Вы тут

У Жодзіне абмеркавалі ўдасканаленне сацыяльнай падтрымкі і абслугоўванне пажылых людзей


Больш як 80 чалавек сабрала Мінская абласная дыялогавая пляцоўка «Сіла дзяржавы ў адзінстве народа», якая прайшла ў Жодзіне.


Прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама, абласной і органаў мясцовай улады, ветэранскіх арганізацый, пенсіянеры, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, былыя ахвяры фашызму з усіх куткоў Міншчыны абмеркавалі пытанні ўдасканалення сацыяльнай падтрымкі і абслугоўвання пажылых людзей.

У адказе за бацькоў

— Мінская вобласць лідзіруе сярод іншых рэгіёнаў краіны па ахопе пенсіянераў, састарэлых рознымі сацыяльнымі паслугамі. Іх атрымлівае каля 22 тысяч пажылых людзей і інвалідаў у тэрытарыяльных цэнтрах і сацыяльных установах. Пастаянна ўкараняюцца новыя формы абслугоўвання адзінокіх. Напрыклад, вельмі запатрабаваная такая форма, як сумеснае сямейнае пражыванне. Гэта, калі чужая сям'я бярэ да сябе ў дом пажылога чалавека або інваліда і даглядае яго, — сказала старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Тамара Красоўская. — Тыя, хто хоча жыць дома, але не ў сілах выконваць усе хатнія клопаты, карыстаюцца паслугамі сацыяльнага работніка. Чалавек таксама можа скарыстацца паслугамі сядзелкі або нянькі. Развіваецца і паслуга пажыццёвага ўтрымання пажылога чалавека або інваліда. Тыя, у каго ёсць ва ўласнасці жыллё, могуць заключыць такі дагавор па рашэнні мясцовых уладаў з просьбай, каб яго пажыццёва ўтрымлівалі стацыянарныя ўстановы. Або ён можа быць замацаваны ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра.

Тамара Красоўская заклікала ўдзельнікаў да шчырай размовы, адкрытага дыялогу, каб яны выказалі свае прапановы, пажаданні, бачанне па ўдасканаленні сацыяльнага абслугоўвання пажылых.

І аўдыторыя жыва адгукнулася. Напрыклад, прысутных хвалюе пытанне ўзаемаадносін паміж бацькамі і дарослымі дзецьмі. Бацькі ўкладвалі ў іх выхаванне ўсю душу, адзявалі, кармілі, вучылі. Словам, з адказнасцю ставіліся да сваіх абавязкаў. А цяпер ім самім патрэбна дапамога. Але далёка не ўсе яе атрымліваюць. Многія дзеці лічаць, што клапаціцца аб састарэлых павінна дзяржава. Таму наспела неабходнасць вынесці пытанне на заканадаўчы ўзровень і прапісаць норму, што дзеці павінны несці адказнасць за сваіх пажылых і нямоглых бацькоў.

— Якія дадатковыя меры неабходныя па абслугоўванні дома для паляпшэння якасці жыцця пажылых грамадзян. Што неабходна зрабіць нашым сацыяльным установам, каб вам было больш камфортна? — звярнулася да ўдзельнікаў сустрэчы Тамара Красоўская.

Ветэран працы са Слуцка Галіна Уладзіславаўна расказала, што да яе, як грамадскай актывісткі, зямлячкі часта звяртаюцца па наступным пытанні. Цяпер жанчыны выходзяць на пенсію ў 58 гадоў, а абслугоўвацца ў тэрытарыяльных цэнтрах маюць права з 60. «А калі жанчына хворая, здароўе не дазваляе займацца хатнімі справамі, хадзіць у краму. Якім чынам магчыма змяніць сітуацыю?», — хвалюе яе.

Сапраўды, пытанне заслугоўвае ўвагі, паколькі пенсійны ўзрост павышаецца. Думаю, у найбліжэйшы час вынесем пытанне на заканадаўчы ўзровень, рэзюмавала Тамара Красоўская.

Ніна Аляксееўна з Беразіна пацікавілася, ці можна пашырыць пералік паслуг для старых, якія пражываюць у сем'ях. У многіх з іх сваякі ездзяць на работу ў Мінск, працуюць вахтавым метадам, рана выязджаюць з дому і позна вяртаюцца назад. Старыя людзі застаюцца адны. І далёка не ўсе могуць сябе абслужыць. Ёсць і нядобрасумленныя сем'і, дзе раўнадушна адносяцца да патрэб састарэлых.

Калі пажылому чалавеку не надта камфортна ў сям'і, ён можа некаторы час пажыць у сацыяльных установах. Ставіцца пытанне аб магчымым яго пражыванні два месяцы і больш. Сёння таксама пашыраецца пералік паслуг, якія сацыяльны работнік можа аказаць па запыце грамадзян.

