміж прыватнымі сектарамі дзвюх краін. Я наведаў холдынгі «Амкадор», «БелАЗ», «МАЗ», а таксама правёў канструктыўныя перамовы і кансультацыі з іх кіраўнікамі. Дарэчы, мы арганізавалі зусім нядаўна візіт дэлегацыі ААТ «МАЗ» у Іран для правядзення сустрэч і кансультацый са сваімі партнёрамі.

— Гуманітарнае супрацоўніцтва паміж Іранам і Беларуссю... Наколькі яно з'яўляецца значным складнікам двухбаковых адносін паміж нашымі краінамі?

— Гуманітарнае супрацоўніцтва — важкая і значная частка супрацоўніцтва нашых краін на міжнародным узроўні. Павінен падкрэсліць, што паміж нашымі краінамі існуюць цесныя і канструктыўныя кансультацыі і супрацоўніцтва ў галіне гуманітарных пытанняў і правоў чалавека. Дзве краіны заўсёды падтрымлівалі пазіцыі адна адной у міжнародных арганізацыях. У гэтай сферы паміж дзвюма краінамі існуе ўзаемаразуменне. Вы ведаеце, што, на вялікі жаль, і Беларусі, і Ірану пад падманлівымі нагодамі прад'яўляюцца несправядлівыя абвінавачванні ў парушэнні правоў чалавека. Гэта кошт нашай незалежнасці. Злучаныя Штаты і Еўропа выкарыстоўваюць правы чалавека як інструмент ціску на Мінск і Тэгеран. Пра гэта ведае ўвесь свет. Падвойныя заходнія стандарты ў галіне правоў чалавека і барацьбы з тэрарызмам відавочныя.

Злучаныя Штаты бессаромна праводзяць палітыку дзяржаўнага тэрарызму і санкцый супраць Ірана насуперак усім прынятым нормам міжнароднага права. У апошнія месяцы Еўропа і ЗША ўвялі некалькі пакетаў санкцый супраць Беларусі. ЗША і Еўропа любяць умешвацца ва ўнутраныя справы незалежных краін. Умяшанне ва ўнутраныя справы іншых краін стала іх пастаяннай палітыкай. Незалежныя краіны павінны аб'ядноўвацца, каб супрацьстаяць іх умяшанням.

— У Беларусі, як і ўвогуле на постсавецкай прасторы добра ведаюць імя Умара Хаяма. З творчасцю якіх іншых пісьменнікаў Ірана хацелася б пазнаёміць чытачоў Беларусі?

— Увесь свет ведае Іран па яго старажытнай і бліскучай гісторыі і цывілізацыі, а таксама па яго багатай літаратуры. Іранскія паэты вядомыя ва ўсім свеце. Умар Хаям — адзін з іх. Яго шануюць многія прыхільнікі ў рускамоўных краінах і на ўсёй постсавецкай прасторы. Мне хацелася б, каб надышоў той дзень, калі сяброўскі народ Беларусі бліжэй пазнаёміцца з Абулькасімам Фірдаўсі і яго бессмяротным творам «Шахнамэ», а таксама з Джалалуддзінам Малаві (Румі), Хафезам Шыразі, Саадзі Шыразі, Атарам Нешапуры і Нізамі Ганджэві. Гэта вечна зіхоткія зоркі на небасхіле персідскай літаратуры.

— Іран пастаянна ўдзельнічае ў мінскіх міжнародных кніжных выстаўках-кірмашах. Ці будзеце ўдзельнічаць у гэтым, 2021 годзе? Якія навацыі чакаюць наведвальнікаў іранскага стэнда на кніжнай выстаўцы сёлета?

— Удзел у міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы — гэта знакавая падзея для нас. Штогод кніжная выстаўка — цудоўная магчымасць, якая даецца ўрадам Беларусі для прэзентацыі апошніх выдадзеных у Іране кніг і іншых друкаваных і мастацкіх твораў розных краін.

Сёлета, як і ў папярэднія гады, мы плануем у экспазіцыі Ірана прадставіць усім ахвотным найноўшыя персідскія творы, перакладзеныя на рускую мову.

З навінак гэтага года ў экспазіцыі Ірана магу адзначыць прысутнасць іранскага каліграфа і мастака, якія прадэманструюць мастацтва каліграфіі і іранскага жывапісу проста на іранскім стэндзе. Таксама да нас завітаюць беларускія і іранскія маладыя вучоныя, якія пазнаёмяць усіх ахвотных з творамі іранскай літаратуры.

— Меркаванні, уяўленні пра іншую краіну ў грамадзян другой дзяржавы фарміруюць масмедыя, сродкі масавай інфармацыі, сацыяльныя сеткі. Што, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб у Беларусі болей ведалі Іран, а ў Іране — Беларусь?

— Сёння тэма інфарміравання з'яўляецца надзвычайным пытаннем. СМІ адыгрываюць асаблівую ролю ў фарміраванні грамадскай думкі. Гэты факт бясспрэчны. Краіны спрабуюць выкарыстоўваць усе віды СМІ для кантролю грамадскай думкі і правядзення актыўнай медыяпалітыкі. Можна сказаць, што найбольшы ўплыў на грамадскую думку аказваюць сацыяльныя сеткі. У іх рэзка павялічылася хуткасць абмену інфармацыяй.

У мэтах павышэння ўзаемаразумення паміж народамі Ірана і Беларусі неабходна ўмацоўваць супрацоўніцтва ў галіне сродкаў масавай інфармацыі (тэлебачанне, радыё, газеты, віртуальная прастора) і сувязяў з грамадскасцю паміж дзвюма краінамі. У апошнія гады былі зроблены крокі па супрацоўніцтве паміж радыё і тэлебачаннем Ісламскай Рэспублікі Іран і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Рэспублікі Беларусь, а пасольства Ірана імкнецца ўмацаваць гэта супрацоўніцтва.

Правядзенне ўзаемных культурных тыдняў паміж Іранам і Беларуссю ў Мінску і Тэгеране можа быць вельмі эфектыўным у плане паглыблення ведаў двух народаў адзін пра аднаго. Можна нават пайсці далей — і распрацаваць шырокую праграму мерапрыемстваў у рамках года культуры паміж Іранам і Беларуссю.

Гутарыў Мікола Берлеж

Загаловак у газеце: «Шукаць пункты судакранання...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?