Вы тут

На Гомельшчыне аднавілі мост цераз Пціч


На Гомельшчыне на будучую пяцігодку стаіць задача ўвесці ў эксплуатацыю каля 40 мастоў. Ужо сёлета плануецца адкрыць новы мост цераз раку Дняпро ў Рагачове. Між тым дзякуючы адкрыццю пасля маштабнай рэканструкцыі моста цераз раку Пціч удалося вырашыць важную сацыяльную і эканамічную задачу на паўночным захадзе рэгіёна. Так, цяпер цалкам адноўлена транспартная сувязь райцэнтра Акцябрскі з зарэчнай зонай раёна. Новы мост — гэта яшчэ і адноўленая транспартная сувязь палескіх раёнаў Гомельшчыны і Брэстчыны.


Жалезабетонны 12-пралётны мост паблізу вёскі Ражаноў Акцябрскага раёна размешчаны на аўтамабільнай дарозе Акцябрскі — Капцэвічы. Ён злучае райцэнтр з сельскімі Саветамі зарэчнай зоны. Мост пабудавалі ў 1972-м. Капітальнае збудаванне адслужыла амаль 40 гадоў і на сёння ўстарэла: часткова разбурыўся бетон, парушылася герметычнасць швоў, пайшлі каразійныя расколіны, дарожнае палатно таксама стала непрыдатнае. Гэтыя дэфекты не дазвалялі забяспечваць бяспеку пасажыраў і транспарту. Мост зачынілі. Ролю часовай пераправы цераз Пціч выконваў драўляны аб'язны мост. Яго ўзвядзенне забяспечыў Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння МНС Беларусі. Праўда, па часовай пераправе маглі рухацца толькі пешаходы, веласіпедысты і легкавікі, не дапускаўся грузавы транспарт.

Частку рамонтных работ на аварыйным жалезабетонным збудаванні правялі адразу, у 2011 годзе. Але з-за адсутнасці фінансавання аб'ект замарозілі. Да пытання аб рэканструкцыі моста ў Акцябрскім раёне вярнуліся два гады таму. У дзяржпрадпрыемстве «БелдарНДІ» адкарэктавалі праектна-каштарысную дакументацыю, палічылі прыблізны кошт. Летась падрадчыкі пачалі аднаўленне моста: зманціравалі бэлькі маставога збудавання, паклалі маналітныя жалезабетонныя пліты, замянілі пралёты, устанавілі дэфармацыйныя швы, агароджу і лесвіцы. Адрамантавалі аб'ект з апераджэннем запланаваных тэрмінаў амаль на паўгода.

— Гэты мост — стратэгічна важны аб'ект, бо ён з'яўляецца сувязным звяном, мае вялікае эканамічнае і сацыяльнае значэнне не толькі для раёна, — адзначыў падчас цырымоніі адкрыцця новага аб'екта старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. — «Гомельаблдарбуд» дастойна справіўся з пастаўленай задачай, дзякуй ім за гэта.

Даўжыня моста — амаль 170 метраў, плошча — больш за 1800 «квадратаў». Кошт новага аб'екта па каштарысе — 3,7 мільёна рублёў. Генеральны дырэктар камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «Гомельаблдарбуд» Ігар Краўчанка звярнуў увагу на тое, што новы аб'ект выкананы з прымяненнем розных складаных тэхнічных рашэнняў:

— Таму асобныя словы падзякі прадпрыемству «Спецмостабуд», якое дапамагала ўзводзіць мост, праекціроўшчыкам, што выпрацавалі тэхнічныя рашэнні, а таксама рабочым, дарожнікам, майстрам, прарабам, усім, хто ўдзельнічаў у стварэнні важнага аб'екта.

Па словах старшыні Акцябрскага райвыканкама Сяргея Даўгалёва, вельмі важна, што абноўлены мост звязвае палескія раёны Гомельшчыны і Брэстчыны.

— Новы мост дазволіць развіваць новымі тэмпамі і ў новай якасці транзітны патэнцыял, а значыць, і эканоміку рэгіёна, — адзначыў ён.

Першымі па новым мосце праехалі кіроўцы спецыялізаванай тэхнікі лясной гаспадаркі, прадпрыемства па аграхімічным абслугоўванні «Акцябраграхімія», спецтэхніка МНС, машыны раённага аддзела ўнутраных спраў і раённай бальніцы. Вядома, што прапускная здольнасць моста дазволіць з лёгкасцю забяспечыць трафік па маршруце. Цяпер інтэнсіўнасць руху па гэтым кірунку за суткі — звыш 550 аўтамабіляў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».