Раіса Канстанцінаўна жыве ў аграгарадку Вязынь Вілейскага раёна. Сорак пяць гадоў выкладала дзецям гісторыю і беларускую мову, была дырэктарам мясцовай школы. «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дапамагае пажылым людзям актыўна ўключацца ў грамадскае жыццё. Асабіста я ўдзячная яго работнікам, што асвоіла камп'ютар. Мы адукаваныя людзі. І хоць нарадзіліся ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, павінны ісці ў нагу з часам. Карыстаемся кнопачнымі мабільнымі тэлефонамі, але хочацца, каб нам дапамаглі асвоіць новыя, сучасныя айфоны, смартфоны, каб можна было звязацца з дзецьмі, унукамі, якія жывуць у іншай мясцовасці. Не проста пагутарыць, пацікавіцца іх справамі, але паглядзець на іх, заглянуць у вочы, — выказала пажаданне жанчына.

Школа валанцёраў

Многія пажылыя людзі наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання. Ім тут заўсёды цікава, бо ёсць дзе прымяніць свае здольнасці, таленты. Такія магчымасці дае ўдзел у музыкальных, танцавальных групах, гуртках па інтарэсах, дзе яны займаюцца шыццём, вышываннем, вязаннем, макрамэ, пляценнем розных вырабаў з саломкі. Але гэтыя гурткі платныя. Варта было б падумаць над тым, каб зрабіць іх бясплатнымі, а прадукцыю прадаваць і за выручаныя грошы набываць матэрыялы для работы. Гучала і такая прапанова.

Як паказала сустрэча, пажылыя людзі ўжо не тыя, што былі гадоў 20—30 таму. Яны не хочуць сядзець дома, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах, мастацкай самадзейнасці, шматлікіх грамадскіх аб'яднаннях па інтарэсах. Напрыклад, Софія Кот, якая наведвае аддзяленне дзённага знаходжання Смалявіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, прывезла на форум выстаўку сваіх работ. «Мне 82 гады, але не развітваюся са сваім хобі — вяжу шыдэлкам, вышываю карціны. Атрымліваю ад гэтага асалоду, што падтрымлівае інтарэс да жыцця. А гэта залог даўгалецця», — кажа Софія Андрэеўна.

— Софія Андрэеўна вельмі нераўнадушны, няўрымслівы чалавек, яна бывае на ўсіх нашых выстаўках, мерапрыемствах, не толькі дае майстар-класы наведвальнікам аддзялення, але і перадае свой вопыт, уменне ўсім ахвотным, моладзі. Незаменны яе памочнік і муж, які суправаджае сяброўку па жыцці на ўсіх мерапрыемствах, — адзначыла дырэктар Цэнтра Анастасія Бутар.

Яшчэ адно пажаданне, каб у аддзяленнях дзённага знаходжання была медсястра, якая б пасля заняткаў, дапусцім, на трэнажорах, памерала ціск.

«Сапраўды, актуальная заўвага, — пагадзілася з суразмоўнікамі Тамара Красоўская. — Да 2017 года была прадугледжана пасада медработніка, які пры неабходнасці мог аказаць пярвічную дапамогу. Гэтае пытанне адпрацуем на заканадаўчым узроўні».

Апошнім часам на Міншчыне вельмі запатрабаваны валанцёрскі рух. У ім удзельнічае звыш 500 валанцёраў сярэбранага ўзросту, якія аказваюць дапамогу па прынцыпе «роўны роўнаму». У Жодзіне група валанцёраў «Аптымісты» працуе з 2013 года. Прадстаўнікі горада расказалі, што пажылыя людзі сумесна з моладдзю аказваюць дапамогу састарэлым, інвалідамі, дзецям-сіротам, уразлівым катэгорыям грамадзян, працуюць у экалагічным кірунку. На жаль, у заканадаўстве Беларусі не абазначана такое паняцце, як валанцёрская дзейнасць. Ці плануецца прыняцце адпаведнага нарматыўнага акта?

Праект закона аб валанцёрскай дзейнасці знаходзіцца ў першым чытанні ў парламенце, канстатавала Тамара Красоўская. Таму яшчэ не позна ўносіць у яго свае прапановы.

Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы выказаліся за тое, каб у Мінскай вобласці арганізавалі школу валанцёраў, дзе б яны маглі сабрацца тэрытарыяльна разам, абмеркаваць дасягненні, павучыцца, паўдзельнічаць у абласных мерапрыемствах, акцыях.

Старшыня гарвыканкама Жодзіна Дзмітрый Заблоцкі падтрымаў ініцыятыву і паабяцаў аказаць садзейнічанне. Усе прапановы, што прагучалі на форуме, будуць абагульнены і разгледжаны на VІ Усебеларускім народным сходзе.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота ktzszmoik.gov.by

Загаловак у газеце: Да ста гадоў жыць без старасці

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.